У Гродна будуць судзіць журналіста-фрылансера
Алеся Дзянісава вінавацяць у парушэньні часткі 2 артыкулу 22.9 КААП — незаконны выраб і распаўсюд інфармацыі. Дзянісаву пагражае штраф ад 20 да 50 базавых велічынь. Суд адбудзецца 4 красавіка ў Гродна.
Паводле міліцэйскага пратаколу Дзянісава вінавацяць у тым, што ён зрабіў сюжэт з гарадзенскім рэжысёрам Алегам Жугждам, які быў паказаны ў эфіры тэлеканалу «Белсат». І гэтым самым Дзянісаў нібыта незаконна падрыхтаваў і распаўсюдзіў прадукцыю сродкаў масавай інфармацыі, чым парушыў заканадаўства аб СМІ.
Дзянісаў у сваю чаргу прызнаў, што размаўляў у тэатры з Алегам Жугждам, але заявіў, што не з'яўляецца ўласным карэспандэнтам «Белсату». Ніякіх тлумачэньняў наконт тэлесюжэту ён не даў.
"Заўтра суд пакажа, што будзе, але я нават не наймаў адваката, бо разумею, што дадзены загад зверху, каб мяне асудзілі. Таму нейкіх каментароў няма, усё і так зразумела",— сказаў «Свабодзе» Алесь Дзянісаў.
Размова Дзянісава з рэжысёрам Жугждам датычыла пастаноўкі спэктаклю «Фаўст. Сны» паводле класіка нямецкай літаратуры Іагана Вольфганга Гётэ.
Паводле www.svaboda.org