У Гомелі маці героя Майдану абзываюць «бандэраўскай с..ай»

У Гомелі на адрас бацькоў беларуса Міхаіла Жызнеўскага, які загінуў на Еўрамайдане ў Кіеве, не спыняюцца абразы. Раней невядомыя вандалы зрывалі на магіле Мішы пад Гомелем жалобныя стужкі і ўкраінскія нацыянальныя сцягі.



zyznieuskaya.jpg

З найманай кватэры на вуліцы Севастопальскай бацькі Міхаіла Жызнеўскага — Ніна Васільеўна, Міхаіл Пятровіч і сястра Наташа — перабраліся ва ўласную двухпакаёўку, купленую на дапамогу ўкраінскага ўраду і тамтэйшых дабрачынных фондаў. Гэта недалёка ад ранейшага шматпавярховіка, і таксама на першым паверсе.
Ніна Васільеўна з-за кепскага стану здароўя рэдка выходзіць з дому — часцей адчыняе акно, каб падыхаць свежым паветрам. Так было і 5 лютага.
Жызнеўская: «Я зайшла ў Наташын пакой і адчыніла вакно падыхаць паветрам. Нейкі мужык, яшчэ не стары — гадоў так 38–40, стаіць пад вокнамі, курыць і нахабна мне ў твар кажа: «Ну што, бандэраўская с..ка, яшчэ мы вас тут не дарэзалі. Каго ты нарадзіла — бандыта?!» Так мне ў твар і кажа. І разумееце, проста ў вакно плюе».
Ніна Васільеўна кажа, што ніколі брыдка не лаялася, а тут — адказала, ды так, што нахабнік ажно сумеўся:
«Я ніколі ў жыцьці не мацюкалася, ніколі. А тут я выказалася, бо мне стала так крыўдна і балюча, што не стрымалася. Ты ж не ведаеш ні сытуацыі, ні нас — і так абражаеш. Ладна, мяне ты абразіў. А пры чым тут мой сын? Ты ж яго не ведаў, не бачыў, што ён з сябе ўяўляе».
Суразмоўніца мяркуе, што незнаёмец мог быць са шматпавярховіка на Севастопальскай, дзе Жызнеўскія наймалі кватэру і дзе некаторыя жыльцы адразу пасля смерці Мішы абражалі яе падобным чынам:
«Там суседка з першага пад’езду і другога, дзе мы жылі, і яшчэ пара жанок, — яны Мішу пастаянна называлі: «бандыт», «нацыст» — ён людзей нібыта забіваў. Пытаюся: «Каго ж ён забіў? Назавіце хоць аднаго чалавека, каго ён забіў».
Неадэкватная рэакцыя гамельчукоў на трагічны лёс сына, як лічыць маці героя, хутчэй за ўсё, звязаная з першай інфармацыяй, якую распаўсюдзілі афіцыйныя беларускія СМІ пасля трагедыі на Майдане:
«У першыя дні, калі загінуў Міша, нашы афіцыйныя СМІ пісалі, што нібыта «браткамі» на Майдане забіты бандыт Локі. Вядома, гэта дала такую каманду беларуская ўлада — абліць Мішу брудам. Я так думаю, без каманды не аблівалі б чалавека брудам, якога не ведалі. І не было б здзеку на могілках. Гэта толькі з падачы нашай улады робіцца».
Жызнеўская мяркуе, што беларускія чыноўнікі пасля выступу сотняў тысяч украінцаў на Майдане супраць наскрозь карумпаванага рэжыму Януковіча проста спалохаліся. Таму абаронцаў Майдану, услед за Расіяй, усяляк прыніжалі ў вачах грамадзянаў Беларусі:
«Міша стаяў на Майдане супраць ураду Януковіча. Таму яны тут і натапырылі свае вушы. Таму і палівалі Мішу брудам, бо Міша стаяў на Майдане супраць рэжыму Януковіча. Таму ўлада так ставіцца і да Мішы, і да мяне. Яны баяцца страціць свае цёплыя месцы, свае партфелі».
Ніна Васільеўна дастае ліст ад пенсіянера з Мінскай вобласці, які, апроч падзякі за выхаванне годнага і мужнага сына, склаў яшчэ і верш: «Жызнеўскаму слава!» Ягоныя радкі сугучныя з думкамі самой Ніны Васільеўны:
«Жизневский Майдана — герой Украины,Пред „Беркутом“ хищным смиренно не стал,А в мирном протесте с народом единымОн смелым противником власти восстал.
Но власть не приемлет себя в подчиненьеНароду, который содержит её.Но жаль, у людзей еще кроется мненьеО властной заботе. Но это враньё».
Вось чаму такое стаўленне да Мішы, што яго абліваюць брудам і па-варварску ставяцца да магілы».
svaboda.org