Улада лічыць магчымасць зарабляць у Беларусі прывілеем, які можна адабраць за нелаяльнасць

Улада акрэслівае межы, у якіх дазволена знаходзіцца, жыць і зарабляць толькі лаяльным да яе ці апалітычным людзям.

cihi_pratest____fota_dzmitryeu_dzmitryj_novy_czas__img_0385_logo_logo.jpg

Нядаўна затрымалі блогерку Ганну Бонд,таксама з'яўлялася інфармацыя пра затрыманне спявачкі Ларысы Грыбалёвай і вядоўцыДзяніса Кур'яна. Навошта рэжыму брацца за папулярных людзей у Беларусі, разважае на «Люстэрку» палітолаг Арцём Шрайбман.

— Усіх гэтых папулярных людзей аб'ядноўвае тое, што яны ў 2020 годзе асудзілі гвалт і рэпрэсіі. І пры гэтым яны засталіся працаваць у Беларусі, зарабляючы ў тым ліку на рэкламных кантрактах з буйнымі бізнесамі.

Паводле інфармацыі «Нашай Нівы», дый па прызнанні тэлеграм-каналаў, звязаных з сілавікамі, менавіта гэта і стала ўмовай вызвалення затрыманых. Ім сказалі быць менш публічнымі і нібыта забаранілі свяціцца ў рэкламе буйных кампаній.

Калі гэта так, то з пункту гледжання ўлады матывацыя тут цалкам зразумелая. У краіне засталіся нелаяльныя людзі, якія мала таго што не сышлі, не пакаяліся на тэлебачанні за свае погляды і пазіцыі ў 2020 годзе, дык яшчэ і дазваляюць сабе зарабляць на сваёй публічнасці.

Можна, вядома, забараніць дзяржкампаніям або банкам працаваць з такімі людзьмі — і гэта ўжо адбылося, прычым тычыцца гэта не толькі беларускіх селебрыці. Але з вядомымі людзьмі ёсць дадатковы ўзровень раздражнення для ўлад: яны прысутнічаюць у публічнай прасторы, візуальнай рэкламе на вуліцы або размяшчаюць у сваіх блогах рэкламу папулярных брэндаў. Гэта значыць, як гэта Лукашэнка называе, «пайшлі супраць краіны», але працягваюць свяціцца ў гэтай краіне, ды яшчэ і з выгадай для сябе.

Глядзіце таксама

Прычым, я ўпэўнены, дастаткова адной скаргі якога-небудзь нядобразычліўца ў сілавыя органы або ідэолагам для таго, каб высокапастаўленыя сябры гэтых вядомых людзей тройчы задумаліся, ці варта ім наогул заступацца. Прычым відавочным чынам гэтым могуць скарыстацца іх канкурэнты. Што можа быць прасцей, чым напісаць данос на вядомага блогера, таленавітага вядучага вяселляў або спявачку і такім чынам паспрабаваць адціснуць сабе іх рэкламныя кантракты?

Партал kyky.org нядаўна апублікаваў расследаванне пра тое, як блізкія да сям'і Лукашэнкі медыякампаніі па факце манапалізуюць індустрыю забаў у Беларусі. Журналісты падазраюць, што з гэтым перадзелам рынку можа быць звязаны і ціск на медыяперсон, якія выказаліся супраць гвалту ў 2020-м. І нават калі канкрэтна гэтай гучнай гісторыяй з сям'ёй Лукашэнкі нельга растлумачыць кожнае такое затрыманне, то я ўпэўнены, што ва ўсіх астатніх выпадках таксама можа знайсціся нейкі камерцыйны след.


Глядзіце таксама

Наогул, гэта тое, што, на жаль, чакае вельмі многіх выступоўцаў на баку дэмакратычнага руху або супраць гвалту ў 2020 годзе. Сітуацыя з медыйнымі персонамі тут — толькі вяршыня айсберга. Улада лічыць магчымасць зарабляць у Беларусі прывілеем, які яна можа адабраць у чалавека ці ў бізнесу за нелаяльнасць. Забарона на прафесію — гэта частка таго ж здушвання грамадства, якая выявілася ў нядаўнім «пашпартным» указе Лукашэнкі або ў магчымасці пазбаўляць палітэмігрантаў грамадзянства. Улада акрэслівае межы, у якіх дазволена знаходзіцца, жыць і зарабляць толькі лаяльным ёй ці апалітычным людзям. А ўсіх астатніх — сардэчна запрашаем на абочыну або ў эміграцыю.