Вадзім Бойка: «Пасля майго арышту бацька не можа размаўляць»
Вадзіма Бойку нечакана вызвалілі з-пад варты за тыдзень да разгляду апеляцыі на вырак. Ён упершыню расказвае пра закрыты судовы працэс. У прычынах узяцця пад варту, судзе і прыгаворы Бойка бачыць палітыку.
Вадзіма Бойку, які быў асуджаны на
чатыры гады пазбаўлення волі, выпусцілі з жодзінскага СІЗА пад падпіску аб
нявыездзе ўдзень 10 чэрвеня. Яго асудзілі за здарэнне, якое адбылося ўлетку
2014 году. Паводле вэрсіі следчых, група фанатаў ФК «Партызан» спыніла
тралейбус, у якім ехалі фанаты ФК «Тарпэда Менск». Потым фанаты «Партызана» разбілі
ў тралейбусе шыбу, распылілі ў салёне слезацечны газ, а таксама ўчынілі бойку.
Першапачаткова выпадак не атрымаў розгаласу, усе затрыманыя былі адпушчаныя.
Аднак пасля таго, як справай занялася Галоўнае ўпраўленне барацьбы з арганізаванай
злачыннасцю і карупцыяй, яе давялі да суду, а дзеянні футбольных фанатаў
расцанілі як асабліва злоснае хуліганства.
У выніку шасцёра фанатаў ФК «Партызан» атрымалі розныя тэрміны зняволення: Ілля Валавік — 10 гадоў пазбаўлення волі, Філіп Іваноў і Вадзім Бойка — па 4 гады, Дзмітры Ціхановіч — 6 гадоў, Арцём Краўчанка і Вадзім Чартовіч (іх дадаткова абвінавачвалі ў незаконным вырабе і збыце наркотыкаў) — па 12 гадоў.
«Радыё Свабода» сустрэлася з Вадзімам Бойкам напярэдадні разгляду апеляцыі ў ягонай справе. Хлопец прызнаецца, што на судовае пасяджэнне прыйдзе з сабранай торбай і гатовы вярнуцца за краты.
Нечаканае вызваленне
«Нечакана мяне вызвалілі, папраўдзе. 9 чэрвеня паклікалі на зборны пункт. Сказалі ісці на выхад з рэчамі. Я думаў, што ў іншую камеру проста. Бо з адміністрацыяй дыялог не склаўся, — расказвае Вадзім Бойка. — А яны на зборны пункт. Гэта месца, дзе ўсе рэчы аглядаюць, калі ў турму прывозяць. І кажуць: вызваляем цябе. Рэчы перагледзелі, раздзецца прымусілі. Я думаў, што жартуюць. Чатыры гады ж сядзець мне, куды я пайду?»
Навіна пра вызваленне 9 чэрвеня насамрэч аказалася няпраўдай — пасля агляду рэчаў Вадзіму загадалі апрануцца і адвялі назад у камеру. На наступны дзень працэдура паўтарылася, але ў выніку Бойка замест камеры апынуўся з іншага боку брамы жодзінскага СІЗА. З яго ўзялі падпіску аб нявыездзе і адпусцілі да разгляду апеляцыі. Амаль роўна на тыдзень.
Хлопец меў пры сабе крыху грошай, звязаўся са знаёмымі ў Жодзіне. Пасля сеў у маршрутку і прыехаў дадому. «Усе ўзрадаваліся. Слёзы былі. Нечакана вельмі», — гаворыць Бойка. Аб прычынах вызвалення ён толькі здагадваецца. Магчыма, суддзя, які разглядае апеляцыю, вырашыў зрабіць усё паводле закону. А там пазначана, што без уступлення прысуду ў сілу чалавека можна трымаць пад вартай ня больш за тры месяцы.
Пра суд, які праходзіў у закрытым рэжыме, Вадзім Бойка расказаць амаль нічога не можа — усе фігуранты справы давалі падпіску аб невыдаванні.
«Па-мойму, гэта быў цырк. Павесілі на нас шыльды нейкіх экстрэмістаў. Я вось зараз вызваліўся, вырашыў паглядзець каментары ў інтэрнэце. Там нас экстрэмістамі называюць, тэрарыстамі. Удзельнікамі незаконнай арганізацыі, — скардзіцца Вадзім. — Я не лічу сябе такім. Я проста хачу жыць, як усе людзі. Працаваць, плаціць падаткі».
Бойка гаворыць, што на судзе ніводны з прызнаных пацярпелымі не прад’явіў прэтэнзіяў абвінавачаным. Больш за тое, пацярпелыя прасілі суддзю абвінавачаных вызваліць. Сярод шараговых пасажыраў тралейбуса пацярпелых таксама не знайшлося. Персанальна Бойку абвінавачвалі толькі ў разбіванні шыбы тралейбуса, але яе цана склала ўсяго 29 рублёў і была кампенсаваная да суду. У тралейбуснага парку прэтэнзіяў пасля гэтага таксама не было.
Чытайце таксама:
Інавацыйнасць у рэпрэсіях. Справа антыфашыстаў
«Афіцыйныя
СМІ пісалі пра нас, як пра псеўдаантыфашыстаў. Што нас было 40 чалавек, што мы
сабраліся і на 10 аўтамабілях паехалі некага біць. Насамрэч гэта было не так,
— расказвае пра падзеі 29 чэрвеня 2014 года Вадзім. — І тралейбус ніхто не блакаваў, ён спыніўся сам. Кіроўца тралейбуса гэта
на адкрытым працэсе прызнаў. Нас было нашмат менш, чым 40 чалавек. І
аўтамабіляў, здаецца, было толькі пяць. Гэта максімум. Проста мы сустрэліся з
апанентамі. Адбылася, так бы мовіць, сварка. Жаданне пабіцца за свае ідэі было
ўзаемным. Мы нікому з выпадковых людзей не хацелі прычыніць шкоды».
Амбіцыі, юнацкі максімалізм і палітыка
За месяц да здарэння ў тралейбусе Вадзіму Бойку споўнілася 18 гадоў. «Амбіцыі ігралі, нервы. Магчыма, юнацкі максімалізм быў у крыві. Гэта памылкі маладосці. Я не хачу, каб яны паўплывалі на маю будучыню. Хоць гэта ўжо паўплывала. Невядома, як складзецца жыццё пасля адседкі. У нас будуць праблемы з працай, з міліцыяй», — гаворыць Вадзім Бойка.
У прычынах узяцця пад варту, судзе і прыгаворы Бойка бачыць палітыку. Кажа, што на фоне нарастання нестабільнасці, вулічных акцыяў, надыходзячага Дня Волі трэба было прыструніць самых актыўных футбольных фанатаў. «Працавалі на будучыню. Ужо калі мы знаходзіліся ў СІЗА, у Менску адбылася вельмі падобная гісторыя, — расказвае Бойка. — Сутычка паміж фанатамі „Слуцку“ і „Гарадзеі“. Там таксама быў распылены газ, таксама бойка была ў тралейбусе, міліцыя шукала пацярпелых, але справа скончылася нічым, ніхто за краты не трапіў. Думаю, таму, што там газ распылілі фанаты „Слуцку“ з правымі поглядамі. А на нас, антыфашыстаў, чамусьці вырашылі націснуць».
Затрымалі Вадзіма Бойку праз два гады пасля бойкі ў тралейбусе. Міліцыянты прыйшлі дадому ў 7.20 раніцы і, прадставіўшыся, пагрукалі ў дзверы з загадам адчыніць. Бойка адчыніў, яго тут жа паклалі тварам у падлогу і пачалі ператрус. «Шок быў. Для бацькоў асабліва, для суседзяў. Бацька — інвалід, пасля інсульту, і для яго гэта стала вельмі моцным выпрабаваннем, ён перастаў размаўляць. Ужо ішоў на папраўку, усё было добра... Я вось зараз вярнуўся дадому, а бацька дагэтуль не гаворыць», — расказвае Бойка.
Увесь час пасля затрымання ён правёў у СІЗА на Валадарцы. Але незадоўга перад Днём Волі камеры пачалі масава вызваляць.
«Недзе 23 чысла пачалі людзей з камеры ў камеру на Валадарцы раскідваць. Вызвалялі месцы для затрыманых на Дзень Волі. Ад 100 да 200 чалавек у той дзень вывезлі ў Жодзіна. Мяне таксама, з Валавіком (яшчэ адзін фігурант справы фанатаў ФК „Партызан“)», — гаворыць Бойка.
Сустрэча з фанатамі «Дынама Мінск»
У СІЗА Жодзіна ўмовы былі больш спартанскімі. Без тэлевізараў, з мінімумам выгодаў. Толькі сцены, нары, стол з лавамі. Раз на тыдзень прыносілі газету «СБ». Кнігі толькі з турэмнай бібліятэкі, у асноўным расейская класіка. «Але я меў пры сабе Оруэла, мне змаглі перадаць яшчэ да суду. Перачытваў „1984“», — дзеліцца Вадзім.
Па іроніі лёсу, фаната ФК «Партызан» і прыхільніка антыфашысцкіх поглядаў Вадзіма Бойку ў жодзінскім СІЗА чакала сустрэча з фанатамі сталічнага «Дынама», вядомымі сваімі правымі поглядамі. «Стараліся з імі падтрымліваць сяброўскія стасункі. Хоць погляды на жыццё ў нас розныя, розная ідэалогія. Мы і пра гэта гутарылі. Цікава было абмеркаваць чужыя погляды. Але я не дамогся адказаў на свае пытанні», — гаворыць Бойка.
Хлопец прызнаецца, што нават прыкладна не ўяўляе, якім будзе вынік разгляду апеляцыі. «Я за разбітае шкло ўжо адсядзеў за кратамі год і тры месяцы. Навошта яшчэ на два гады і дзевяць месяцаў мяне там трымаць? Гэта глупства. Хай адправяць на хімію так званую, каб я мог адпрацаваць, падаткі плаціў бы, — гаворыць Вадзім. — Хачу толькі перадаць праз вас, што мы ніякія не экстрэмісты і не тэрарысты. Мы звычайныя хлопцы і не ўяўляем для грамадства небяспекі».