У Швецыі на дарогах крадуць камеры. Іх знаходзяць на збітых ва Украіне расійскіх дронах

Шведскія спецслужбы вінавацяць Расію ў крадзяжы дарожных камер відэафіксацыі.

kamera_2.jpg

Паліцыя Швецыі расследуе 160 выпадкаў крадзяжу камер кантролю хуткасці. У крадзяжах падазраюць расіян. Мясцовае выданне Aftonbladet паведаміла, што пазней гэтыя камеры былі знойдзеныя ў беспілотніках, якія Расія выкарыстоўвала ў вайне з Украінай, піша devby.io.

Шведскія спецслужбы лічаць, што да крадзяжоў дарожных камер відэафіксацыі датычная Расія.

Звычайна крадзяжы адбываюцца на загарадных дарогах ноччу — з 12 ночы і да 3 гадзін раніцы, прычым усё адбываецца вельмі хутка… У ход ідзе грубая сіла і пілы, часам слупы проста збіваюць машынай. Замена адной такой камеры каштуе Швецыі больш за 22 тысячы долараў.

Як тлумачаць аператары сістэмы дарожнай відэафіксацыі, у скрыначцы змяшчаецца радар, працэсар і камера. Гэта кастамізаваная камера Nikon, якая фатаграфуе аўтамабільныя нумары з адлегласці крыху больш за 15 метраў — лінза на іншых адлегласцях не вельмі эфектыўная, і пераналадзіць камеру не так і проста. Злодзеі забіраюць толькі камеру, а астатняе начынне раскідаюць па «месцы злачынства».

За восем дзён у канцы жніўня ў ленах (акругах) Стакгольм і Упсала было знішчана 70 камер. Пра гэта New York Times распавялі ў транспартным ведамстве Швецыі. У верасні ўсе рабаванні ненадоўга спыніліся, але ў сярэдзіне кастрычніка краіну накрыла другая хваля сістэматычных крадзяжоў.

У Швецыі мяркуюць, што падштурхнуць расіян на такія ўчынкі маглі заходнія санкцыі, якія справакавалі востры недахоп крытычна важных кампанентаў для вытворчасці вайсковага абсталявання, у тым ліку для беспілотнікаў.

Паліцыя дапускае, што рабіць «брудную працу» для РФ можа нехта іншы, пасля чаго камеры перапрадаюць расіянам. У шведскай паліцыі лічаць, што ў тым, што адбываецца, можа быць замяшаная міжнародная злачынная сетка. Аднак без попыту не было б і крадзяжоў, адзначаюць шведскія вайсковыя блогеры.

Выданне Aftonbladet адзначае, што камеры, ідэнтычныя тым, што выкарыстоўвае шведская паліцыя, пазней былі выяўленыя ў збітых расійскіх беспілотніках «Арлан-10», якія ўдзельнічаюць у вайне ва Украіне. Гэта шматфункцыянальны беспілотны комплекс, прызначаны для вядзення назірання за аб'ектамі ў цяжкадаступнай мясцовасці, у тым ліку пры правядзенні пошукавых і рамонтных работ. Мінабароны Украіны сцвярджае, што Расія актыўна задзейнічала іх у вайне.

Раскрыць падрабязнасці расследавання прадстаўнікі паліцыі Швецыі адмовіліся, паколькі яно яшчэ не завершанае.