У каго ёсць грошы?

На фоне стагнацыі беларускай эканомікі нейкія рэчы выглядаюць вельмі дзіўна. Здавалася б, і грошай у нас няма, і пазыкі аддаваць трэба, і валюту ўзяць няма адкуль, але… Але ў той жа час мы знаходзім грошы на незразумелыя праекты. 



demotivator_117.jpg

Ідзе мадэрнізацыя, будуць «Дажынкі», адбудоўваецца да іх Жлобін, а ў Слуцку ўсталявалі помнік Адраджэнню. Пакуль што толькі «Адраджэнню Слуцкага пояса», але ж знайшліся грошы!

Між тым Белстат нас не радуе. Паводле ягоных лічбаў, выручка Беларусі ад экспарту нафтапрадуктаў у студзені-чэрвені 2013 года знізілася на 2,536 мільярда долараў (30,1%) у параўнанні са студзенем-чэрвенем 2012 года, паведамляе Нацыянальны статыстычны камітэт. Значнае зніжэнне выручкі тлумачыцца як скарачэннем фізічных аб’ёмаў экспарту, так і зніжэннем экспартных коштаў.

За шэсць месяцаў бягучага года на экспарт было пастаўлена 7,720 мільёна тон нафтапрадуктаў, што на 21,5% менш, чым за аналагічны перыяд 2013 года. Экспарт у краіны па-за СНД знізіўся на 28,8% і склаў 5,343 мільёна тон, у грашовым выражэнні аб’ём экспарту ўпаў на 37,8% — да 3,846 мільярда долараў, а экспарт у краіны СНД вырас на 1,9% — да 2,377 мільёна тон, у вартасным выражэнні знізіўся на 9% і склаў 2,042 мільярда долараў.

Паказчыкі Белстату цалкам зразумелыя. Першая палова 2012 года — гэта пік «разбаўляльна-растваральнай аферы», калі пад відам разбаўляльнікаў у Еўропу ішлі нафтапрадукты. Ужо тады было зразумела, што «лавачка» пад ціскам з Расіі хутка прыкрыецца. Вось і імкнуліся выціснуць з гэтай схемы самае апошняе, што можна было выціснуць. А пасля экспарт, натуральна, упаў.

Аднак паплыла не толькі нафта. Экспарт вырабленых у Беларусі грузавых аўтамабіляў у Расію за 1-е паўгоддзе 2013 года таксама знізіўся амаль удвая ў параўнанні з аналагічным перыядам мінулага года. Увесь экспарт грузавых аўтамабіляў у студзені-чэрвені 2013 знізіўся на 40,7% да аналагічнага перыяду 2012 года (да 4 087 штук). Пастаўкі на асноўны рынак збыту беларускіх грузавікоў — расійскі — знізіліся на 48,9% (да 3 018 штук).

Падзенне экспарту амаль удвая азначае, што да канца 2012 года беларускі аўтапрам не проста страціў свае канкурэнтныя перавагі, забяспечаныя 3-кратнай дэвальвацыяй нацвалюты, але і пачаў прыкметна прайграваць у канкурэнтнай барацьбе з расійскімі і замежнымі вытворцамі.

У гэтай сітуацыі застаецца гандляваць тым, на што ёсць попыт і што нам не патрэбна. Калі не купляюць нашы МАЗы — будуць купляць нашы самалёты. Аляксандр Лукашэнка распарадзіўся распрадаваць непатрэбную зброю. «Я хацеў бы, каб сёння было сказана пра тыя лішкі ўзбраенняў, прадукцыі ваеннага прызначэння, якія знаходзяцца ва Узброеных сілах і, у прынцыпе, нам не патрэбныя ў сувязі з тым, што ідзе мадэрнізацыя ў ВС, і пра тое, што мы з імі будзем рабіць», — сказаў Лукашэнка на нарадзе з нагоды рэформы Узброеных сіл.

«Жадаючых набыць падобныя віды ўзбраенняў дастаткова. Мы гэтага не хавалі. Калі мы дзесьці зможам іх рэалізаваць, то гэта трэба зрабіць. Ад іх, вядома ж, трэба пазбаўляцца, пакуль гэтая прадукцыя не састарэла, патрэбна каму-небудзь. Я хацеў бы, каб усе па-гаспадарску паставіліся да лішкаў прадукцыі ваеннага прызначэння, якія ёсць ва Узброеных сілах», — запатрабаваў пры гэтым Лукашэнка.

Кажуць, што першыя «беларускія» Су–24, якія ў нас былі знятыя з баявога дзяжурства з-за маральнай ды тэхнічнай састарэласці, былі ўжо заўважаныя ў Судане.

Што ж, калі суданскія ваякі жадаюць «гробіцца» на той тэхніцы, якая нават нам не патрэбная, — гэта іх справа. А нашая справа ў гэтым жа рэчышчы — не патрапіцца інспектарам ААН, бо ў Судан забароненая пастаўка ўзбраенняў: там ідзе грамадзянская вайна. Калі ж пастаўка беларускай ваеннай тэхнікі пацвердзіцца, то супраць нас могуць увесці санкцыі ААН.

Але калі дзяржава плачацца пра тое, што ёй хранічна не хапае грошай, то іншыя звесткі гэта абвяргаюць. Напрыклад, на тыдні быў удакладнены пералік прыватызаваных раней прадпрыемстваў, якія дзяржава хацела б нацыяналізаваць або вярнуць пад свой кантроль. Згодна з пастановай Савета міністраў Беларусі №721 ад 15 жніўня 2013 года, мясцовыя ўлады (аблвыканкамы і Мінгарвыканкам) атрымалі пераважнае права скупкі акцый 91 прадпрыемства.

Што дзіўна, у спіс «назад прыватызуемых» прадпрыемстваў патрапілі не толькі неэфектыўныя акцыянерныя таварыствы і «прапашчыя» прадпрыемствы, але і досыць паспяховыя. Напрыклад, ААТ «Мазырсоль», ААТ «Свiтанак», ААТ «Кіруючая кампанія холдынгу «Забудова», ЗАТ «Атлант», ААТ «Керамін», ААТ «Элема», ЗАТ «Мілавіца» і іншыя.

Навошта досыць паспяховыя прадпрыемствы пераводзіць назад пад дзяржаўнае кіраванне і дзяржаўны кантроль? Калі яны паспяхова працуюць, чаму б не пакінуць іх у гэтым стане? Бо раптам будзе, як са «Спартаком» і «Камунаркай» — прадпрыемствы нацыяналізавалі, і адразу ж пачаліся праблемы са збытам?

Бачна, хтосьці пад шумок хоча прыбраць да сваіх рук найлепшыя актывы. Можа, мяркуючы, што «Мілавіца» альбо «Забудова» проста згубяцца ў спісе сярод 91 прадпрыемства, і іх страту проста не заўважаць? А потым можна будзе і прадаць іх каму-небудзь даражэй.

Грошы ёсць не толькі ў дзяржавы. У Беларусі ў ліпені попыт на золата ў злітках вырас на 9,4% у параўнанні з чэрвенем. У прыватнасці, Нацбанк прадаў залатыя мерныя зліткі агульнай вагой 24,5 кг супраць 22,4 кг у чэрвені. Продажы срэбных зліткаў выраслі на 7,4% — да 40,6 кг у ліпені з 37,8 кг у чэрвені.

Варта зазначыць дзве цікавыя рэчы. Першая: ліпень — сезон адпачынкаў. Другая: золата — доўгатэрміновы сродак захавання грошай. То бок, нават у сезон, калі можна было б скупіць валюту і з’ехаць адпачываць за мяжу, у насельніцтва засталіся грошы, каб укладаць іх у доўгатэрміновы, але надзейны сродак захавання грошай. Значыць, у насельніцтва грошай не проста багата — іх зашмат. Настолькі шмат, што нават затраты на адпачынак не з’яўляюцца падставай для таго, каб не павялічваць свае зберажэнні.

Вось пасля ўсяго гэтага і чухай патыліцу: ці сапраўды мы такія бедныя, якімі звонку здаемся?