У Мінску судзяць хлопца за захоўванне кнігі. Яе прызналі «экстрэмісцкай» ужо пасля канфіскацыі
Жыхара Мінскага раёна судзяць за «захоўванне» кнігі Змітра Лукашука «Беларуская нацыянальная ідэя». Хлопец купіў яе ў «Акадэмкнізе» ў снежні 2020-га, міліцыя канфіскавала выданне ў лютым 2021-га, а толькі 4 сакавіка спецыяльная камісія знайшла ў ёй «прыкметы праяў экстрэмізму». Пасяджэнне прайшло 1 красавіка, справу адправілі на дапрацоўку.
24-гадовага Ягора Старавойтава судзяць за парушэнне арт. 19.11 КаАП («Распаўсюджванне, выраб, захоўванне, перавозка інфармацыйнай прадукцыі, якая змяшчае заклікі да экстрэмісцкай дзейнасці або прапагандуе такую дзейнасць»).
Кнігу Змітра Лукашука «Беларуская нацыянальная ідэя» хлопец купіў у «Акадэмкнізе» ў канцы снежня 2020-га, распавядае TUT.BY. Па сутнасці,
гэта зборнік інтэрвію, якія гучалі ў эфіры «Еўрарадыё».
11 лютага да Ягора прыйшла міліцыя, канфіскавала кнігу, а
толькі 4 сакавіка спецыяльная камісія знайшла ў ёй «прыкметы праяў экстрэмізму». Ягор аб гэтым факце даведаўся 31 сакавіка, калі ў РАУС
Мінскага раёна яму ўручылі позву ў суд. Хлопец працуе інжынерам-праграмістам,
раней да адміністрацыйнай адказнасці не прыцягваўся.
Варта адзначыць, што ў Рэспубліканскім спісе экстрэмісцкіх
матэрыялаў кнігі «Беларуская нацыянальная ідэя» па стане на 1 красавіка (дзень
пасяджэння) няма.
Справe ў судзе Мінскага раёна разглядаў суддзя Віктар
Шаўцоў. Ён агучыў пратакол, дзе сказана, што «ў дакладна неўстаноўлены
час, але не пазней за 21 гадзіну 21 хвіліну 11.02.2021» Ягор
Старавойтаў «ажыццявіў захоўванне кнігі».
Фармулёўка ў пратаколе
«Старавойтаў па месцы жыхарства ажыццявіў захоўванне
кнігі "Беларуская нацыянальная ідэя", якая, паводле экспертнага
заключэння Мінскай абласной экспертнай камісіі па ацэнцы інфармацыйнай
прадукцыі на прадмет наяўнасці (адсутнасці) у ёй прыкмет праяў экстрэмізму №113 ад 4 сакавіка 2021 года ў адпаведнасці з Законам Рэспублікі Беларусь «Аб супрацьдзеянні экстрэмізму» і Законам Рэспублікі Беларусь «Аб
барацьбе з тэрарызмам» змяшчае прыкметы экстрэмізму (распальванне расавай,
нацыянальнай або рэлігійнай варожасці або варожасці, прапаганда выключнасці,
перавагі альбо непаўнавартаснасці грамадзян па прыкмеце іх адносін да расавай,
нацыянальнай, рэлігійнай прыналежнасці, прапаганда і публічнае дэманстраванне
нацысцкай сімволікі або атрыбутыкі, матэрыялы і інструкцыі па выбуховай справе,
якія можна выкарыстоўваць у планаванні і здзяйсненні тэрарыстычных актаў шляхам
падрыву грамадзянскіх і (або) ваенных аб'ектаў) пры адсутнасці ў гэтых дзеяннях
складу злачынства».
— Чыталі кнігу? — спытаў суддзя.
— Не да канца. Там главы складаюцца з інтэрв'ю, Я
прачытаў чатыры ці пяць, — растлумачыў хлопец.
— Ёсць там ідэі, аб якіх я чытаў? Нейкія моманты па
расавай або нацыянальнай выключнасці, якія-небудзь кіраўніцтвы да здзяйснення
супрацьпраўных дзеянняў?
— Я, вядома, не эксперт, але я не заўважыў.
Ягор дадаў, што ведае пра існаванне пераліку экстрэмісцкіх
матэрыялаў, але ў ім гэтай кнігі няма. Хлопцу стала вядома пра прэтэнзіі да кнігі
спецыяльнай камісіі ўчора, 31 сакавіка.
— Дома вы жывяце адзін?
— Адзін.
— А госці прыходзяць?
— Я інтраверт, рэдка.
Адвакат Іван Чыжык двойчы хадайнічаў, каб суд накіраваў
запыт у «Акадэмкнігу» — з нагоды таго, ці прадавалася кніга там у
снежні 2020 года.
— Калі гэтая прадукцыя была ў агульнадаступным месцы, то на
якой падставе мой падабаронны мог меркаваць, што яна можа ў сабе ўтрымліваць
прыкметы экстрэмізму? — растлумачыў адвакат.
Суд адхіліў хадайніцтвы, таму што адміністрацыйны працэс
вядзецца ў дачыненні да фізічнай асобы, а не юрыдычнай.
Адвакат таксама палічыў, што пратакол парушае ПіКаАП.
— Апісанне аб'ектыўнага боку не дазваляе падвергнуць
адміністрацыйнаму спагнанню майго падабароннага, паколькі ў дачыненні да названага артыкула неабходна ўсталяванне, пацвярджэнне і апісанне, у прыватнасці,
захоўвання з мэтай распаўсюду. У пратаколе аб адміністрацыйным правапарушэнні
пра мэту распаўсюджвання не сказана ні аднаго слова. Сказана, што ажыццяўлялася
захоўванне. Гэта абсалютна не адпавядае артыкулу 19.11 КаАП.
Абаронца таксама звярнуў увагу, што Старавойтаў не меў
аб'ектыўнай магчымасці разумець, што камісія знойдзе ў кнізе прыкметы
экстрэмізму ў сакавіку.
Пасля перапынку суддзя Віктар Шаўцоў адправіў справу на
дапрацоўку.
Нагадаем, што ў Беларусі матэрыялы прызнаюцца экстрэмісцкімі
па рашэнні суда. Як правіла, рашэнне можна абскардзіць на працягу 15 дзён,
пасля чаго той ці іншы від інфармацыйнай прадукцыі дадаецца ў рэспубліканскі
спіс экстрэмісцкіх матэрыялаў.
Кніга «Беларуская нацыянальная ідэя» выйшла ў друк
у 2020 годзе. У яе ўвайшлі размовы з праграмы «Ідэя Х» на «Еўрарадыё»,
аўтары перадачы — Зміцер Лукашук і Максім Гаруноў. Суразмоўцы людзей — філосафы,
літаратары, музыкі, мастакі, дыпламаты, гісторыкі, айцішнікі. 85 інтэрв'ю, 600
старонак. У кнізе журналісты спрабавалі высветліць, якая яна, нацыянальная
ідэя, і ці ёсць яна наогул, тлумачыць «Еўрарадыё».