У Беларусі выкрадзены ўкраінец, сын удзельніка АТА

На тэрыторыі Беларусі, у Гомелі, быў выкрадзены ўкраінскі журналіст і блогер Павел Грыб. Мяркуецца, што яго гвалтам вывезлі ў Расію.

Фота з фэйсбука 

Фота з фэйсбука 

Пра гэта паведамляе яго бацька, Ігар Грыб, у Facebook. Паводле Ігара Грыба, сына вывезлі на тэрыторыю Расіі, дзе яму інкрымінуюць артыкул "тэрарыстычны акт".


Ігар Грыб паведамляе, што яго сына з Украіны ФСБ "выманіла" ў Гомель пад выглядам сустрэчы з дзяўчынай, якая нібы мусіла прыехаць з Расіі. З дзяўчынай Павел пазнаёміўся ў інтэрнэце і ніколі раней не бачыў — яны стасаваліся толькі ў сацсетках. У Гомелі, падазрае бацька, Паўла Грыба адразу ж і затрымалі ды вывезлі ў Расію.

Ігар Грыб адзначае, што Павел паехаў у Гомель і мусіў вярнуцца ў той жа дзень, 24 жніўня. Калі Павел не вярнуўся, яго бацька на наступны дзень сам паехаў шукаць сына ў Гомель.

У Гомелі Ігар Грыб высветліў, што Павел знаходзіцца ў вышуку паводле артыкулу  “тэрарыстычны акт” (атр. 205 КК РФ), ініцыятарам вышуку з'яўляецца ФСБ РФ па Краснадарскім краі. У Гомельскай памежнай групе Ігар звярнуўся да дзяжурнага і  папрасіў паведаміць, дзе знаходзіцца сын, бо “у адпаведнасці з інструкцыямі, памежнікамі пры выяўленні ў пункце пропуску асоб, у дачыненні да якіх аб'яўлены вышук, праводзіцца іх затрымання з наступнай перадачай ведамству, якое ініцыявала вышук. У мяне спыталі асабістыя дадзеныя на Паўла і паабяцалі разабрацца”, — адзначае Ігар Грыб у Фэйсбуку. — Праз гадзіну-паўтара мне перадалі, што ніякай інфармацыі пра сына памежнікі не маюць, што з'яўляецца адкрытай хлуснёй! І сустракацца са мной памежнае кіраўніцтва адмовілася”.

Рэвалюцыю Годнасці Павел сустрэў з надзеяй на перамены ў краіне, згадвае бацька: “Пасля ваеннай агрэсіі РФ супраць Украіны, ён быў актыўным карэспандэнтам у сацыяльных сетках, часта падбіраў выразы адносна ворагаў Радзімы. Магчыма, гэта і стала падставай правакацыйных дзеянняў ФСБ РФ. Такім чынам, на гэтым прыкладзе відаць, што Масковія не спыніцца ні перад чым, і пойдзе на любую правакацыю”.

Сам Ігар Грыб — удзельнік АТА і валанцёр. Як ён паведаміў, Павел не браў удзел у АТА па стане здароўя, затое быў на Майдане. Становішча ўскладняецца тым, што Павел мае інваліднасць і мусіць увесь час піць лекі. Адсутнасць лекаў можа “прывесці да фатальных наступстваў”, хвалюецца бацька.