Уладзімір Мацкевіч чацвёрты дзень галадае ў СІЗА

Ініцыятыва ў падтрымку Мацкевіча «Філосаф у турме» пачала публікацыю правілаў яго жыцця. Сёння прапануем працяг у перакладзе на беларускую мову.

Уладзімір Мацкевіч галадае чацвёрты дзень

Уладзімір Мацкевіч галадае чацвёрты дзень

Само жыццё — гэта радасць, крыніца ўсялякіх разнастайных радасцяў, ад першых дзьмухаўцоў, да навуковых адкрыццяў. Ад перамог над ворагамі, да варкатання коткі на сваіх грудзях.
***Я называю сябе метадолагам, і калі я сябе так называю, то шмат хто кажа, што гэта незразумела і ці нельга гэта назваць неяк па-іншаму. У такіх выпадках, часам, я кажу, што я філосаф, але лепш усё ж растлумачыць, што такое метадалогія. Метадалогія займаецца даследаваннем і практыкаваннем мыслення і дзейнасці. Мы шукаем тыя месцы, тыя сітуацыі, тыя падзеі, у якіх з найбольшай напругай у дадзены момант часу б'ецца чалавечая думка, ідзем туды і спрабуем думаць і дзейнічаць разам з тымі, хто напружана думае. Часам такое напружанне думкі ўзнікае ў навуцы, часам у палітыцы, часам у кіраўніцкай дзейнасці. І вось менавіта тады там можна сустрэць метадолага. … у гэтыя пераходныя часы ад перыяду паражэнняў да перамог і запатрабаваны і патрэбныя метадолагі.
***Дрэнна чалавеку без настаўніка, ды, што казаць, і чалавекам без настаўніка не станеш. У дзяцінстве ў мяне было два дзяды. Яны вучылі мяне некалькім рэчам. Па-першае, быць самім сабой, але не насіцца з сабой як з пісанай торбай. А, па-другое, любіць Беларусь, любіць яе здалёк, з Сібіры, дзе мы тады апынуліся. Любіць яе здалёк – яшчэ ў адным сэнсе, у кантэксце свету і вялікай гісторыі. Яны абодва прайшлі Другую сусветную вайну з 1939 па 1945 год і вярнуліся ў чужую краіну толькі ў 1948 годзе. Аб'ездзілі з войскам генерала Андэрса Сярэднюю Азію, Блізкі Усход, Паўночную Афрыку і Заходнюю Еўропу. Яны бачылі Беларусь праз вялікі свет і вучылі гэтаму мяне.
***З чаго вы ўзялі, што я люблю людзей? Ёсць толькі некалькі чалавек сярод сямімільярднага чалавецтва, якіх я люблю. Праўда, я стараюся. Проста стараюся лічыць найважнейшым сярод людзей таго чалавека, з якім я зараз. Імкнуся яго ў гэты момант любіць, кім бы ён ні быў, нават маім ворагам. Але не магу сказаць, што гэта ў мяне заўжды атрымліваецца.
***Адна з галоўных спраў філосафа — выпраўленне імёнаў. Гэта тое, што ён павінен рабіць у любых умовах і абставінах, дзе б і калі ні знаходзіўся, з кім бы ні размаўляў. Паколькі "калі імёны страцілі сваё значэнне, народ губляе сваю свабоду".


Нагадаем, Уладзімір Мацкевіч быў арыштаваны 4 жніўня 2021 года. Ужо паўгода ён знаходзіцца пад арыштам па абвінавачанні ў «арганізацыі і падрыхтоўцы дзеянняў, якія груба парушаюць грамадскі парадак» (ч. 1 арт. 342 КК РБ). За ўвесь гэты час, за выключэннем фармальнага прад'яўлення абвінавачання і нязначных фармальных следчых дзеянняў, ніякага руху ў разглядзе справы Уладзіміра Мацкевіча, па сутнасці, не адбывалася, у тым ліку не было прад'яўлена ніякіх фактаў, якія абгрунтоўваюць абвінавачанне. Рэальнай прычынай зняволення з'яўляюцца публічныя выказванні Уладзіміра Мацкевіча пра грамадска-палітычную сітуацыю ў краіне. Яго ізаляцыя — гэта спроба прымусіць замаўчаць публічнага інтэлектуала, фактычна пераслед філосафа за «мыслезлачынства».
Следства наўмысна зацягваецца, а тэрмін утрымання пад вартай рэгулярна падаўжаецца.
Сваёй галадоўкай Уладзімір Мацкевіч патрабуе:
- змяніць меру стрымання на падпіску аб нявыездзе;
- завяршыць следчыя дзеянні і перадаць справу ў суд;
- прызначыць дату судовага разбіральніцтва.
Філосаф адмовіўся ад ежы з 4 лютага і плануе галадаць да выканання патрабаванняў. Плануецца, што першыя дзесяць дзён гэта будзе галадоўка на вадзе. У выпадку невыканання патрабаванняў, па заканчэнні 10 дзён ён пяройдзе да сухой галадоўкі. Таксама Уладзімір Мацкевіч мае намер адрасаваць начальніку СІЗА просьбу аб дазволе на доступ да лекара, натарыуса і пастара.
Вы можаце падтрымаць мысляра, даслаўшы яму ліст ці паштоўку на адрас: 220030, г. Мінск, вул. Валадарскага, 2, СІЗА-1. Мацкевічу Уладзіміру Уладзіміравічу.