Амаль у 8 разоў больш, чым у 2020-м. Літоўскія памежнікі затрымалі яшчэ тры групы мігрантаў
У Шальчынінкайскім, Варэнскім і Лаздзійскім раёнах памежнікі Літвы затрымалі яшчэ тры групы мігрантаў, якія прыйшлі з Беларусі: усяго 36 замежнікаў.
У аўторак раніцай супрацоўнікі памежнай службы затрымалі 13 чалавек, якія перасеклі беларуска-літоўскую мяжу ў раёне вёскі Даліджай Шальчынінкайскага раёна. У іх не было дакументаў. Адзін іншаземец прадставіўся грамадзянінам Турцыі, астатнія — грамадзянінамі Ірака. Мігранты хадайнічалі аб прадастаўленні прытулку ў Літве, паведамляе REFORM.by са спасылкай на памежную службу Літвы.
Раніцай у сераду ў вёсцы Канюкай Варэнскага раёна памежнікі затрымалі 10 мігрантаў, якія толькі перайшлі мяжу з Беларуссю. Іх нацыянальнасці ўдакладняюцца.
Яшчэ 13 мігрантаў былі затрыманыя ў сераду раніцай каля вёскі Пертакас Лаздзіяйскага раёна. Па папярэдніх дадзеных, гэта могуць быць грамадзяне Расіі, Таджыкістана і чачэнскай нацыянальнасці.
Сёлета ў Літву спрабавалі трапіць 636 нелегальных мігрантаў з Беларусі. У асноўным гэта грамадзяне Ірака. Гэта амаль у восем разоў больш, чым было за ўвесь 2020 год. Летась быў затрыманы 81 такі іншаземец.
Літоўскі бок абвінавачвае беларускіх памежнікаў у бяздзеянні і нават спрыянні нелегальнай міграцыі.