Усё вышэй, вышэй і вышэй
Пасля таго, як беларуская ўлада нарэшце вымушана, з патугамі, з адцягамі, але вырашыла дазнацца пра рэальны курс беларускага рубля, насельніцтва было шакаванае.
Шакаванае не тым, што на дадатковай сесіі валютнай біржы долар пераскочыў за 8.500 беларускіх рублёў. Зусім не. Шакаванае хутчэй тым, што нашая ўлада ўспрыняла гэта як загад да дзеянняў. І пачала
дзейнічаць у сваім стылі. Дакладней, нават не ў сваім, а ў стылі Астапа Бэндэра, які ведаў не адну сотню «параўнальна чэснага забірання грошай у насельніцтва».
Пасля таго, як беларуская ўлада нарэшце вымушана, з патугамі, з адцягамі, але вырашыла дазнацца пра рэальны курс беларускага рубля, насельніцтва было шакаванае.
Шакаванае не тым, што на дадатковай сесіі валютнай біржы долар пераскочыў за 8.500 беларускіх рублёў. Зусім не. Шакаванае хутчэй тым, што нашая ўлада ўспрыняла гэта як загад да дзеянняў. І пачала
дзейнічаць у сваім стылі. Дакладней, нават не ў сваім, а ў стылі Астапа Бэндэра, які ведаў не адну сотню «параўнальна чэснага забірання грошай у насельніцтва».
У Беларусі 20 верасня павышаныя адпускныя цэны на хлеб, малочную прадукцыю і мяса.
«Дадаткова з 20 верасня павышаюцца максімальныя адпускныя цэны на хлеб жытні пшанічна-аржаны, батоны і булачкі з пшанічнай мукі няздобныя развесам 300 грамаў і больш, малако каровіна
пастэрызаванае і кефір з каровінага малака тлустасцю да 3,5% уключна, смятану тлустасцю да 25% уключна, тварог тлустасцю да 9% уключна без смакавых дабавак і напаўняльнікаў — да 10%. На
ялавічыну патушную (у паўтушах і чвэртках), свініну патушную (у тушах і паўтушах), буйнакускавы мяса-косны паўфабрыкат у выглядзе водрубаў са свініны — да 20%», — гаворыцца
ў пастанове Мінэканомікі №153 ад 19 верасня 2011 года.
Нагадаем, адпускныя цэны на хлеб і малочную прадукцыю павялічваліся на 5% у пачатку верасня, на мяса на 10% — у канцы жніўня. То бок, прыблізна за месяц (калі лічыць па днях) адпускныя цэны
павялічваліся тры разы!
Папярэдняй пастановай Мінэканомікі за № 152 былі павышаныя рознічныя цэны на тытунёвыя вырабы — зноў з 20 верасня. На 10–40%. Цэны на цыгарэты вытворчасці ДТФ
«Нёман» «Карона» павышаны на 23% (да 2 950 рублёў за пачак), «Мінск» і «Прэм’ер» — на 29% (2 650),
«Glamour» — на 42% (5 400), «Kent» — на 40%
(7 000), «Lucky Strike» — на 41% (5 500), «Monte Carlo Super Slims» і «Pall Mall» — на 28,5% (4 500). Цыгарэты вытворчасці
мінскага прадпрыемства «Тытунь Інвест» «Camel» даражэюць на 36% (да 6 800), «Monte Carlo» — на 28% (4 500), «Winston»
— на 41% (5 500).
Не адстаюць ад родных чыноўнікаў, якія павінны забяспечваць стабільнасць «крыштальнага сасуда», і камерцыйныя арганізацыі. Мабільны аператар velcom абвясціў пра павышэнне з 16
кастрычніка цэн на паслугі сувязі на 7%. Як паведаміла прэс-служба ЗП «Велком», пры гэтым тарыфы на выклікі і дадатковыя паслугі будуць акруглены да аднаго рубля згодна з правіламі
арыфметычнага акруглення, тарыфы на разавыя ўзносы і спецыяльныя паслугі — да 10 рублёў.
Варта адзначыць, што Беларусь стала лідарам па росце спажывецкіх цэн сярод асобных краін СНД (Расія, Казахстан, Украіна).
Паводле звестак Белстата, у жніўні ў параўнанні са снежнем 2010 года ў Беларусі цэны ўзраслі на 53,6%, ва Украіне — на 4,1%, у Казахстане — на 5,9%, Расіі — на 4,7%. У
жніўні ў параўнанні з ліпенем у Беларусі рост спажывецкіх цэн склаў 8,9%, Казахстане — 0,3%. У Расіі адбылося зніжэнне цэн на 0,2%, ва Украіне — на 0,4%.
Вось табе і «беларускі цуд». Калі ў нас цэны растуць больш чым на паўсотні працэнтаў, у суседніх краінах не дацягваюць і 6 (Казахстан). Што, мы будзем у такіх умовах святкаваць
«Дажынкі»? Ды нам трэба проста завязаць рот і маўчаць у анучку, а не ганарыцца сваім асаблівым «шляхам развіцця». Прасцей, пэўна, пры такіх раскладах набыць
пісталет ды застрэліцца, чым набыць мяса кілаграмаў дзесяць.
Нагадаю яшчэ адну ключавую папярэднюю фразу: «Паводле звестак Белстата». Гэта значыць — толькі паводле звестак афіцыйнага статыстычнага агенцтва. А калі б нашу сітуацыю
ацанілі незалежныя эксперты?
З незалежнымі экспертамі праблема. Не таму, што яны такія кепскія. Проста згадваецца анекдот часоў Брэжнева: «Чаму ў краіне няма мяса? — Мы ідзем да камунізму сямімільнымі крокамі.
Скаціна за намі не паспявае».
Міжнародны валютны фонд знізіў ацэнку тэмпаў росту валавога ўнутранага прадукту Беларусі ў 2011–2012 гадах. У адпаведнасці з новым прагнозам, які прыведзены ў абноўленым штогадовым
дакладзе фонду «Перспектывы развіцця сусветнай эканомікі», гэты паказчык у Беларусі складзе 5% у 2011 годзе (раней планавалася 5,5%) і 1,2% у 2012-м (раней 1,4%). На думку
МВФ, інфляцыя ў Беларусі складзе ў 2011 годзе 65,3%. Але ў гэтай лічбе не ўлічана падаражанне хлеба, малака, мяса, цыгарэт на гэтым тыдні.
Дарэчы, пра валюту. Што нашае чыноўніцтва ўмее і любіць рабіць, дык гэта валюту траціць. Група беларускіх чыноўнікаў накіравалася ў Вашынгтон. У склад дэлегацыі ўвайшлі: міністр эканомікі Мікалай
Снапкоў, міністр фінансаў Андрэй Харкавец, начальнік галоўнага ўпраўлення знешнеэканамічнай дзейнасці Нацбанка Аляксей Лясны, намеснік начальніка галоўнага ўпраўлення міжнароднага супрацоўніцтва і
гандлю, начальнік упраўлення знешнеэканамічнай дзейнасці апарату Савета міністраў Генадзь Мядзведзеў. Мэта камандзіроўкі не названа.
Разам з тым вядома, што гэтымі днямі ў Вашынгтоне адбудзецца штогадовы сход кіраўнікоў Міжнароднага валютнага фонду і Сусветнага банка.
Урад і Нацбанк Беларусі разлічваюць на новую праграму крэдытнага супрацоўніцтва з МВФ. «Папярэдне вызначалася сума крэдыту ў 5–8 мільярдаў долараў. Але, магчыма, нам такія грошы і
не запатрабуюцца. Гэта будзе залежаць ад таго, як МВФ ацэніць нашы дзеянні», — заявіла Ермакова 17 верасня, дадаўшы, што фонд ужо ўхваліў апошнія дзеянні ўрада па выхаду на адзіны
курс.
Але ж «не хлебам адзіным». 20 верасня ў межах 18-й сесіі Савета па правах чалавека ў Жэневе быў заслуханы даклад Вярхоўнага камісара ААН па правах чалавека аб сітуацыі ў Беларусі.
Сутнасць даклада зводзілася да таго, што сітуацыя з правамі чалавека пасля прэзідэнцкіх выбараў 2010 года пагоршылася. У дакуменце ўтрымліваецца шэраг рэкамендацый урада Беларусі. Галоўная
рэкамендацыя — неадкладна і без усякіх умоў вызваліць палітычных апанентаў, дэмакратычных актывістаў і журналістаў, якія не ўдзельнічалі ні ў якіх гвалтоўных акцыях. Вярхоўны камісар ААН па
правах чалавека рэкамендуе ўладам правесці ўсебаковае і аб’ектыўнае расследаванне акалічнасцяў, пры якіх гэтыя людзі былі затрыманыя, і расследаваць усе выпадкі катаванняў, аб якіх заяўлялі
зняволеныя.
МВФ вельмі не любіць даваць крэдыты тым, хто парушае фундаментальныя правы чалавека, а тым больш — законы эканомікі.