У Мінску могуць з'явіцца шыльды з гістарычнымі назвамі вуліц

Сталічныя ўлады ўхвалілі калектыўную прапанову грамадзян наконт размяшчэння на цэнтральных вуліцах  Мінска дублюючых шыльдаў з ранейшымі назвамі вуліц. У звароце да гарадскіх уладаў размова ішла пра 16 вуліц, 2 плошчы, 2 праспекты.



9e587b40.jpg

У адказе намесніка старшыні Мінгарвыканкама Андрэя Дамарацкага гаварыцца пра прынцыповую падтрымку прапановы. «Камісія па найменні і перайменаванні праспектаў, вуліц, плошчаў і іншых складовых частак  Мінска на бліжэйшым паседжанні разгледзіць гэтае пытанне і ўнясе пэўныя рэкамендацыі арганізацыям, у кампетэнцыю якіх уваходзяць пытанні вырабу шыльдаў з назвамі. Упэўненыя, што рэалізацыя прапанаванага Вамі праекта атрымае адабрэнне жыхароў сталіцы і павысіць турыстычную прывабнасць Мінска», — паведамляе чыноўнік ініцыятарам размяшчэння інфармацыі пра гістарычныя назвы вуліц горада.

Таксама прапанова знайшла падтрымку ў Міністэрстве культуры.

«Вельмі рады, што сталічныя ўлады падтрымалі нашу ідэю, гэта — перамога не толькі тых, хто дапамагаў у зборы подпісаў, але і тых, хто любіць Мінск, паважае яго мінулае, выступае за наданне гораду яго гістарычнага аблічча. Хочацца спадзявацца, што тэхнічныя дэталі па ўвасабленні ў жыццё ідэі вырашацца вельмі аператыўна, і мы ўжо ў гэтым годзе ўбачым на цэнтральных вуліцах указальнікі з іх гістарычнымі назвамі. Таксама спадзяемся, што падобная ідэя рэалізуецца ва ўсіх іншых гарадах Беларусі», — каментуе адзін з ініцыятараў кампаніі Алег Корбан.

У снежні 2014 — лютым 2015 года актывісты грамадскага аб'яднання «Альтэрнатыва» (аб'яднанне юрыдычна зарэгістравана ў Латвійскай Рэспубліцы) сабралі сярод мінчан за 1 000 подпісаў пад зваротам да гарадзкіх уладаў. Подпісы збіралі падчас абыходу кватэр у цэнтры Мінска, з дапамогай вулічнага збору подпісаў і на сайце www.change.org была створана электронная петыцыя, пад якой падпісаліся 1 200 чалавек.

У Мінску пражывае каля 2 млн чалавек.