Убачыў першага бусла — занясі дату на сайт!
Грамадская арганізацыя «Ахова птушак Бацькаўшчыны» заклікае з 1 сакавіка па 31 траўня далучыцца да стварэння інтэрактыўнай карты вясны, якую нясуць нам птушкі.
“Ахова птушак Бацькаўшчыны” тлумачыць, як паўдзельнічаць у міжнароднай кампаніі “Жывая вясна”.
Якія птушкі лічацца вестунамі вясны?
Раней вестунамі “Жывой вясны” былі абраныя пяць птушак, якіх адносна лёгка пазнаць: белы бусел (белый аист), вясковая ластаўка (деревенская ласточка), чорны свіргуль (черный стриж), зязюля (кукушка) і шчурка-пчалаедка (золотистая щурка). Сёлета да іх дадалася ластаўка-зямлянка (береговая ласточка).
У 10-х днях сакавіка звычайна вяртаюцца ў краіну першыя буслы, у першай палове красавіка — вясковыя ластаўкі і зязюлі, напрыканцы красавіка і ў пачатку траўня – ластаўкі-зямлянкі і свіргулі, у канцы траўня — шчуркі-пчалаедкі.
Як дадаць назіранне?
Выходзь на прыроду з дзеткамі і прыглядайся да птушак! Калі ўбачыш ці пачуеш птушак “Жывой вясны” – зарэгіструй назіранні зручным для сябе спосабам:
· на сайце “Жывой вясны” пры дапамозе формы "Дадаць назіранне"
· апісаць пра сваё назіранне ў суполках у сацыяльных сетках Facebook і Вконтакте.
Навошта сустракаць птушак?
— Для мяне вясна заўсёды пачынаецца са спеваў птушак. Менавіта яны сваімі звонкімі галасамі нагадваюць, што нават за самымі халоднымі днямі наступаюць цёплыя і сонечныя вясновыя. Акцыя «Жывая вясна» неверагодна цёплая і атмасферная, а самае галоўнае — яна вельмі важная для прыроды! Яна расказвае нам пра тое, які дзівосны шлях пераадольваюць птушкі, каб стварыць свае ўтульныя гнёзды ў роднай Беларусі. І як згадана ў многіх вершах і творах, вяртацца заўжды прасцей, калі цябе чакаюць! Давайце ўсе разам чакаць і сустракаць нашых птушак! Каб нягледзячы на ўсе цяжкасці і небяспекі, якія могуць ім сустрэцца на доўгім шляху, яны прыляцелі да нас! Сустракайце птушак, удзельнічайце ў конкурсах і сагравайцеся разам з першым сонцам і спевамі птушак, – запрашае спецыялістка па акцыях і кампаніях АПБ Наталля Саракавік.
Навошта праводзіцца кампанія “Жывая вясна”?
“Жывая вясна” – міжнародны праект з мэтай прыцягнуць увагу дзяцей і дарослых да прыроды і захавання пералётных птушак. Кампанія знаёміць з перашкодамі, якія суcтракаюцца птушкам падчас міграцыі, і вучыць, як мы можам дапамагчы іх пераадолець.
Таксама ў межах кампаніі адбудуцца конкурсы, якія будуць анансаваныя на сайце АПБ ptushki.org, пройдуць птушыныя экскурсіі, прэзентацыі, святы і гульні ў школах.
Сустракай вясну разам з птушкамі!
Кантактная асоба: Наталля Саракавік, тэл. 8 (029) 101-68-87, электронная пошта sarakavik@ptushki.org.
Даведка: Кампанія «Жывая вясна» пачалася ў 2006 годзе як еўрапейскі праект. Потым далучылася і Цэнтральная Азія. З 2010 года «Жывая вясна» пайшла ў Афрыку: з верасня жыхары гэтага кантынента назіраюць, як абраныя пяць відаў птушак ляцяць на зімоўку ў іх краіны. У мінулым годзе на сайт «Жывой вясны» паступіла 33000 назіранняў ад удзельнікаў з Еўропы, Цэнтральнай Азіі і Афрыкі. Дзякуючы вашаму актыўнаму ўдзелу наша краіна апынулася на 3-м месцы сярод 55 краін-удзельніц.
Кантакты арганізацыі: г. Мінск, вул. Парніковaя 11, офіс 4.
(+375 17) 369 76 13, (+375 29) 223 06 13, (+375 29) 101 68 87
Паводле прэс-службы ГА
"Ахова птушак Бацькаўшчыны"