Ва Украіне шырока адзначаецца 500-годдзе перамогі пад Воршай

Дэлегацыя Партыі БНФ на чале з намеснікам старшыні партыі Ігарам Ляльковым на запрашэнне ўкраінскіх партнёраў возьме ўдзел у сьвяткаванні 500-х угодкаў слаўнай перамогі пад Воршай ва Украіне. 



pieramoha1.jpg

Кульмінацыяй адзначэньня юбілею будуць імпрэзы 6-8 верасня адразу ў пяці гарадах сучаснай Украіны, у якіх жыў род Астрожскіх - Роўна, Астрог, Дубна, Стараканстанцінаў і Наваград-Валынскі. З праграмай святочных мерапрыемстваў у розных гарадах Украіны можна азнаёміцца на адмысловым сайце «500-річчя перемоги під Оршею».
Як адзначыў намеснік старшыні Партыі БНФ Ігар Лялькоў, юбілей бітвы пад Воршай адзначаецца ва Украіне на высокім узроўні: «Праграма святкаванняў вельмі насычаная: афіцыйныя мерапрыемствы з удзелам дзяржаўных асобаў, культурніцкія і гістарычна-краязнаўчыя імпрэзы, канцэрты, усталяваньне памятных знакаў, дыскусіі палітыкаў і гісторыкаў. Перамога пад Воршай надоўга спыніла прасоўванне маскоўскай навалы на тэрыторыі нашых краінаў. Але і цяпер, праз 500 год, стары  вораг ізноўку ўздымае галаву: значнасць адзначэння слаўнай перамогі ў сённяшняй Украіне павялічваецца ў святле той агрэсіі, якую чыніць Масква цяпер на Данбасе. Вельмі прыкра, што ўлады сучаснай Беларусі не бяруць з суседзяў прыклад годнага святкавання важнай гістарычнай даты. Партыя БНФ лічыць ганебнай забарону Аршанскім райвыканкамам масавых мерапрыемстваў і канцэрту з нагоды юбілея ў самой Воршы і на Крапівенскім полі» — сказаў Ігар Лялькоў.
У Роўна агульнагарадское святкаванне пачнецца 7 верасня ў 10-00 з адкрыцця «Кірмашу майстроў», паралельна пачнецца круглы стол «Украінская ментальнасьць, місія і светапогляд вачыма творцаў». У абласным краязнаўчым музеі будуць прэзентаваныя карціна «Перамога пад Воршай» і кнігі Кацярыны Ліпы ды Віргініюса Строля, пазней пройдзе прэзентацыя «Альманаха валынскай кухні», разам з якой будзе адбывацца дэгустацыя ежы. Пасля абеду ў Роўна святочна адкрыюць мемарыяльны знак Канстанціну Астрожскаму, адбудзецца фінал турніру па стральбе з лука. Увечары пачнецца святочны дабрачынны канцэрт, які скончыцца вогненным шоў.
У Астрогу святкаванне пачнецца на дзень раней — раніцай 6 верасня. На замкавай гары пройдзе першы этап турніру па стральбе з лука. Па яго заканчэнні на цэнтральнай плошчы сустрэнуцца афіцыйныя дэлегацыі Беларусі, Польшчы і Літвы. Амбасадары, гараджане ды іншыя прысутныя ўскладуць кветкі да помніку князям Астрожскім. У краязнаўчым музеі (былым замку князёў Астрожскіх) пройдзе некалькі прэзентацыяў. У нацыянальным унівэрсітэце «Астрожская акадэмія» адбудзецца круглы стол экспертаў «Перамога пад Воршай і сучасныя перспектывы балта-чарнаморскага альянсу». А ўвечары на замкавай гары пачнецца вялікі фэст ОСТРОГSESSION. У вечаровую праграму ўключаныя выставы, канцэрт этна-, джаз-, блюз-, фолк-музыкі, майстар-класы рамёстваў, кірмаш майстроў, кулінарныя дэгустацыі.
У Дубна мерапрыемствы пройдуць таксама 6 верасня. Яны пачнуцца а 10-00 з канцэртнай праграмы пад назвай «Рэзідэнцыя князёў Астрожскіх» і адкрыцця выставы па выніках міжнароднага плэнэру мастакоў. Далей уся праграма будзе арыентаваная на рэстаўрацыю побыту тых часоў: строі, рамёствы, сярэднявечныя танцы, стральба з лука. Кульмінацыя рэканструкцыі — выступ лірнікаў і турнір «Кубак князёў Астрожскіх». Увечары музыкі абласной філармоніі выканаюць творы кампазытараў 16-17 стагодзьдзяў, пройдзе дэгустацыя валынскай кухні, а таксама тэатральная імпрэза «Духі і легенды Дубенскага замка».
У Стараканстанцінаве запланаваныя спецыяльныя школьныя ўрокі, круглыя сталы, мастацкія выставы, прэзентацыі фільмаў ды шмат іншых мерапрыемстваў.
Прэсавая служба Партыі БНФ