«У век штучнага інтэлекту такое проста немагчыма»

Вяртанне ў Савецкі Саюз па крыху змененых лякалах сёння немагчымае, як бы ні стараліся ідэолагі. Ніхто больш не пагодзіцца працаваць за палачкі ў працоўнай кніжцы.

Ілюстрацыйнае фота «НЧ»

Ілюстрацыйнае фота «НЧ»

Першы ў новым годзе выпуск штомесячных метадычных рэкамендацый для лукашэнкаўскіх ідэолагаў накіраваны на падтрымку міфу аб устойлівай эканоміцы. Прычым карані гэтай устойлівасці аўтары традыцыйна шукаюць у савецкім мінулым, піша «BGmedia».

 «Сацыяльны аптымізм» + нематэрыяльныя стымулы да працы

Якасць называецца найважнейшай задачай дзяржаўнай палітыкі. Пры гэтым аўтары метадычкі адсылаюць да рознага разумення гэтага слова ў розных краінах свету. Паводле іх звестак, у Германіі якасць азначае «адпаведнасць характарыстыкам», у Францыі — «пачуццё задавальнення», «раскоша», у Італіі — «стыль», у Японіі — «удасканаленне», «бездакорнасць».

Што значыць «якасць» у Беларусі, ідэолагі не тлумачаць. Пры гэтым упэўнена заяўляюць: з сярэдзіны 90-х улады ставяць у аснову якасць жыцця людзей. Ад якасці працы кожнага грамадзяніна залежыць узровень дабрабыту краіны і ўсяго насельніцтва — кажуць прапагандысты ў працоўных калектывах. Ідэолагі таксама пераконваюць у высокай якасці айчыннай прадукцыі, выдатных суадносінах «кошт – якасць».

Маўляў, дзякуючы гэтаму экспарт беларускіх тавараў пастаянна расце і дасягнуў у 2023 годзе 36 млрд рублёў (рост — +6% да мінулага года). Брэнд «Зроблена ў Беларусі» ведаюць у 160 краінах, па-беларуску — значыць якасна. У гэтай сувязі попыт на Беларусь у свеце каласальны, — сцвярджаюць аўтары метадычкі.

Каб утрымаць і павысіць гэтую планку, трэба стымуляваць ініцыятыву і ўмацоўваць у грамадстве «сацыяльны аптымізм». Для гэтага, кажуць аўтары дакумента, трэба фармаваць у работнікаў пачуццё адказнасці за вынік (як менавіта — незразумела), падтрымліваць здаровы клімат у калектывах, каб людзі адчувалі сябе датычнымі таго, што адбываецца.


Глядзіце таксама

Але асаблівую ўвагу аўтары звяртаюць на рэанімацыю савецкага вопыту, прапаноўваючы вярнуць яго і распаўсюдзіць на ўсю краіну. Напрыклад, як павысіць матывацыю людзей да працы? «Тут дарэчы выкарыстоўваць савецкую спадчыну і вопыт: спаборніцтвы, рацыяналізатарства, настаўніцтва, меры маральнага і матэрыяльнага стымулявання. Вызначальнымі тут павінны быць меры нематэрыяльнай стымулявання, як гэта і было ў часы СССР», — гаворыцца ў метадычцы.

«Кантроль за якасцю вырабленай прадукцыі або выконваемых работ — гэта не толькі задача тэхнолагаў. Яна павінна стаць важнай задачай для пярвічак ФПБ, БРСМ, «Белай Русі», а грамадскі кантроль за забеспячэннем якасці — адным з кірункаў іх дзейнасці», — заяўляюць ідэолагі.

Рытуальнае словаблудства: «захаваць...», «прымножыць...», «палепшыць...»

Нават «знак якасці», якім цяпер будуць адзначаць найлепшую прадукцыю, вырашылі ўзяць з таго, што быў распрацаваны ў брэжнеўскія часы — у 1967 годзе. Нават у гэтым прыдумаць нешта новае мазгоў не хапае. У савецкім значку замянілі надпіс «СССР» на «Беларусь». У астатнім сімвал застаўся ранейшым.

Гэта пяцікутнік, дзе куты сімвалізуюць пяць паказчыкаў якасці вытворчасці: бяспека, экалагічнасць, інавацыйнасць, тэхналагічнасць і эстэтычнасць. Унутр упісаны два элемента ў выглядзе стылізаванай перавернутай літары «К». Ніжні азначае ўстойлівасць сістэмы якасці, верхні, падобны да шаляў, — аптымальныя суадносіны грамадскай думкі наконт прадукцыі і дасягненняў вытворчасці.

Так тлумачыцца ў метадычцы. Аднак асаблівая ўвага ў ёй нададзена тым дасягненням у галіне якасці жыцця, якія дзяржава ўжо нібыта забяспечыла сваім грамадзянам: «Падтрымліваецца высокі ўзровень бяспекі, ствараюцца новыя працоўныя месцы, забяспечаны ўстойлівы рост рэальнай заработнай платы, роўны доступ да медыцынскага абслугоўвання, адукацыі, захаваны і прымнажаюцца культурныя каштоўнасці, падтрымліваецца высокі ўзровень сацыяльнай абароны, створаны ўмовы для ўдзелу ў грамадскім жыцці».

Апошняе, пра «ўдзел у грамадскім жыцці», гучыць хутчэй як тролінг. Не абышлося, вядома, і без цытавання Аляксандра Лукашэнкі: «Людзі павінны бачыць, што гэта Год якасці. І наша вельмі жорсткае патрабаванне да якасці жыцця людзей, да саміх сябе, комплекс мерапрыемстваў — павінна быць бачна, што ў краіне ідзе Год якасці, і калі ён скончыцца, вось яго вынік».


Глядзіце таксама

У самым канцы метадычкі — вельмі эмацыянальны заклік да беларусаў на некалькі абзацаў, сутнасць якіх зводзіцца да таго, што працаваць трэба больш і лепш. А таксама звыклыя чыноўніцкія фармулёўкі кшталту «паставіць кантроль якасці вырабляемых тавараў і паслуг, якасць жыцця краіны на больш высокі ўзровень».

Каб дасягнуць гэтай мэты, трэба, на думку аўтараў, толькі пераканаць кожнага беларуса «вызначыць для сябе свой асабісты план па павышэнні якасці сваёй працы, свайго жыцця і старанна яго прытрымлівацца». «Стандарты якасці мы захавалі, прымножылі, цяпер — этап паляпшэння. Здавольвацца дасягнутым нельга!» — заклікае суайчыннікаў чарговы «эпахальны дакумент».

«У век штучнага інтэлекту такое неймаверна»

«BGmedia» спыталі кваліфікаванага эканаміста з навуковай ступенню, як варта ставіцца да падобных заклікаў з боку ўлады. Вось што ён адказаў:

— Думаю, не больш, чым з іроніяй. Бо калі ідэолагі прачытаюць лекцыю на тэму якасці, да прыкладу, на БМЗ, пры гэтым будуць гаварыць пра адраджэнне савецкіх традыцый, то які-небудзь ветэран гэтага завода цалкам можа спытаць: «Гэта што азначае? Канчаем кляпаць дапатопныя сеялкі і зноў бярэмся за мікрасхемы? Адраджаем КБ, дзе сярэдні інжынер атрымліваў 350 рублёў у месяц (цяпер гэта прыкладна 3500)?». Але трэба разумець, што нават у тыя часы, якія так любяць расхвальваць нашы кіраўнікі, беларуская прадукцыя, асабліва высокатэхналагічная, моцна саступала па якасці замежным аналагам. Калі прыязджалі ў СССР японскія інжынеры, іх вазілі на найлепшыя прадпрыемствы, у тым ліку і на БМЗ. Яны звычайна пасля такіх экскурсій задавалі ўсюды адно і тое ж пытанне: «Калі ў вас так усё выдатна, як вы нам паказваеце, чаму вы так бедна жывяце?». Гэта значыць, якасць жыцця ў часы БССР таксама была ніжэйшай за сярэднюю. Успомніце чэргі, адсутнасць тавараў, якіх не хапала нават у колькасных адносінах, вельмі нізкі ўзровень сэрвісу, вечна пабітыя дарогі, трубы, якія лопаюцца. Яно і сёння шмат у чым так. А каб было па-іншаму, трэба перабудоўваць усю сістэму кіравання эканомікай.

Паводле слоў эксперта, сёння ў Беларусі, вядома, ёсць прадпрыемствы, якія выпускаюць канкурэнтаздольную прадукцыю, і вельмі нядрэннай якасці, асабліва ў лёгкай і харчовай прамысловасці. Але пры гэтым ён звяртае ўвагу, што амаль усе яны прыватныя.


Глядзіце таксама

— Гэта перадавыя кампаніі, якія працуюць не па старых убогіх метадычках сярэдзіны мінулага стагоддзя, а бяруць за аснову найлепшыя ўзоры заходнееўрапейскага менеджменту. На іх бы і варта было арыентавацца. Але нам прапануюць у якасці маяка нешта сярэдняе паміж задрыпаным ЖЭСам і якім-небудзь адсталым калгасам. Ды яшчэ хочуць, каб даярка ў гэтым калгасе працавала не за грошы, а за ганаровыя граматы, а лепш — наогул за працадні. Зразумела, што так не будзе. Тым больш, калі працоўныя рукі ў велізарным дэфіцыце, чаго не было нават у СССР. А ў век штучнага інтэлекту такое проста немагчыма і неймаверна.

*У Беларусі 2010-ты таксама быў абвешчаны Годам якасці

«У Год якасці стаіць маштабная задача — дамагчыся паляпшэння жыцця людзей. Вырашыць гэтую задачу, мы зможам, калі аб'яднаем намаганні і скажам сабе: Беларусь — гэта ўсе мы» (цытата з выступлення Аляксандра Лукашэнкі на цырымоніі ўручэння прэмій дзеячам культуры і мастацтва, 8.01.2010).


Глядзіце таксама

«Якасць — стратэгічны напрамак дзяржаўнай палітыкі Беларусі, які ўключае далейшае павышэнне якасці жыцця беларускага народа, уздым эканомікі і забеспячэнне яе канкурэнтаздольнасці, мадэрнізацыю вытворчасці на аснове актыўнага ўкаранення найноўшых тэхналогій, дынамічнае развіццё навукі і адукацыі, кардынальнае паляпшэнне ўмоў працы і побыту людзей, рост іх дабрабыту», — пісала тады афіцыйная прэса, якая рэтранслюе ідэалогію ўладаў.

Нагадаем, скончыўся 2010 год рэалізацыяй перадвыбарчага абяцання Лукашэнкі «кожнаму па 500», якія праз некалькі месяцаў сталі «максімум па 300» праз трохразовую дэвальвацыю рубля. Прайшло 14 гадоў. А воз і цяпер там.