Замест парка — дамы. Жыхары кажуць, што там будуць жыць АМАПаўцы (ДАПОЎНЕНА)
Пакуль праект у стадыі грамадскага абмеркавання, якое будзе працягвацца
да 30 кастрычніка. У гэты ж тэрмін любы з жыхароў можа ў пісьмовай
форме выказаць усё, што ён думае з такой нагоды, чым ждановічцы ўжо
актыўна займаюцца.
Ждановічы — буйны пасёлак пад Мінскам, адразу за МКАД, з насельніцтвам звыш васьмі тысяч чалавек і вуліцай імя Васіля Быкава ў прыватным сектары. Колькасць жыхароў няўхільна расце, бо час ад часу тут будуюць шматкватэрныя высоткі. Чарговы праект па ўшчыльненні жыллёвай зоны з’явіўся зусім нядаўна і выклікаў у мясцовых жыхароў экзістэнцыяльны непакой.
Як стала вядома, у самым цэнтры пасёлка — на перакрыжаванні праспекта Пераможцаў і вуліцы Паркавай — плануюць пабудаваць два 16-павярховыя дамы. Акульная колькасць кватэр — 225, новабуд мусіць вырасці пад шыльдай ЖСПК «Сонечны-2020», побач з каменнымі гмахамі павінен з’явіцца ў дадатак шматузроўневы паркінг.
Праект ужо анансаваны на сайце выканкама Мінскага раёна, падрабязнасці можна знайсці па спасылцы.
Дык што ж так усхвалявала жыхароў Ждановіч? Здавалася б, жыллё — гэта добра, кватэрнае пытанне павінна вырашацца нават у сёняшнія няпростыя часы, квадратных метраў лішніх не бывае.
Адказаў на пытанне адразу два — сацыяльны і палітычны. І яны лёгка перамнажаюцца, павялічваючы эфект.
Сацыяльны складнік цалкам празрысты, і на гэтую тэму любы са ждановічцаў будзе гаварыць доўга і эмацыйна. Бо хоць гэты прыгарад і мае прэстыж і рэпутацыю дзіўнага курортнага мястэчка, дзе камфортна жыць на свежым паветры, праблем тут — заваліся. І ўсё ніяк яны не вырашаюцца.
Самая балючая праблема — медыцынская. Клапаціцца аб здароўі тутэйшы люд вымушаны разнастайна і з фантазіяй, марнуючы на гэта шмат высілкаў і часу. Той яшчэ квест, бо ўсё, што можа прапанаваць мясцовая інфраструктура, — гэта старэнькая амбулаторыя. Будынак у два паверхі, дзе працуюць пераважна ўрачы агульнай практыкі. За паслугамі вузкага спецыяліста, ці за трывіяльнай флюараграфіяй для медагляду трэба рушыць на ўсе чатыры бакі. Ці ў горад — на вуліцу Асіпенка, ці ў Заслаўе, ці нават у Бараўляны. Ну, альбо звяртацца да платных дактароў. Пенсіянеру не наездзішся, не наплацішся.
Шмат гадоў ждановічцы наракаюць на гэтую застарэлую мазоль, аднак воз з месца не рухаецца, а вада пад ляжачы камень не цячэ. Замест таго рухаецца будоўля шматкватэрнага жылля, робячы Жданы ўсё больш густанаселенымі. Альбо аператыўна ўзводзіцца па суседству элітны Рэспубліканскі клінічны цэнтр, які беларусы ўжо прызвычаіліся называць лечкамісіяй.
Другое вузкае месца ждановічскай «сацыялкі» — выхаваўча-навучальны сектар. Школа ў аграгарадку таксама не новая. Трохпавярховы цагляны будынак з’явіўся ў 60-х гадах мінулага стагоддзя і даўно ўжо састарэў — маральна і практычна. Яго магчымасцяў крытычна недастаткова ўжо сёння, калі ждановічскія дзеці вучацца ў некалькі зменаў, а многія ўвогуле атрымліваюць адукацыю ў іншых месцах. Часцей за ўсё — штодзённа ездзяць у Мінск, дзе наведваюць школы ці гімназіі ў Лебядзіным або Вяснянцы.
Што ж будзе з навучаннем пасля — калі Ждановічы прырастуць новымі жыхарамі, якім таксама спатрэбіцца адукацыя?
Аналагічная карціна — з дзіцячымі садкамі. Іх у прыгарадзе два, і гэта відавочна недастаткова. Маладых сем’яў ў пасёлку хапае, чэргі ў садзікі яны займаюць ці не ад нараджэння немаўляці (або, як жартуюць, яшчэ «на стадыі праекта»). Але колькасць месцаў радыкальна абмежавана. Выхад для нашых сацыяльна-арыентаваных рэалій усё той жа — едзь у горад, шукай прытулак там.
І нарэшце. Мясцовыя ўлады анансуюць будоўлю стромкіх высотак на месцы, дзе зусім нядаўна — літаральна ў мінулым годзе — быў высаджаны парк. Прымеркаваны да 155-годдзя нараджэння Івана Здановіча — вядомага доктара і падзвіжніка, які лічыцца заснавальнікам населенага пункта, — парк з’явіўся па ініцыятыве сярэдняй школы і пры дапамозе сельсавета. Акрамя сотні маладых дрэваў, тады ж і там жа ўсталявалі памятны знак у гонар знакамітага земляка, правялі публічную цырымонію адкрыцця з удзелам ждановічскай грамадскасці і раённай прэсы.
І вось прайшоў год — і што цяпер? Парк болей не патрэбен? Яго можна зруйнаваць, а на гэтым гектары адгрохаць два хмарачосы? Уся мінулагодняя актыўнасць была памылкай, а патрачаныя сілы і грошы паляцелі ў трубу? То як гэта называецца? І хто за гэта адкажа?
Пералік сацыяльных праблем, якія мусяць абвастрыцца з уводам у эксплуатацыю новых дамоў, можна працягваць. Гэта і дэфіцыт парковак, і насычаны трафік на скрыжаванні вуліц у гадзіны пік… І архаічныя камунікацыі, што ледзьве трываюць, абслугоўваючы цяперашні жыллёвы фонд… Але самы час змяніць ракурс — і ад сацыяльнага аспекту перайсці да палітычнага. Тым больш тут зноў гарызонты адкрываюцца не надта прываблівыя.
Зрэшты, напачатку зробім агаворку: усё, што ніжэй, тое пакуль непацверджаная інфармацыя. Але яна ёсць — у выглядзе трывожных размоваў жыхароў вуліцы Паркавай. Яны кажуць, спасылаючыся на ўласныя крыніцы і тэлеграм-каналы, што запланаваныя новабуды нібыта прызначаны для супрацоўнікаў АМАПу і Цэнтра ізаляцыі правапарушальнікаў, што месціцца на сталічным завулку Акрэсціна.
Другім разам у тым не было б нічога заганнага, але ж кантэкст зараз занадта своеасаблівы. Выбары 9 жніўня і наступныя грамадска-палітычныя падзеі — з масавымі пратэстамі і міліцэйскім гвалтам у адносінах да мірных людзей — дэманізавалі сілавыя структуры краіны. АМАП і Акрэсціна — асабліва, сёння ведае кожны. І тут хочаш, не хочаш, а напружышся ад імавернага суседства ў хутка дасяжнай будучыні.
Праўда гэта ці не — выявіцца ў хуткім часе. Пакуль праект у стадыі грамадскага абмеркавання, якое будзе працягвацца да 30 кастрычніка. У гэты ж тэрмін любы з жыхароў можа ў пісьмовай форме выказаць усё, што ён думае з такой нагоды, чым ждановічцы ўжо актыўна займаюцца.
А яшчэ яны чакаюць афіцыйнай прэзентацыі праекта, якая адбудзецца сёння, 20 кастрычніка, а 16-й гадзіне ў Ждановічскім сельсавеце. І дзе будзе магчыма, як абяцаецца, задаць усе пытанні на дадзеную тэму. Там ужо дакладна стануць вядомыя ўсе падрабязнасці аб будоўлі, якая звалілася на жыхароў пасёлка як снег на галаву.
UPD. Прэзентацыі праекта ў Ждановічскім сельсавеце спадарожнічаў гаманлівы аншлаг. Людзей у актавую залу набілася столькі, што прыйшлося цягнуць з іншых кабінетаў дадатковыя стулы. Сустрэчу з жыхарамі праводзілі кіраўнік упраўлення архітэктуры і будаўніцтва Мінскага райвыканкама Раман Вараўка, яго намесніца Кацярына Зайцава, прадстаўнік ЖСПК «Сонечны-2020» Дзмитрый Папоў і архітэктар праекта Ігар Шакаль.
Размова працягвалася каля паўтары гадзіны і ішла пераважна на павышаных танах. Людзі пастаянна падымалі вострыя сацыяльныя праблемы — пра школу, дзіцячыя сады, медыцыну — але прэзідыум адказваў, што гэтыя пытанні не ў яго кампетэнцыі. «Дык што мы тут можам вырашыць?» — прагучала пытанне. Выявілася, што фактычна нічога, бо сустрэча носіць характар «інфармавання». «А, дык вы нас тут для галачкі сабралі...» — махнула рукой жанчына.
На конт будучых уласнікаў жылля падазрэнні ждановіцаў часткова пацвердзіліся. Як было даведзена, палова кватэр запланавана для звычайных «чаргавікоў», якия маюць парэбу ў паляпшэнни жыллёвых умощ, а вось друга палова — так, для супрацоўнікаў Міністэрства ўнутраных спраў. Калі гэтая інфармацыя прагучала, у зале падняўся такі шум, што стала ясна: родная міліцыя — не той кантынгент, побач з якім мараць жыць жыхары Ждановіч.
«А з якіх падраздзяленняў гэтыя супрацоўнікі МУС?» — пацікавіўся адзін з удзельнікаў ужо пасля, амаль што ў прыватным парадку. І пачуў адказ: «З розных».
У працяг сустрэчы людзі засяроджвалі ўвагу на шматлікіх архітэктурных і тэхнічных нестыкоўках праекту — не маглі пачуць уцямных аргументаў. «Вы ж ні на адно пытанне не адказалі...» — казалі. «Зразумейце, гэта пакуль фактычна перадпраект», — спрабавалі перахапіць ініцыятыву арганізатары абмеркавання, націскаючы на тое, што ўсё яшчэ будзе дапрацоўвацца і праходзіць адпаведную экспертызу. Пры гэтым яшчэ на пачатку схода было агучана, што будаўніцтва ўзгоднена на ўзроўні раённых і абласных уладаў і нават «прэзідэнта краіны».
Энтузіязму прысутным гэта, натуральна, не дадало, але агульны настрой людзей пасля сустрэчы застаўся такім жа, якім быў: трэба змагацца. Якім менавіта чынам і куды цяпер ісці са скаргамі — гэта яны яшчэ будуць абмяркоўваць. Час ёсць, прынамсі да 30 кастрычніка — дэдлайну, калі можна дасылаць у сельсавет пісьмовыя заўвагі і прапановы.