Ужо і шыльды замянілі. «МакДональдс» афіцыйна пераўтварыўся ў «Mak.by» (фота)
Былы «МакДональдс», які так і не стаў «Смачна — і кропка», усё ж змяніў назву. Новай назвай былой амерыканскай франшызы стала «МАК.by». Пра гэта паведамляе фуд-блогер «Мярзотны Какабай».
«Гістарычны момант: Мы адкрыты — цяпер афіцыйна «Мак.by», сайт таксама памяняў імя на Mak.by!» — напісаў фуд-блогер.
У якасці доказу
ён апублікаваў фота работ па змене шыльды ў рэстаране на месцы былога «МакДональдс» на мінскім праспекце Незалежнасці.
Як паведамлялася
раней, заяўку на рэгістрацыю таварнага знака «МАК.by» ў пачатку красавіка
падало «КСБ Віктары рэстараны». Яна размешчана ў базе даных
Нацыянальнага цэнтра інтэлектуальнай уласнасці.
Раней назву «Мак.by» згадваў Аляксандр Лукашэнка, нагадвае «Л*стэрка». Выступаючы 31 сакавіка з
пасланнем народу Беларусі, ён паскардзіўся, што яму даводзіцца займацца
няпрофільнымі пытаннямі.
— Вы ведаеце,
калі я пачынаю распыляцца вось па гэтым пытанні, калі прэзідэнту трэба
ўмешвацца і вучыць то таму, то гэтаму, то яшчэ там «МакДональдс» нейкі
перарабляць у «Мак.by» ці яшчэ ў нешта — у мяне кроў закіпае! Вы ж хочаце быць
суверэннымі, незалежнымі. Як жа вы будзеце суверэннымі і незалежнымі, калі вы
не бачыце, што дзеецца ў вас пад нагамі? — разышоўся Лукашэнка.
Як стала вядома
11 лістапада мінулага года, «МакДональдс» сыходзіць з беларускага рынку. Было
абвешчана, што яго месца зойме расійская сетка фастфуда «Смачна — і кропка»,
адкрытая ў памяшканнях «МакДональдс» пасля яго закрыцця ў Расіі.
Меркавалася, што
рэстараны пад брэндам «Смачна — і кропка» пачнуць працаваць у Беларусі
22 лістапада. Але 18 лістапада, каментуючы сыход амерыканскай сеткі фастфуда, Лукашэнка заявіў, што яго месца павінны заняць беларускія прадпрыемствы і
вытворцы.
А раніцай 28 лістапада
рэстараны пачалі працу без шыльдаў «МакДональдс» або «Смачна — і кропка». З тых
часоў установы юрыдычный асобы «КСБ Віктары рэстараны» працавалі пад
незразумелым брэндам «Мы адкрыты», аднак з новым меню, якое не ўсім прыйшлося
даспадобы.
12 снежня Лукашэнка заявіў, што «МакДональдс» цяпер — «наша прадпрыемства». «Не
захацелі амерыканцы ці хто там працаваць, то як хочаце, нашы людзі не
дурнейшыя», — сказаў ён. Чыя канкрэтна цяпер гэта кампанія, палітык не
ўдакладніў. Пры гэтым ён таксама казаў пра нацыяналізацыю кампаній, «гаспадары
якіх сышлі».
Аднак уладальнікі
сеткі, мяркуючы з адкрытых звестак, засталіся на момант гэтай заявы Лукашэнкі ранейшымі.
А 5 студзеня гэтага года стала вядома, што «МакДональдс» спыніў працу таксама і ў Казахстане праз абмежаванні ў пастаўках мяса для бургераў з Расіі.