У палітзняволенай Валерыі Касцюговай памёр бацька, у Беларусі не засталося сваякоў, якія могуць яго пахаваць
Пра смерць бацькі палітзняволенай Валерыі Касцюговай напісала яе дачка Настасся.
Настасся напісала ў твітары: «Сёння памёр мой дзядуля, і ў яго фактычна няма сваякоў, якія могуць яго пахаваць. Маці ў турме, я на эміграцыі, бабуля памерла, яго сын, мой дзядзька, таксама памёр даўно. Мой бацька памірае ад раку, і ў мяне пачынаюць заканчвацца сваякі, з якімі я магу пагаварыць».
Палітолага і кансультантку Валерыю Касцюгову ўжо больш за пяць месяцаў утрымліваюць у мінскім СІЗА №1 на вуліцы Валадарскага. Прашэння пра памілаванне яна не пісала, адзначае Радыё Свабода.
53-гадовую Валерыю Касцюгову, палітолага, рэдактарку сайту «Наше мнение», затрымалі 30 чэрвеня 2021 года. На яе завялі крымінальную справу па першай частцы 357-га артыкула («Змова або іншыя дзеянні, учыненыя з мэтай захопу дзяржаўнай улады»), 6-й частцы 16-га артыкула («Саўдзел у злачынстве») і 3-й частцы 361-га артыкула («Заклікі да дзеянняў, накіраваных на шкоду знешняй бяспецы Беларусі, яе суверэнітэту, тэрытарыяльнай недатыкальнасці, нацыянальнай бяспецы і абараназдольнасці»).
Дэталі справы не разгалошваюцца, адвакат пад падпіскай аб невыдаванні.
«Адзінае, што я магу даведацца, гэта пра дату суду, — кажа дачка палітзняволенай Настасся Касцюгова. — Але пакуль пра суд гаворкі няма».