Пра «Ляльку», яе пераклад і яе перакладчыкаў

Праца літаратара, выяўляецца, можа быць у нас небяспечнай. Тым больш, калі ён яшчэ – мадэратар на прэзентацыі рамана Баляслава Пруса «Лялька» ў беларускім перакладзе. Шмат хто ўжо напісаў пра здарэнне, што адбылося на кніжным кірмашы 3 сакавіка, дарэчы — у Сусветны дзень пісьменніка.

Прафесарка Святлана Мусіенка на гэтым фота выцірае адзенне ад кавы

Прафесарка Святлана Мусіенка на гэтым фота выцірае адзенне ад кавы

Кажучы нешта пра друк, які не аплацілі, і перакладчыкаў, якіх не запрасілі (глядзіце адпаведныя спасылкі), усхваляваны маладзён выліў каву на мадэратара і ўсіх, хто апынуўся ў радыусе дзеяння.


Што тут дадаць? Кава была не гарачая, але паскудная. (Каб я піў такую – мабыць, таксама стаў бы кідацца на людзей.)


Здзейсніўшы дробнае хуліганства (не ведаю хлопца асабіста, таму буду зваць яго далей Дробным Хуліганам), Дробны Хуліган хуценька ўцёк. Але перад гэтым сказаў мне (і ўсім прысутным), што “Вас замовілі” і перадаў прывітанне ад Галіны Жарко, адной з перакладчыц “Лялькі”.

Ці прасіла яго пра такое спадарыня Галіна? Хочацца верыць, што не. Спадзяюся, што гэта яго асабістая рэакцыя на вельмі эмацыянальны допіс перакладчыцы, дзе ёсць і такое: “І Хадановіч тут як тут! Ці не ён падгаварыў Інстытут Польскі, каб на «Ляльку» не давалі…”

Тут ажно два абвінавачанні. Па-першае, неяк мне аднаму замнога. Больш сціплым трэба быць, а не ўдзельнічаць у прэзентацыях, на якія цябе спадарыня Жарко не запрашала. Але вось Польскі Інстытут узяў і запрасіў, і даволі часта запрашае. І не паверыце: лічу гэта за гонар і стараюся дапамагаць, калі бываю ў гэты час у Менску.

Другое. Ці не я падгаварыў? “Ці не я”, спадарыня Жарко, зусім “ці не я”. Ніхто са мной на гэты конт не раіўся і ацэнкі вашага тварэння не пытаўся. А каб спыталіся, ці параіў бы? Паспрабую адказаць ніжэй. А пакуль сачыце за маніпуляцыямі ў допісе перакладчыцы: нібыта і абвінавачання няма, нічога ж не сцвярджаецца, так, “усякае думаецца”. Бо навошта правераныя факты, калі ёсць эмоцыі? Вынік вядомы. Дробны Хуліган палае праведным гневам – і вяршыць справядлівасць, у сваім разуменні гэтага слова. Толькі вось рукі ад “праведнага гневу” дрыжаць – і кава ляціць не толькі ў мадэратара.

Спадарыня перакладчыца, незалежна ад таго, што вы думаеце (і выдумваеце) пра мяне, пагадзіцеся: дзве даследчыцы літаратуры, што ўдзельнічалі ў прэзентацыі і таксама атрымалі сваю порцыю кавы, не заслугоўвалі такой “узнагароды”. Як не заслугоўвалі яе і акторы Купалаўскага тэатру, што ў касцюмах літаратурных герояў удзельнічалі ў прэзентацыі. З днём пісьменніка, даследчыцы! З днём пісьменніка, акторы! “Прывітанне ад…”.

Яшчэ адзін непрыемны эфект гэтага ўсяго, спадарыня перакладчыца. Чорны, як кава, піяр рыкашэтам б’е і ў вашага суаўтара, шаноўнага філолага і перакладчыка Міколу Хаўстовіча, які некалі выдатна перастварыў па-беларуску Яна Баршчэўскага і Саламею Пільштынову. Цяпер і ён – асоба зусім не скандальная – разам з вамі апынаецца ў цэнтры скандалу. Вельмі шкада.

І зусім ужо шкада, што дробныя амбіцыі і крыўды псуюць свята літаратуры і мастацкага перакладу, адцягваючы ўвагу ад галоўнага: польска-беларускія культурныя кантакты працягваюцца і развіваюцца, працу перакладчыкаў “Лялькі” падтрымаў Інстытут Кнігі – і вельмі цікавая кніга польскага класіка выйшла па-беларуску ў выдавецтве Ўладзіміра Сіўчыкава. Я ўпэўнены, яна знойдзе ў нас сваіх чытачоў. Праўда, шмат у каго з іх, як той казаў, “асадачак застанецца”.

А цяпер вернемся да пытання, на якое я пакуль не адказаў: ці параіў бы выдаць кнігу “Лялька” ў беларускім перакладзе Г.Жарко і М.Хаўстовіча? Вядома, што параіў бы, бо не кожны дзень перакладаюцца і выдаюцца шэдэўры. Праўда, параіў бы гэтай кнізе яшчэ і добрага рэдактара, які здольны не толькі прачытаць і ацаніць, што напісана ў польскім арыгінале (тут перакладчыкі якраз даюць рады), але і падбаць пра якасць беларускага тэксту. Бо тут з беларускай “Лялькай” далёка не ўсё гладка.

poland03_800x406.jpg

У кнізе пазначана рэдактарка і адразу дзве стыль-рэдактаркі. Пры гэтым тэкст раз-пораз выглядае чарнавіком, які хочацца паправіць. Адчуваецца, што перакладчыкі доўгі час жывуць у Польшчы. І часам перакладаюць з добрай польскай… на не вельмі добрую польскую, чамусьці запісваючы гэта кірыліцай. “Памятаю, што ў пагодныя дні я пускаў у двары летаўца” (с. 11). Хто ведае польскае слова “latawiec”, таму прасцей даўмецца, што гаворка пра “паветранага змея”. А вось як галоўны герой, Станіслаў Вакульскі, кажа пра свае грашовыя справы: “Увесь сакрэт у тым, што меў я багатага кампаньёна і задавальняўся у чатыры, у пяць разоў меншым зыскам, чым іншыя” (с. 18). Так, па-польску “zysk”, але беларускі чытач, які не ведае польскай, мусіць з кантэксту здагадвацца, што гэта “прыбытак”.

Як і пра наступнае: “Божа міласэрны, – заенчыла цётка, – цяпер гэты драб на мяне, хіба, пачне пляваць, як брата не стала…” (с.12). Беларускія слоўнікі падаюць “драбы”, у сэнсе “драбіны”, а яшчэ ў сэнсе “рэбры”, ёсць яшчэ “драб” як “пехацінец” (у Байкова з Некрашэвічам), але ж перакладчыкі проста перапісалі кірыліцай польскае “drab”, што азначае “бамбіза”, “нягоднік”. Беларусы – не зломкі, таксама могуць прыпячатаць ворага каларытным слоўцам, толькі “Слоўнік сінонімаў і блізказначных слоў” М.Клышкі падае процьму сінонімаў да “нягодніка”: “нікчэмнік, мярзотнік, вылюдак, вырадак, ліхадзей, паршывец, паскуднік, паскуда, поскудзь, брыда, брыдота, паганец, падла, падлюга, шэльма, гіцаль, абармот, плюгавец, прахвост, гад, нелюдзь, латрыга, сволач, свалата, злыдзень, псяюха, псялыжнік, падкалоднік, злодзей, разбойнік, пачвара, халера, гніда…” і шмат чаго яшчэ. Усё гэта пасавала б, але навошта ламаць галаву ды шукаць патрэбнага слова, калі можна жыўцом узяць “драб”?

Сустракаюцца і граматычныя паланізмы: “кандыдатаў на цялеснае пакаранне было трох: я і двое пляменнікаў старога” (с.13) – дзіўная для беларускай (для польскай – цалкам правільная) канструкцыя, пагатоў побач з нармальнымі “двое пляменнікаў”.

Часам перакладчыцы (не хочацца падазраваць у такім яе больш тытулаванага суаўтара) не хапае элементарнай культурнай базы, каб зарыентавацца, што яна перакладае і як гэта павінна гучаць па-беларуску. Ёсць пасаж (с. 25) з “адважным пажарным, які за выратаванне трох асобаў з полымя на шостым паверсе атрымаў ордэн  Ганаровай Легіі”. Ёсць нават каментар-спасылка: “найвышэйшы французскі ордэн” (с. 363). Магчыма, такая думка нават спадабаецца фанатам “Легіі”, толькі вось ордэн па-беларуску (як і “ў арыгінале”, па-французску) называецца іначай: Ордэн Ганаровага Легіёну.

Тэкст аж стракаціць ад розных “прыгожых памятак” (с. 27). Французскае слова “сувенір” (як і “легіён”) перакладчыцы яўна незнаёмае. Але ж менавіта так перакладаецца польская “pamiątka”. На 69 старонцы чытаем пра “панскі Новы год”. Чаму так? Бо святкуецца “пад прыгнётам панскім”? Не, проста ў пераклад даслоўна пераносіцца польскае “rok Pański”, вядзецца пра Anno Domini. Напалеона ІІІ (Шарля Луі Напалеона Банапарта) можна назваць Луі Банапартам. Ад бяды – Людовікам Банапартам. Але ж “Людвік Напалеон” (с.69) – ужо нейкім лісяняткам Людвігам XIV Ларсанам у сэрцы адгукаецца.

На 126 старонцы нам сустракаецца “…нейкі Гурон аль Рашыд, арабскі каліф, аматар мастацтва, персанаж шматлікіх арабскіх казак, які пераапрануўся ў купца”. Людцы добрыя, каліф зваўся Гарунам (ці Харунам).

А вось гуроны – зусім іншая гісторыя, Фенімор Купер вам у дапамогу!

Пераклад сяк-так дае сабе рады з нямецкамоўнымі фрагментамі, але зусім ужо спатыкаецца на самых элементарных французскіх. На старонцы 122 аж чатыры разы сустракаецца выраз “sil sous plait”. На староны 365 нават даецца каментар, што, маўляў, гэта па-французску “калі ласка!” Дзякуй, патлумачылі мудрагелісты выраз недасведчаным чытачам. Вось толькі па-французску “sil vous plaît”. Спадзяюся, проста прыкрая памылка друку, чатыры разы паўтораная “копі-пэйстам”. Напішы такое перакладчык уручную – хоць раз патрапіў бы правільна. Спадзяюся, памылка друку і на старонцы 136, дзе камень – замест “з прашчы” – ляціць “з прошчы”. Але нашто тады карэктары, рэдактары і стыль-рэдактары? Нашто выдавец, які сам – вядомы пісьменнік і перакладчык?

Вось жа, добры пераклад, не стамляюся паўтараць, – гэта найперш добры літаратурны твор, напісаны на тваёй мове для твайго чытача. Дарагія перакладчыкі, выдаўцы, рэдактары і карэктары, не пакідайце ж мовы нашай беларускай і чытача нашага беларускага, калі ласка! Як сказалі б перастваральнікі “Лялькі”, sil sous plait.

А месцаў на прэзентацыйных стэндах хопіць усім, было б што файнага выдаваць і прэзентаваць!



budzma.by