Укрпошта выпусціла маркі, прысвечаныя пратэстам у Беларусі

Пошта Украіны выпусціла маркі, прысвечаныя пратэстам у Беларусі і 100-годдзю БНР. У блоку таксама размешчана фатаграфія жанчыны ў белым перад шэрагам амапаўцаў і ўрывак з верша Уладзіміра Някляева.

Фота з bel-news.by

Фота з bel-news.by

На аркушы знаходзяцца тры маркі: «Мінск-2020» з фотаздымкам шматтысячнага шэсця з расцягнутым бел-чырвона-белым сцягам, які нясуць мітынгоўцы, тры маркі з фатаграфіяй святкавання 100-годдзя БНР у Мінску ў 2018 годзе, і тры маркі «Неверагодныя» з фатаграфіяй мітынгу ў Мінску, калі людзі здымалі абутак, каб стаць на лаўкі.

Гэтыя маркі выпушчаныя на прыватную замову — Укрпошта прадастаўляе такую магчымасць.

Па словах ініцыятараў выпуску, «гэтае выданне не толькі знак павагі да ўдзельнікаў гістарычных падзей, якія ратавалі гонар беларусаў, іх цягу да свабоды, не толькі ўклад у эмігранцкую філатэлію, але і праява падтрымкі ўкраінцамі беларускага змагання і хоць маленькая, але падтрымка Укрпошты і рэклама яе паслуг».

Нагадаем, што раней ва Украіне выпусцілі адмысловы канверт, прысвечаны лаўрэату Нобелеўскай прэміі міру Алесю Бяляцкаму. Адначасова выйшла і марка, прысвечаная Беларусі ў сувязі з нобелеўскім уганараваннем праваабаронцы. Ініцыятарам такога выдання стаў Уладзімір Ханас, грамадскі дзеяч з Цярнопаля. Дапамагалі ў выданні марак гродзенскія праваабаронцы.

Глядзіце таксама