У справе загінулага салдата Аляксандра Коржыча 22 пацярпелыя
У судзе Маскоўскага раёна Мінска 8 жніўня пачаўся працэс па справе аб смерці салдата тэрміновай службы Аляксандра Коржыча. На лаве падсудных трое стараслужачых. Іх вінавацяць у хабары, крадзяжы і злоўжыванні службовымі паўнамоцтвамі, што прывяло да цяжкіх наступстваў.
Вісеў у пятлі 7 дзён
Нагадаем, цела Коржыча са звязанымі нагамі і майкай на галаве знайшлі 3 кастрычніка ў падвале будынку медычнай роты ў Пячах. Коржыч правісеў у пятлі 7 дзён, яго не маглі знайсці, бо вайскоўцы думалі, што ён у медчастцы, а медыкі — што яго забралі вайскоўцы.
Высветлілася, што «дзяды» пастаянна спаганялі з Коржыча грошы. А банкаўскую картку хлопца ўвогуле адабраў прапаршчык.
Пасля смерці Аляксандра Коржыча ў войску прайшла хваля затрыманняў. Праверкі — а пасля і суды над вайскоўцамі — пракаціліся па ўсёй краіне. За першае паўгоддзе 2018 года асудзілі 28 вайскоўцаў.
Раследаванне справы Коржыча ішло некалькі месяцаў. Лукашэнка асабіста дазволіў маці загінулага прысутнічаць на допытах ваенаслужачых. У выніку следчыя ўсё ж вырашылі, што гэта было самагубства, а не забойства.
Судзяць траіх сяржантаў
8 жніўня на лаве падсудных трое маладых хлопцаў: Яўген Бараноўскі, Антон Вяжэвіч і Ягор Скуратовіч. Усе яны былі сяржантамі ў частцы, дзе служыў Аляксандр Коржыч.
20-гадовы Скуратовіч родам з Жабінкі, гэта маленькі горад у Брэсцкай вобласці, 23-гадовы Бараноўскі — з вёскі на Барысаўшччыне. Вяжэвічу — 22 гады, нарадзіўся ў вёсцы пад Мінскам. Ён адзіны з хлопцаў жанаты, нават мае сына (прычым бацькам стаў прыкладна ў 17 гадоў).
Акрамя таго, ў залі суда — 22 салдацікі. Спачатку здавалася, што тое, як часам робіцца, нагналі маладых на паказальны суд. Але высветлілася, што ўсе 22 чалавекі праходзяць пацярпелымі па справе.
Пракурор Юры Шарснёў агучыў абвінавачванне.
Яўген Бараноўскі пайшоў служыць 20 мая 2016. Шматлікія пацярпелыя трапілі ў армію праз год. Гэтым і скарыстаўся абвінавачаны.
Замест таго, каб сачыць за дысцыплінай, Бараноўскі, на той момант ужо сяржант, уключыўся ў яе парушэнне. Мабільнікі, якія ён заўважаў у салдатаў, Бараноўскі пакідаў сабе. Нікому пра гэта не дакладваў. «Маладыя» вымушаныя былі прасіць у яго свае мабільныя «ў арэнду». За адзін сеанс сувязі Бараноўскаму плацілі 30-40 рублёў.
Аляксандр Коржыч таксама звяртаўся да сяржанта і таксама вымушаны быў плаціць.
Плацілі салдаты сяржанту і за магчымасць схадзіць у краму. Тут падатак браўся таварамі: распушчальная кава «3 у 1», вафлі, цыгарэты, макароны «Ролтан»… Усё гэта, паводле следства, ішло сяржанту Бараноўскаму.
Аднымі грашыма не абмяжоўваліся. Бараноўскі са Скуратовічам падымалі салдат і прымушалі адціскацца. Такім чынам «маладых» каралі за недастаткова хуткае пастраенне, кепска прышытыя каўнерыкі. Часам хлопцаў падымалі і ноччу з ложкаў.
Падчас адцісканняў іх нярэдка прымушалі заміраць на паўсагнутых руках. Аднойчы за размовы пасля каманды «адбой» салдатаў паднялі з ложкаў і прымусілі адціскацца ў супрацьгазах. Адзін з іх спачатку адмовіўся, але, атрымаўшы некалькі ўдараў ад сяржанта, усё ж пачаў адціскацца.
Улад Швядовіч, фота Паўла Аксіновіча, «Наша Ніва»