У Еўрасаюзе адрэагавалі на прысуд Барысевіч і Сарокіну

Парушэнне права на свабоду слова, выказванне меркаванняў, а таксама на празрыстае і справядлівае судовае разбіральніцтва недапушчальныя і ідуць насуперак міжнародным абавязацельствам Беларусі па выкананні правоў чалавека. Так прэс-сакратар Еўрапейскай службы знешніх дзеянняў Петэр Стана пракаментаваў прысуд журналістке TUT.BY Кацярыне Барысевіч і лекару БХМД Арцёму Сарокіну.

rabota_v_evrosoyuze.jpg


Петэр Стана заявіў, што, «паводле дакладных паведамленняў, 11 лістапада 2020 года Раман Бандарэнка быў збіты да смерці асобамі, звязанымі з супрацоўнікамі праваахоўных органаў». Вінаватыя не прыцягнуты да адказнасці, перадае TUT.BY.

— Занадта доўга адмаўлялі беларусам у іх асноўных свабодах, уключаючы свабоду выказвання меркаванняў і інфармацыі і самых асноўных правоў, такіх як права на празрыстае і справядлівае судовае разбіральніцтва. Гэтыя парушэнні недапушчальныя і ідуць насуперак міжнародным абавязацельствам Беларусі па выкананні правоў чалавека. ЕС будзе працягваць падтрымліваць беларускі народ у яго законным імкненні да дэмакратыі і павагі асноўных свабод. Еўрапейскі Саюз працягне актыўна падтрымліваць намаганні, накіраваныя на збор доказаў катаванняў і рэпрэсій у Беларусі і прыцягненне вінаватых да адказнасці, — гаворыцца ў заяве Стан.

Нагадаем, 2 сакавіка суд Маскоўскага раёна Менска прызнаў вінаватымі журналістку TUT.BY Кацярыну Барысевіч і лекара БХМД Арцёма Сарокіна. Кацярына Барысевіч прысуджаная да шасці месяцаў калоніі і штрафу ў 100 базавых велічынь, Арцём Сарокін — да двух гадоў пазбаўлення волі з адтэрміноўкай на год і штрафу ў 50 базавых. Яго вызвалілі ў зале суда, Кацярына застаецца пад вартай.