У мінскім метро і на вакзале зараз можна фатаграфавацца
У метро і на чыгуначным вакзале Мінска дазволілі рабіць фота для асабістага карыстання.
Калі пасажыр раней спрабаваў сфатаграфаваць цягнік або афармленне станцый метро, яго па гучнай сувязі прасілі спыніць здымку. Цяпер мінчукам і турыстам дазволілі рабіць фота.
«Фатаграфаваць на платформе ў асабістых мэтах можна. Супраць здымкаў на памяць мы нічога не маем, — паведаміў прэс-сакратар Мінскага метрапалітэна Андрэй Дроб. — Галоўнае — выконваць правілы бяспекі. Напрыклад, нельга здымаць з выбліскам, асабліва накіроўваць фотаапарат у бок машыніста, а таксама фатаграфаваць на эскалатары падчас руху — у мэтах бяспекі. Нельга рабіць фота, выкарыстоўваючы грувасткія прыстасаванні — штатывы, вялікія аб’ектывы, вялікія камеры. Акрамя таго, важна не ствараць нязручнасцяў іншым пасажырам — не перашкаджаць іх руху, не ўрывацца ў асабістую прастору, не фатаграфаваць людзей, калі яны гэтага не хочуць».
Прэс-сакратар сталічнай падземкі нагадаў, што прафесійную фота- і відэаздымку па-ранейшаму трэба ўзгадняць з кіраўніцтвам метрапалітэна (напрыклад, супрацоўнікам СМІ, прадстаўнікам арганізацый, якія вырабляюць рэкламную прадукцыю).
Забарона на фотаздымку ў Мінскім метро дзейнічала доўгія гады. У 2016 годзе прадстаўнікі метрапалітэна распавядалі журналістам, што не збіраюцца яе адмяняць.
Весці аматарскую здымку цяпер можна і на вакзале станцыі «Мінск-Пасажырскі».
«У месцах, даступных для ўсіх, вы можаце рабіць фота для асабістага карыстання, на памяць. Але трэба выконваць тэхніку бяспекі: напрыклад, не рабіць здымкі на шляхах. Важна памятаць, што калі фотаздымка будзе перашкаджаць іншым пасажырам, парушаць чыюсці асабістую прастору, то мы маем права папрасіць чалавека не здымаць, — распавялі ў адміністрацыі вакзалу. — Калі ж вы прадстаўляеце юрыдычную асобу і хочаце фатаграфаваць, а потым неяк выкарыстоўваць матэрыял, то ёсць адмысловая працэдура па ўзгадненні».
Забаронена фатаграфаваць на вакзале ў зонах абмежаванага доступу, куды звычайны пасажыр патрапіць не можа.
Паводле tut.by