У Віцебску падпалілі машыну відэаблогера, які распавядаў пра парушэнні на СТА
Віцебскі відэаблогер Яўген Куляшоў апублікаваў здымак абгарэлага аўто на сваёй старонцы «УКантакце» — невядомыя падпалілі ягоную машыну, піша Радыё Свабода.
Спачатку ў афіцыйных зводках з'явілася паведамленне пра падпал машыны Volkswagen Passat CC, прыпаркаванай на вуліцы Чкалава ў Віцебску.
Яўген Куляшоў паабяцаў апублікаваць відэа, звязанае з падпалам – гэта асноўная версія пажарных і следства. Тыя, хто каментуе гэтую падзею ў сацыяльных сетках, выказваюць меркаванне, што падпал ёсць помстай відэаблогеру за спробы выкрыць парушэнні на віцебскіх станцыях тэхнічнага абслугоўвання.
Блогер мае два каналы на Youtube (адзін мае 137 тысяч падпісантаў, другі 10 тысяч, самае папулярнае відэа мае 2 млн праглядаў), дзе робіць транспартныя агляды і выкрывае парушэнні на СТА.
У лістападзе 2016 году ён распачаў адмысловы прыватны праект — цыкл відэаролікаў, прысвечаных гэтай праблеме. Далучыцца да выкрывання ён прапанаваў і сваім падпісантам, каб яны паведамлялі яму пра падобныя факты. Часам інцыдэнты з СТА сканчаліся судамі, ініцыяванымі супраць відэаблогера, ён прайграваў, але гэта не спыняла ягонага імпэту.
Куляшоў абвясціў, што сваё аўто ён гатовы разыграць сярод сваіх падпісчыкаў, калі ён ня здолее заробіць на праглядах 50 тысяч долараў за паўтара гады. Да таго часу, як машыну падпалілі, відэаблогер сабраў каля паловы гэтай сумы. Да сканчэння тэрміну абяцаньня заставалася амаль 9 месяцаў.
Відэаблогер не камэнтуе, ці ёсць у яго некія падазрэнні, што да падпалу «спрэчнага» аўто.