Усім украінцам трэба стаць трохі грузінамі
Калі б я быў схільны да перабольшанняў, я б сказаў, што другая па велічыні народнасць ва Украіне — гэта грузіны. Насамрэч я пакуль сустракаў усяго пецярых. У тым ліку Мамуку Мамулашвiлi.
Грузіны абверглі маё ўяўленне пра сябе, як пра маленькi народ, дзе ўсе знаёмыя. Ніхто з іх не ведаў маіх сваякоў, якія жывуць у Тбілісі, і адзін аднаго («Ваха? Хто такі Ваха? Бесо? Які такі Бесо?»). Але тое, што ўсе яны былі гарачымі патрыётамі Украіны, гэта дакладна. Адзін з іх тут жа паспрабаваў падарыць мне новую куртку «Mexx» са свайго пляча, прыняўшы за байца, які вярнуўся з фронту, і ў выніку аддаў яе майму сыну, не прымаючы адмовы. Іншы падахвоціўся бясплатна дапамагчы ў вельмі важнай і няпростай справе за тое, што я «сябар украінскага народа».
Урэшце я сустрэў камандзіра «Грузінскага нацыянальнага легіёну», дабравольніцкага фарміравання, якое ваюе
на Данбасе,Мамуку Мамулашвiлi. Мамука — вялізны дабрак, касая сажань у плячах, з мяккім голасам і трохі дзіцячым выразам твару, для яго гэтая вайна
— ужо чацвёртая вайна з Расіяй, якая доўжыцца для яго ўжо дзесяць месяцаў. І на гэты раз, упэўнены Мамука, Расія
прайграе. Павінна прайграць, інакш «усё будзе Данбас».
Калі я спытаў у Мамукi, чым ён займаўся да таго, як стаць ваенным,
той, смеючыся, адказаў: «Гуляўся з цацкамі». Ён самы малады грузінскі ветэран. Пятнаццацігоддзе
Мамука адзначыў у палоне ў расейскіх вайскоўцаў у Абхазіі, куды трапіў на чатыры месяцы, пайшоўшы на вайну ўслед за
сваім бацькам, генералам Зурабам Мамулашвiлi. Потым была Чачня, потым расейска-грузінская вайна 2008 года.
Нягледзячы на такі паслужны спіс, у Мамукi дзве вышэйшых адукацыі. Міжнародным адносінам, напрыклад, ён вучыўся ў Парыжы. Быў палітычным дарадцам міністра абароны Грузіі падчас прэзідэнцтва Саакашвілі. Акрамя таго, Мамука з'яўляецца прэзідэнтам грузінскай Федэрацыі
змешаных адзінаборстваў, у прастамоўі — «баёў без правілаў».
Падчас Майдана грузінская каманда, якая выступала пад яго кіраўніцтвам на чэмпіянаце свету ў Баку, атрымала тры прызавыя месцы і выйшла атрымліваць узнагароды з жоўта-блакітнымі сцягамі ў знак
падтрымкі ўкраінцаў.
— Вы не сустракаліся па лініі «баёў без правілаў» з харкаўскім «Оплотом», сумна вядомай ва Украіне арганізацыяй, якая стала адным з апірышчаў расійскай агрэсіі на Данбасе?
— Сустракаліся, і не адзін раз. Апошні — у 2013 годзе, калі яны праводзілі ў Харкаве «чэмпіянат Савецкага
Саюза», так гэта называлася. Як зразумела з самой
назвы, мерапрыемства было не толькі, а можа, і не столькі спартовым, колькі палітычным. Яго
арганізатары імкнуліся выціснуць з байцоў, людзей, самі разумееце, не вельмі гаваркіх, максімум магчымага для прапаганды ідэі «рускага свету» пад настальгічным савецкім
соусам. У кожнага спартсмена бралі інтэрв'ю перад
боем, правакуючы яго такім чынам, каб ён прысягнуў імперскаму «адзінству».
Увогуле, ужо тады была зразумелая
агрэсіўная накіраванасць гэтай арганізацыі супраць Украіны, яны яе не хавалі, проста няма каму тады было звярнуць на гэта ўвагу. Мы не сталі ўдзельнічаць у гэтым балагане, трымаліся ў баку, у рамках спартыўнага
мерапрыемства. Але зразумець наша адмоўнае стаўленне можна было. Толькі іх кіраўнік, Яўген Жылін, думаю, ён працаваў на ФСБ, апынуўся глухаваты розумам. Да яго не дайшло. Калі пачалася ўся гэтая заварушка
ва ўсходняй Украіне, Жылін дадумаўся прапаноўваць нам у ёй паўдзельнічаць! Давай, маўляў, разам «бандэраўцаў»
біць. Зусім дурны, так? Мы яго, вядома, паслалі. Я яму сказаў, што аднойчы яго самога злаўлю і асабіста надзяру азадак. Паспрабую стрымаць сваё слова.
— А навошта вам гэта ўсё, Мамука? Байцоўскі азарт?Жаданне ўзяць
рэванш?
— Калі вы маеце на ўвазе, што
мы нейкія азлобленыя людзі, якія прыехалі забіваць рускіх з асабістай нянавісці да іх, то гэта не так, вядома. Мы, па-першае, проста моцна любім Украіну, яна ж трапіла ў
бяду праз віну Расіі, а па-другое, абараняем тут сваю ўласную краіну.
Вайна на Данбасе — гэта працяг вайны ў Грузіі, ці нават шырэй — адзін з эпізодаў вайны на прасторах былой расійскай імперыі, прасторах былога СССР, як яе інкарнацыі, якая успыхвала
ў розных месцах па адной прычыне — фантомных імперскіх боляў. Пара б ужо гэты пажар патушыць, а
імперыі — канчаткова распасціся. «Доктар сказаў у морг, значыць у морг», як той
казаў.
— Як вам здаецца, ці ёсць розніца ва ўспрыманні грузін і ўкраінцаў
Расіі?
— У нас, грузінаў, ёсць выразнае, цвёрда засвоенае ўяўленне пра Расію як пра
агрэсара. Як пра вельмі хцівага і небяспечнага ворага. Да
супраціву якому мы маральна заўсёды гатовыя. Многія ўкраінцы яшчэ не да
канца пазбавіліся ад ілюзій, у іх не выветрыліся хлуслівыя апавяданні пра братэрства. Расія калі і брат, то гэта брат Каін.
Як чалавек ваенны, я лічу, што ўкраінцам трэба навучыцца ненавідзець. У той жа час, як хрысціянін, я не магу
заклікаць да нянавісці, таму скажу так: трэба навучыцца правільнаму стаўленню
да ворага — без лішніх сантыментаў. Чым хутчэй прыйдзе гэта ўсведамленне, тым менш
ахвяр будзе, тым хутчэй скончыцца вайна. Маса, якая не вызначылася i вагаецца, стварае добрую
глебу для пашырэння прасторы вайны. Вазьміце тыя ж Харкаў і Адэсу. Чаму там грымяць выбухі?
Парадаксальным чынам, таму што там ёсць нямала людзей, якія не бачаць у Расiі ворага.
Усім украінцам варта было б стаць трохі грузінамі.
— Калі вы кажаце пра выразнае
ўспрыманне грузінамі Расіі як ворага, гаворка ідзе аб афіцыйнай пазіцыі грузінскіх уладаў?
— Не, толькі аб адчуваннях грузінаў як народа. Абсалютная большасць грузінаў падтрымліваюць Украіну і жадаюць ёй
перамогі ў гэтай нялёгкай бітве, можаце быць цалкам упэўнены ў гэтым.
У той час як цяперашнія ўлады, напрыклад, доўга не давалі прызямліцца самалёту з целам першага загінулага на Данбасе грузінскага салдата, на працягу сутак яго не прымалі ў грузінскім аэрапорце,
дванаццаць гадзінаў
прыйшлося чакаць у Ерэване. Мабыць, пыталіся ў Пуціна дазволу па тэлефоне. Або напружана прыдумлялі апраўданне перад ім. Красамоўны факт, па-мойму.
— Можа быць, вы нешта ведаеце пра Тархана Бацiрашвiлi, выхадца з Грузіі, больш вядомага пад імем Абу Умара аш-Шышанi, які ўзначальвае адну з ісламісцкіх груповак, якія ваююць у Сірыі супраць
Асада?
— Асабіста я з ім не знаёмы, нічога не магу пра яго сказаць. Але я лічу, што на той вайне грузінам рабіць няма чаго. Кожны грузін сёння павінен ваяваць ва Украіне — супраць Расіі. Яна пагражае не толькі Грузіі, але я не лічу сябе
ў праве заклікаць грамадзян іншых краін, хай кожны сам робіць свой выбар. Магу
толькі сказаць, што моцна задумацца варта было б усім народам, якія Расія запісвае ў «брацкія», і ўсім дзяржавам, чые тэрыторыі калісьці ўваходзілі ў склад расійскай
імперыі.
— Як міжнароднік, што вы думаеце з нагоды пазіцыі краін Захаду
ў дачыненні да гэтай вайны?
— Пакуль я бачу толькі выразнае жаданне ад яе адгарадзіцца, імкнуцца не заўважаць, выцесніць яе кудысьці на перыферыю свядомасці, каб не надта турбавала. У нейкім сэнсе такое стаўленне патурае далейшай агрэсіі Расіі, што можа прывесці ў выніку да росту яе апетытаў і тады канфлікт распаўсюдзіцца на іншыя еўрапейскія краіны. Гэта можа быць пагібельна, катастрафічна для Еўропы. І значная доля віны за гэтую магчымую катастрофу будзе ляжаць на ёй самой. Нельга падкормліваць чарговага фашысцкага монстра сваёй нерашучасцю. Пуцінская Расiя ад гітлераўскай Германіі можа адрознівацца ў нейкіх нюансах, але інтэлектуальна, скажам так, гэта аднолькавыя ўтварэнні. І аднолькава небяспечныя.
— Цi будзе аднолькавым iх канец?
— Я на гэты конт не маю сумневаў. Калі ж я памылюся, «усё будзе Данбас». Але ж маё сумленне будзе чыстым — я зрабіў усё, што мог, каб гэтага не здарылася. А тым, хто нічога для гэтага не зрабіў, будзе позна кусаць сабе локці.
Фота Косiмы Аттанасiё