Абас Галямаў: Пуціна можна прымусіць да перамоваў аб спыненні агню

Даўно такога не было — за мінулыя суткі ва Украіне зафіксавана менш за сто боесутыкненняў. У той жа час працягваюцца «прылёты» па расійскіх НПЗ. Ідзе 1076-ты дзень шырокамаштабнай вайны ва Украіне, развязанай Расіяй пры саўдзеле рэжыму Аляксандра Лукашэнкі.

4281614.jpg

За мінулыя суткі, 2 лютага, на фронце адбылося менш за сотню баёў — 97 баявых сутыкненняў. Такога не было ўжо даўно. Больш за ўсё атак па-ранейшаму зафіксавана на Пакроўскім кірунку — 39, паведамляе Генеральны штаб УСУ ў ранішняй зводцы 3 лютага.

На Купянскім кірунку расійцы атакавалі 18 разоў. На Ліманскім і Тарэцкім кірунках расійцы здзейснілі па восем штурмаў у раёнах Тарэцка, Новаегораўкі, Макееўкі, Ямпалеўкі.

Па дзве атакі адбітыя на Харкаўскім, Северскім і Краматорскім кірунках, адбыліся штурмы ў раёнах населеных пунктаў Прадцечына і Часавым Яры.

У Курскай вобласці Расіі УСУ адбілі 12 атак расійскіх войскаў.

* * *

Расійская армія фармуе «штурмавыя групы» з параненых жаўнераў і інвалідаў. На перадавой усё часцей заўважаюць вайскоўцаў на мыліцах, паведамляе выданне Business Insider са спасылкай на брытанскую выведку.

СМІ нагадвае, што 20-я агульнавайсковая армія, паводле інфармацыі брытанскай выведкі, магла сфармаваць «штурмавыя групы» з параненых жаўнераў. У сярэдзіне студзеня ўкраінскія крыніцы апублікавалі дронавыя кадры, якія зафіксавалі двух вайскоўцаў на мыліцах у адкрытым полі блізу Пакроўска. Беспілотнік скінуў на іх боепрыпасы.

Украінскія ацэнкі сведчаць, што падчас вайны былі забітыя або параненыя 830 тысяч расійскіх жаўнераў, з якіх блізу 400 тысяч маюць патрэбу ў лячэнні за межамі зоны баявых дзеянняў. Адсутнасць належнай медыцынскай дапамогі ва ўстановах, размешчаных далей ад лініі фронту, абумоўлівае неабходнасць перанясення адміністрацыйнай і медыцынскай нагрузкі назад на воінскія часткі.

«Прыкметы недахопу рэсурсаў у расійскім войску становяцца ўсё больш відавочнымі. Крэмль павялічвае бонусы і сацыяльныя льготы для навабранцаў, а ў асобных рэгіёнах грашовыя стымулы для кантрактнікаў амаль зраўняліся з амерыканскімі вайсковымі выплатамі» — піша выданне.

* * *

Расійскія войскі ўсё больш засяроджваюць намаганні на захопе вёскі Андрэеўка ў Данецкай вобласці, спрабуючы прарвацца з некалькіх кірункаў. Расійцы замацаваліся на паўночна-ўсходніх ускраінах Андрэеўкі, і спробы іх прасоўвання прыкметна актывізаваліся, паведамляе аналітычны праект DeepState.

«Пасля першых паспяховых спробаў залезці ў Андрэеўку расійцы ўбачылі магчымасць гэта развіваць, таму пасылаюць на забой пяхоту з задачай — «Памры, але дайдзі», — пішуць аналітыкі DeepState.

* * *

_2025_02_03.jpg

* * *

У ноч на 3 лютага Расійская Федэрацыя атакавала Украіну 71-м беспілотным лятальным апаратам (БПЛА) тыпу Shahed і дронамі іншых тыпаў. Супрацьпаветранай абароне ўдалося знішчыць 38 з іх, паведамляюць паветраныя сілы Украіны. Яшчэ 25 дронаў былі лакацыйна страчаныя без негатыўных наступстваў.

У ноч на 3 лютага ў расійскім Валгаградзе прагрымелі выбухі. Дроны атакавалі НПЗ, які належыць «Лукойлу». Таксама пад атакай апынуўся газаперапрацоўчы завод пад Астраханню. Гэта адзін з ключавых энергетычных аб'ектаў РФ, які забяспечвае перапрацоўку газавага кандэнсату і вытворчасць бензіну, дызельнага паліва.

* * *

Прэзідэнт ЗША Дональд Трамп у каментары журналістам позна ўвечары 2 лютага паведаміў, што яго адміністрацыя вядзе перамовы з Украінай, Расіяй і іншымі бакамі. «Мы мелі справу з Украінай і Расіяй. У нас запланаваныя сустрэчы і размовы з рознымі бакамі, у прыватнасці Украінай і Расіяй. Думаю, дыскусіі ідуць добра», — сказаў ён.

Прэзідэнт Украіны Уладзімір Зяленскі заявіў, што чакае візіту ў Кіеў спецпрадстаўніка Дональда Трампа ў пытаннях Расіі і Украіны Кіта Келага і ягонай каманды найбліжэйшым часам. «Келаг і людзі ў яго камандзе... Яны хутка будуць ва Украіне. Для іх гэта важна, і мы так дамаўляліся з прэзідэнтам Трампам, што каманды пачнуць дамаўляцца больш. Так яно і будзе. У іх ёсць кантакты, ёсць размовы па тэлефоне, ёсць анлайн-кантакты. Ужывую найбліжэйшым часам, я думаю, будзе сустрэча», — сказаў Зяленскі.

* * *

Уладзіміра Пуціна можна прымусіць да перамоваў аб спыненні агню. Сёння Расія мае дастаткова болевых кропак, на якія маглі б націснуць Злучаныя Штаты Амерыкі (ЗША), мяркуе былы спічрайтэр Пуціна, палітолаг Абас Галямаў.

Як растлумачыў Галямаў, сітуацыя ў расійскай эканоміцы, на фронце, а таксама велізарныя страты ўжо могуць прымусіць Пуціна пайсці на перамовы. Гэта азначае, што каманда Дональда Трампа мае неабходныя рычагі ціску, каб прымусіць Пуціна адысці ад ранейшых умоў. Сярод гэтых інструментаў:

  • працяг вайсковай дапамогі Украіне на тым жа ці нават большым узроўні, што прывядзе да павышэння страт сярод расіянаў і ўзмацнення ўдараў па тэрыторыі Расіі;
  • абвальванне цаны на нафту. Армія Расіі, з'яўляецца арміяй наймітаў, якая ваюе не за радзіму ці Пуціна, а за грошы.

«Трамп настроены ў адносінах да Пуціна ў цэлым нядрэнна, дастаткова лаяльна. Навошта Пуціну з ім сварыцца з улікам усіх цяперашніх і патэнцыйных праблем? Пасварыцца — і Трамп павялічыць аб'ёмы паставак зброі ва Украіну, апусціць кошты нафты і, да таго ж на злосць Расіі прыме Украіну ў NATO», — разважае Галлямаў.