У дачыненні да п’янага кіроўцы, які ўдарыў удзельніцу акцыі НАУ на мяжы, завялі крымінальную справу
Вы павінны памятаць гэтую гісторыю.

Фота «Белсат»
26 чэрвеня на прапускным пункце «Мядзінінкай» падчас дазволенай акцыі кіроўца грузавіка накінуўся на ўдзельнікаў дазволенага пікету і нават ударыў дзяўчыну. Дар’я, якая атрымала траўму, распавяла «Белсату», што насамрэч падобныя выпадкі і агрэсія сустракаюцца вельмі рэдка.
З пачатку чэрвеня з ініцыятывы Нацыянальнага антыкрызіснага
ўпраўлення на літоўска-беларускай і польска-беларускай межах ладзяцца акцыі,
падчас якіх беларусы патрабуюць адстаўкі Лукашэнкі, вызвалення палітвязняў і
зняццё забароны на перасячэнне беларускай мяжы, заклікаюць Еўрасаюз увесці
санкцыі супраць рэжыму Лукашэнкі.
З дазволу ўладаў удзельнікі акцыі спыняюць рух грузавікоў.
Кіроўцам у гэты час тлумачаць сутнасць сваіх патрабаванняў. Адна з удзельніц
акцыяў Дарʼя распавяла, што падчас спынення руху кіроўцы разумеюць і
пагаджаюцца з імі. Звычайна пікеты зʼяўляюцца адзіным вялікім станоўчым
момантам. Але 26 чэрвеня раптам адзін з кіроўцаў напаў на людзей.
«Гэта быў грамадзянін Расіі, 57-гадовы мужчына, які быў
пʼяны. У яго крыві зафіксавалі 1,31 праміле алкаголю. Ён рэзкім рухам рукі
нанёс удар па маім твары праз капялюш, я адчула фізічны боль. Мужчыну
арыштавалі і даставілі ў аддзяленне паліцыі, распачалі крымінальную справу.
Гэта быў звычайны кіроўца, які павінен быў яшчэ 13 гадзінаў стаяць у
«адстойніку», але пасля правакацыі блогера Лаўрынаса Рагельскіса, які падышоў
да кіроўцаў і прапаноўваў ім спыніць акцыю, забраць у нас сцягі, узнік
канфлікт. А я проста апынулася пад рукою, і кіроўца вырашыў адыграцца на мне», — распавяла «Белсату» Дарʼя.
Актывістка кажа, што паводле некаторай інфармацыі, цяпер
гэтага чалавека ўзялі пад апекаванне ў кансулаце, але на час разбіральніцтва
яго не выпусцяць з Літвы. Невядома, ці ён цяпер за кратамі, ці на волі.
Увогуле канфлікты падчас такіх акцыяў не часта назіраюцца.
Такі інцыдэнт, каб чалавек пачаў распускаць рукі — здарыўся ўпершыню.
«Быў яшчэ адзін інцыдэнт, калі аднаго з удзельнікаў акцыі
нагой штурхнуў працаўнік амбасады падчас акцыі каля беларускага пасольства. Але
з блогерам Лаўрынасам даволі часта ўзнікаюць канфлікты. Гэта відэаблогер, які
вельмі не любіць беларусаў і часта робіць правакацыі, у тым ліку чыніць бойкі.
Ён прысутнічае практычна на кожнай нашай акцыі і намагаецца паказаць нешта
кепскае».
Але агулам акцыі напоўненыя спевамі, гумарам і натхненнем,
кажа Дарʼя. Агрэсіі і яе праяваў практычна няма.