У Мінску прайшоў Форум беларускай моладзі
Моладзь Руху «За Свабоду» арганізавала ў Мінску форум «Наша справа». На ім маладыя актыўныя беларусы паўдзельнічалі ў майстар-класах, віктарынах і пазнаёміліся адзін з адным.
«Сёння ў нас на моладзевым форуме цікавыя вядомыя асобы ў якасці вядучых: літаратарка Валярына Кустава, журналісты Франак Вячорка і Андрэй Дынько, грамадскі актывіст Андрэй Стрыжак, кнігавыдавец Алесь Квіткевіч. Шэраг з іх правядуць не толькі тэарэтычныя выступы, але і будуць каардынатаваць практычную працу па вызначаных тэмах», — распавёў сайту Pyx.by адзін з арганізатараў, намеснік старшыні Руху «За Свабоду» Кірыл Стаселька.
Па ягоных словах, агулам на форуме склалася вельмі прыемная атмасфера, акрамя Мінска прыехалі ўдзельнікі з розных беларускіх гарадоў: Магілёў, Маладзечна, Салігорск, Брэст, Гродна. «Гэта для іх магчымасць і камунікаваць паміж сабой у найбольш камфортных умовах, і запланаваць будучую дзейнасць і абмеркаваць супольныя праекты», — адзначыў Стаселька.
З важных момантаў сённяшняга форуму ён назваў навучальную частку, камунікацыю, тымбілдынг.
«У межах форуму мы цікавімся ў удзельнікаў важнымі для іх кірункамі дзейнасці і плануем прааналізаваць вынікі, каб скарэктаваць дзейнасць на будучыню і сфармаваць план з тым, што цікавіць моладзь, і запрашаць іх менавіта на тыя мерапрыемствы, у якіх яны хочуць прымаць удзел», — заключыў намеснік старшыні Руху «За Свабоду».
«Я прыехаў, каб зблізіцца з калектывам, бо гэта наша мерапрыемства, Руху «За Свабоду». Тут шмат новых людзей, цікава пабачыць тых, з кім я яшчэ не знаёмы», — распавёў удзельнік форуму, сябра Руху «За Свабоду» Яраслаў Грыгор’еў.
Па ягоных словах, у межах форуму можна было атрымаць карысныя парады, у прыватнасці па арганізацыі клубу дэбатаў. «Важна пачуць меркаванне і парады, падказку як гэта лепш зрабіць. Для гэтага такія мерапрыемствы і праводзяцца, каб людзі з вопытам падказалі людзям з ідэямі, як гэта лепш зрабіць», — заключыў Грыгор’еў.
Моладзь вельмі важна адукоўваць, важны і тымбілдынг, дзе можна пазнаёміцца з новымі цікавымі людзьмі, кажа яшчэ адзін удзельнік, сябра Руху «За Свабоду» Аляксандр Лісоўскі. «Вельмі важна адукоўвацца, адчуваць прыклад, мець намаганні, ідэі, мяняць сітуацыю да лепшага. Я ўдзельнічаю ў такіх мерапрыемствах, бо веру ў Беларусь, не збіраюся з’язджаць. Мы хочам зрабіць Беларусь лепшай», — заключыў Лісоўскі.
Вольга Быкоўская, pyx.by