Змітра Паліенку змясцілі ў ШІЗА (дапоўнена)
Як даведалася жонка актывіста Наста Паліенка, актывіст адбывае ізаляцыю ў штрафным ізалятары (ШІЗА).
Сёння на Акрэсціна ў Насты не прынялі перадачу для мужа.
«Я прынесла сёння перадачу Дзіму, ён утрымліваецца ў ІЧУ за парушэнне хатняй “хіміі”. Дзяжурны спачатку хадзіў думаў, а потым сказаў мне, што для такой катэгорыі грамадзян перадачы не прымаюцца. Якой — ён не патлумачыў. Потым у вакенца пачаў выглядваць начальнік ІЧУ. Я сказала, што гэта неправамерна, а ён мне кажа: “Ты мне не падабаешся, вы нясеце ўсялякую лухту ў СМІ, ты мяне… (нецэнзурная лаянка)», — распавяла «Новаму Часу» жонка Змітра Паліенкі Наста.
Па словах Насты Паліенка, пад «усялякай лухтой у СМІ» начальнік ІЧУ мае на ўвазе заявы вязняў пра катаванні ў ізалятары.
Яна вырашыла пісаць скаргу, але начальнік ІЧУ, па яе словах, адмовіўся ёй казаць сваё прозвішча і ініцыялы. Зрэшты, скардзіцца начальніку ІЧУ на яго ж — глупа, таму дзяўчына будзе скардзіцца ў ГУУС Мінгарвыканкама.
Наста звязалася з адвакаткай мужа, якая ў першы раз сутыкаецца з тым, што перадачу не прымаюць праз прыналежнасць да нейкай «катэгорыі».
«Яна мне сказала, што ў першы раз такое чуе. Ёсць правілы ўнутранага распарадку, і няма падзелу на тое, чаму чалавек знаходзіцца ў ІЧУ. Гэта неправамерна», — перадае словы абаронцы Наста Паліенка.
Аператыўна дазваніцца да начальніка ўпраўлення інфармацыі і грамадскіх сувязяў ГУУС Мінгарвыканкама Вольгі Чамаданавай «Новаму Часу» не ўдалося — па службовым нумары ніхто не адказвае.
Актывіста анархісцкага руху Змітра Паліенку затрымалі ўчора ў Першамайскім РУУС Мінска, калі ён прыйшоў туды, каб адзначыцца, паколькі адбывае хатнюю «хімію». Ён паспеў патэлефанаваць бацьку і паведаміць, што яго арыштоўваюць на 15 сутак — за парушэнне гэтай самай «хіміі». Актывіст прабыў на волі два дні, да гэтага ён адбываў 15 сутак арышту за заклікі да ўдзелу ў флэшмобе салідарнасці і яшчэ двое сутак у межах крымінальнай справы, якую так і не завялі.
Нагадаем, да 29 чэрвеня ў ізалятары на Акрэсціна не прымалі перадачы для вязняў. Актывісты, якія выходзілі пасля адбывання сутак, распавядалі, што затрыманых не выводзяць на прагулкі, ім не выдаюць матрацы і пасцельную бялізну, не водзяць мыцца. Але начальнік мінскай міліцыі Іван Кубракоў заявіў, што, паводле праверкі па фактах шматразовых скаргаў у СМІ на ўмовы ўтрымання ў ізалятарах на Акрэсціна, гэтая інфармацыя не пацвердзілася.
Дапоўнена: Наста Паліенка прыехала ў Першамайскі РУУС, дзе ёй патлумачылі, што вязень адбывае ізаляцыю ў ШІЗА, дзе нельшга мець ніякіх асабістых рэчаў.