Ваенныя паабяцалі больш не забіваць вужоў і жаб
Пра гэта гаворыцца ў адказе Мінабароны на зварот прыродаахоўнай грамадскай арганізацыі «Ахова птушак Бацькаўшчыны».
Прыродаахоўная грамадская арганізацыя «Ахова птушак Бацькаўшчыны» атрымала адказ ад Узброеных сіл Рэспублікі Беларусь пасля скандалу, калі дэсантнікі разрывалі вужоў і жаб на вачах у дзяцей.
На сайце арганізацыі паведамляюцца падрабязнасці перапіскі з абаронным ведамствам.
Як прыродаахоўная арганізацыя, АПБ звярнулася ў Міністэрства абароны з просьбай спыніць такую практыку, і ў УУС Брэста з просьбай правесці праверку па факце жорсткага абыходжання з жывёламі.
«Паводле Крымінальнага кодэксу Рэспублікі Беларусь жорсткае абыходжанне з жывёламі ў прысутнасці малалетніх — гэта злачынства. У адпаведнасці з артыкулам 339/1 «Жорсткае абыходжанне з жывёлай». Такія выступы падрываюць аўтарытэт арміі і настройваюць грамадзян Беларусі ў адносінах да яе негатыўна. Ёсць шмат іншых спосабаў баявой і псіхалагічнай падрыхтоўкі салдат. На публічных мерапрыемствах сваю сілу можна прадэманстраваць, не выяўляючы жорсткасць у адносінах да жывёл як да загадзя больш слабых і бяскрыўдных істотаў. Просім прыняць меры для недапушчэння ў будучыні падобных выпадкаў дыскрэдытацыі Узброеных Сіл Рэспублікі Беларусь і парушэнні заканадаўства па ахове і абароне жывёл Рэспублікі Беларусь вайскоўцамі», — гаварылася ў лісце АПБ.
У адказе з Узброеных сіл Рэспублікі Беларусь за подпісам Камандуючага сіламі спецыяльных аперацый Узброеных сіл генерал-маёра У.І. Дзенісенка гаворыцца аб абяцанні «выпрацаваць меры па недапушчэнні ў далейшым парушэння заканадаўства аб ахове і абароне жывёл».
Таксама са свайго боку выступіла Міністэрства прыродных рэсурсаў, якое нагадала, што адзін з асноўных прынцыпаў аховы і выкарыстання аб'ектаў жывёльнага свету і асяроддзя іх пражывання — прынцып гуманнасці, у адпаведнасці з якім карыстанне аб'ектамі жывёльнага свету дазволена спосабамі, якія не дапускаюць жорсткага абыходжання з дзікімі жывёламі .
Пасля звароту АПБ у Мінпрыроды, Брэсцкі абласны камітэт прыродных рэсурсаў пры падтрымцы камандавання той самай брыгады, якая разрывала вужоў, правялі вучобу па папярэджанні такіх выпадкаў для палявых камандзіраў з розных абласцей Беларусі.
АПБ са свайго боку дзякуе ўсім людзям, якія звярнулі ўвагу на гэты факт з жорсткага абыходжання з жывёламі, надалі яму агалоску і напісалі свае заявы ў дзяржорганы.
— Мы спадзяемся, што гэтая сітуацыя здарылася ў Беларусі ў першы і апошні раз! — гаворыцца ў паведамленні грамадскай арганізацыі.
Паводле «Салідарнасці»