Упершыню ў Беларусі асуджаны баявік «ДНР»
29-гадовы грамадзянін Беларусі асуджаны па ч.1 артыкула 363 КК «Удзел ва ўзброеным фарміраванні аднаго з супрацьлеглых бакоў на тэрыторыi замежнай дзяржавы, а роўна ўдзеле ва ўзброеным канфлікце, ваенных дзеяннях без ўпаўнаважання дзяржавы і пры адсутнасці прыкмет наёмніцтва».
Даказаць наёмніцтва — артыкул 133КК — суду не ўдалося.
Суд праходзіў у Віцебску за закрытымі дзвярыма. Чаму так? Бо на судзе гучала інфармацыя, распаўсюд якой абмежаваны.
Аляксей Яршоў не саромеўся выкладаць здымкі з баявых дзеянняў у сацыяльных сетках. У выніку маецца шмат фота, дзе Яршоў пазіруе з агнястрэльнай зброяй, танкамі, на фоне ўезда ў Данецк. У Беларусі ў Аляксея была жонка і дзіця.
Раней беларусаў, якія ваююць на тэрыторыі замежных дзяржаваў, маглі асудзіць толькі па артыкуле «наёмніцтва», аднак потым з ініцыятывы КДБ былі ўнесеныя змены ў Крымінальны кодэкс, у выніку чаго за кратамі могуць аказацца і тыя, хто ваюе не за грошы, а з ідэйных перакананняў.
Раней не былі вядомыя выпадкі, каб у Беларусі судзілі менавіта за ўдзел у баявых дзеяннях. Былі выпадкі, калі людзей, што ваявалі на баку Украіны, каралі, але зусім па іншых артыкулах. Тарас Аватараў за незаконны абарот і кантрабанду выбуховага прыстасавання быў прысуджаны на 5 гадоў, а Станіслаў Ганчароў за злоснае хуліганства да 7 гадоў калоніі.
Інфармацыі пра прысуды баевікам «ДНР» і «ЛНР» раней у адкрытым доступе не было.
Зміцер Панкавец, "Наша Ніва"