У «чорным пакеце» ад «Крумкачоў» былі бутэлька гарэлкі і слоік мёду
Журналісты газеты «Прессбол» высветлілі змесціва таямнічага чорнага пакета, які невядомы чалавек спрабаваў перадаць аднаму з чальцоў камітэта па статусе і пераходах футбалістаў.
Нагадаем, што пра гэтую гісторыю стала вядома ў мінулую пятніцу, 2 сакавіка. Тады адбылося пасяджэнне камітэта па статусе і пераходах Беларускай федэрацыі футбола. Напярэдадні пасяджэння невядомы спрабаваў перадаць пакет, заявіўшы, што гэта «прывітанне ад крумкачоў». Гэты прэзент не быў прыняты.
«Прессбол» піша, што ў пакеце знаходзіліся бутэлька гарэлкі і слоік мёду.
Як паведамляла Еўрарадыё, па выніках пасяджэння з «Крумкачоў» знялі два ачкі ў лігавым спаборніцтве сезону 2018 года. Нагодай сталі запазычанасці клуба па заробках перад футбалістамі і трэнерамі.
Паводле euroradio.fm