У Савеце бяспекі адмовіліся прымаць грамадзян па праблеме адпісак
23 студзеня дзяржсакратар Савета бяспекі Аляксандр Мяжуеў адмовіўся прымаць актывістаў Грамадзянскай ініцыятывы супраць беззаконня ў судах і пракуратуры — у асноўным пенсіянераў, якія прыбылі ў Мінск з розных рэгіёнаў краіны.
У калектыўным звароце за подпісамі 29 грамадзян, між іншым, адзначаецца, што падпісанты звароту гадамі не могуць вырашыць свае справы, паколькі атрымліваюць адпіскі на свае звароты да парламентарыяў і чыноўнікаў Адміністрацыі прэзідэнта, Вярхоўнага суду і Генеральнай пракуратуры. Пры гэтым прадстаўнікі мясцовай выканаўчай улады не дазваляюць грамадзянам правесці пікетаванне, каб засяродзіць увагу дзяржавы і грамадства да праблемы адпісак.
“Такім чынам, не прымаюцца своечасовыя і дзейныя захады па ўстараненню ўмоў і перадумоў фармавання палітычнай і сацыяльна-эканамічнай напружанасці ў грамадстве, практычнага ўвасаблення прынцыпаў дэмакратычнай сацыяльнай прававой дзяржавы, узаемнай адказнасці асобы, грамадства і дзяржавы па забеспячэнні нацыянальнай бяспекі”, — падкрэсліваецца ў звароце.
Ягоныя падпісанты лічаць, што праблема адпісак з’яўляецца пагрозай нацыянальнай бяспекі для дзяржавы і асабіста для прэзідэнта, паколькі неадпаведнасць паміж ягонымі словамі і дзеяннямі службовых асоб падрывае давер народа да ўлады і стварае напружанасць у грамадстве.
Грамадзяне звярнуліся да Аляксандра Мяжуева з просьбаю прыняць іх 23 студзеня або ў другі дзень, сустрэцца з ім ці з іхнымі прадстаўнікамі, каб у поўным аб’ёме вырашыць праблему адпісак і, такім чынам, ліквідаваць унутраную крыніцу пагрозы нацыянальнай бяспекі.
Трэба адзначыць, што з 9.30 да 16.30 пажылыя людзі чакалі прыёму ў дзяржсакратара Савета бяспекі. А паколькі падпісантаў звароту адмовіліся прыняць, грамадзяне накіравалі такі ж зварот старшыні Камітэту дзяржаўнай бяспекі Валеру Вакульчыку.