У рэгіёнах перад 25 сакавіка затрымліваюць актывістаў

Праваабаронцы паведамляюць пра шэраг затрыманняў актывістаў у рэгіёнах напярэдадні Дня Волі.

Мітынг у Смаргоні 25 жніўня 2020 года. Фота: Reform.by

Мітынг у Смаргоні 25 жніўня 2020 года. Фота: Reform.by


Учора ў Смаргоні ў аддзяленне міліцыі былі выкліканыя нібыта для ўручэння папярэджання Руслан Валюк, Сяргей Трай і Аляксандр Рукойць. Дадому пасля гэтага яны не вярнуліся. Сваякам Валюка паведамілі, што ён затрыманы, не патлумачыўшы, па якой справе, перадае REFORM.by.

Доктару мясцовай бальніцы Наталлі Курбацкай, якая падала заяўку на масавае мерапрыемства да Дня Волі і атрымала адмову, уручылі па месцы працы позву на 25 сакавіка, здымаючы пры гэтым працэс уручэння на відэа.

Яшчэ траіх чалавек абавязалі прыйсці за папярэджаннямі 25 сакавіка ў 11:00. Асуджанаму раней на «хімію» былому рэдактару «Новай газеты Смаргоні» Рамуальду Улану ўручылі прадпісанне аб яўцы ў месца адбыцця пакарання таксама не пазней за 25 сакавіка.

На 24 сакавіка ў суд Астравецкага раёна па адміністрацыйнай справе за падзеі 18 лютага, калі людзі апладысментамі адрэагавалі на прысуд у судзе ў дачыненні да мясцовых актывістаў, выклікаюць Людмілу Сульжыцкую і Іллю Петунова.

У Наваполацку затрымалі Андрэя Шкірэнку і Сяргея Лапунова, якія зняліся ў падтрымку галасавання за мірныя перамовы.

Таксама праваабаронцам вядома пра кропкавыя затрыманні ў Жлобіне, Гомелі, Мазыры, Маладзечне.