«Трэба яшчэ восем бухгалтараў». Чаму Беларусь — лідар у антырэйтынгу падаткавых сістэм

Даследчы праект The 1841 Foundation апублікаваў рэйтынг краін з найгоршымі сістэмамі падаткаабкладання. Беларусь заняла там найніжэйшую пазіцыю з пазнакай «як у пекле». «Свабода» паразмаўляла з беларускімі бізнесоўцамі аб спецыфіцы падаткаабкладання ў РБ і Польшчы.

_belarus_ekanomika_rynak_fota_novy_czas__1__logo.jpg.webp

Гэта сумесны амэрыканска-аргентынскі праект, яго высновы грунтуюцца на дадзеных Сусьветнага банку і Міжнароднага валютнага фонду.

У рэйтынгу дасьледчыкі разгледзелі падатковыя сыстэмы 82 краін, без уліку Афрыкі, Азіі і Аўстраліі. У тройцы найгоршых падатковых сыстэм, поруч зь Беларусьсю, таксама Вэнэсуэла і Аргентына. Пасьля ідуць Украіна і Бразылія. Расея ў рэйтынгу на 9 пазыцыі, таксама з пазнакай «як у пекле». А вось іншыя суседзі Беларусі ў рэйтынгу апынуліся на пазыцыі «нармальна». Найлепш дасьледчыкі ацанілі Літву, за ёй ідзе Латвія, а далей Польшча.

Дык чым жа адрозьніваецца падатковая сыстэма ў Беларусі і іншых краінах? Пра гэта мы пагаварылі зь бізнэсоўцамі з розных сфэраў, якія вымушаныя былі перавезьці свой бізнэс.

Шоў-біз: «Добрую сыстэму „рэзалі“ пасьлядоўна»

Анатоль (імя зьмененае на просьбу суразмоўцы) доўгі час быў прадпрымальнікам у Беларусі, працаваў у сфэры шоў-бізнэсу. Пасьля рэпрэсій і пратэстаў прадпрымальнік вымушаны быў выехаць зь Беларусі. Цяпер займаецца бізнэсам у Польшчы ў той жа сфэры. Кажа, што беларуская падатковая сыстэма для дробнага бізнэсу першапачаткова была зручная, але ўлады яе кардынальна зьмянілі.

«Доўгі час у Беларусі для малога і сярэдняга бізнэсу была вельмі зручная і адэкватная сыстэма — гэта спрошчаная сыстэма падаткаабкладаньня. Бізнэс да пэўнага абароту мог карыстацца гэтай сыстэмай і плаціць ня вельмі высокі падатак ад абароту. Усё было празрыста і зразумела. Прадумваючы нейкую апэрацыю, ты мог заплянаваць, які падатковы цяжар ты займееш. Пасьлядоўна гэтую сыстэму пачалі рэзаць, зьмяншаць сьпіс сфэраў, дзе яе можна прымяніць. Таксама прымаліся іншыя заканадаўчыя акты, каб ціснуць на прадпрымальнікаў. Бо ёсьць яшчэ іншыя зборы, патрабаваньні быць уключаным у рэестры і дазвольныя сьпісы. Цяпер атмасфэра сапсавалася. На сёньняшні дзень Беларусь сапраўды можа быць першай у антырэйтынгу, улічваючы апошнія захады ўладаў», — кажа бізнэсовец.

Прадпрымальнік кажа, што з 2007 году ў Беларусі пачалі спрашчаць умовы вядзеньня бізнэсу.

«Тады адмянілі многія ліцэнзіі і звузілі сфэру дзейнасьці, якая патрабавала ліцэнзаваньня. Спрасьціўся працэс рэгістрацыі бізнэсу. На практыцы гэта была адэкватная мера. Вядома, былі ўсялякія маніторынгі зь Міністэрства гандлю і з санстанцый, пра якія калі кажаш калегам з Польшчы, яны зьдзіўляюцца», — кажа бізнэсовец.

У Польшчы, на думку суразмоўцы, значна больш свабоды, але і больш адказнасьці ляжыць на самім бізнэсоўцы.

«У Беларусі ты ішоў па альгарытме, існавала сыстэма „адно вакно“, дзе ў адным месцы ты падаеш усе дакумэнты. У большасьці выпадкаў чыноўнік правяраў гэтыя дакумэнты, каб усё было ў наяўнасьці. У Польшчы, калі ты нейкую працэдуру мусіш зрабіць, ты мусіш сам у ёй разабрацца. Ніхто ня будзе за табой пераправяраць, каб ты не памыліўся. Тут больш свабоды і больш адказнасьці. У Беларусі ты ведаў, у каго спытаць пра новыя зьмены. Некаторыя адміністратыўныя працэдуры могуць заняць больш часу, чым разьлічваў», — кажа прадпрымальнік.

Глядзіце таксама

«Сыстэма ня надта складаная, але ўвесь час зьмяняецца»

Валянцін Сакалоўскі працаваў у Беларусі як прадпрымальнік у сфэры кансалтынгу, займаўся сфэрай гандлю, то бок сеткавымі крамамі ды іншым рытэйлам. Гэта і маркетынгавыя дасьледаваньні, і кансультацыі. У гэтай сфэры ён адпрацаваў больш за 10 гадоў. Пасьля рэпрэсій зьехаў зь Беларусі, бо пагражаў арышт. Цяпер працуе ў Польшчы як прадпрымальнік, але ў сфэры ІТ.

«Падатковая сфэра ў Беларусі, можа, і ня надта складаная, але яна ўвесь час зьмяняецца. Таму ты ня можаш плянаваць свае выдаткі і даходы. Нешта пераклініла ў чыноўнікаў, і ўвялі нейкі новы падатак ці нешта перагледзелі, зьмянілі. Ёсьць рэчы, якія не зьвязаныя з падатковай сфэрай наўпрост, але ўплываюць на яе. Напрыклад, рэгуляваньне цэнаў. То бок, апроч розных падаткаў, яшчэ адна жорсткая галіна для рэгуляваньня. Наўпрост гэта не падатак. Аднак з пункту гледжаньня рызыкаў табе трэба яшчэ 8 бухгальтараў, якія будуць хадзіць па выканкамах і гэта адсочваць, узгадняць нейкія паперы. Гандлёвыя сеткі павінны несьці адказнасьць ня толькі за тое, што робяць самі, але і глядзець за ўсім ланцужком паставак: што там у аптовых базаў з нацэнкамі, што зь лягістыкай», — кажа прадпрымальнік.

Валянцін таксама згадвае пра хібы заканадаўства, у якім часам складана разабрацца.

«Складанасьць вылічэньня ў Фонд сацыяльнай абароны, ці падаткаў, якія плацяць ня ўсе. Напрыклад, экалягічны падатак. Вельмі складана разумець заканадаўства, бо ўсё складзена ня вельмі зразумела. Самае галоўнае — абвінаваўчы ўхіл ва ўсіх спрэчках зь дзяржавай. Калі да цябе прыйшлі з праверкай, шанцы, што ўсё будзе добра, мізэрныя. У моманце сыстэма, можа, і ня надта складаная, але жорсткае рэгуляваньне і абвінаваўчы ўхіл робяць беларускую сыстэму падаткаабкладаньня вельмі складанай», — кажа суразмоўца.

Ён параўноўвае падаткі для ІП у Польшчы і Беларусі. У Польшчы адміністраваньне прасьцейшае і падаткі часам меншыя.

«У Польшчы ІП плаціць ад 5 да 17% падаходнага падатку, у Беларусі ІП плаціць ад 16%. То-бок у Польшчы можна плаціць менш. Калі параўноўваць з Польшчай, то гэта будзе не на карысьць Беларусі. Калі браць сытуацыю ў цэлым па рынку, то ў Польшчы будзе менш па адсотках, чым звычайна ў Беларусі. Да таго ж у Польшчы прасьцейшае адміністраваньне падаткаў.

Для нашых бізнэсоўцаў быў шок, што сам уласьнік можа падаваць падатковыя дэклярацыі і ня трэба наймаць бухгальтара. Гэта робіцца онлайн у адмысловым сэрвісе. Справа ж ня толькі ў памеры падаткаў. Адносіны польскай падатковай і судоў больш ляяльныя, яны разьбіраюцца ў бізнэсе. Не заўсёды нейкія памылкі караюцца штрафамі. А ў Беларусі штраф можа дасягаць 100% тых грошай, якія ты вырашыў зэканоміць, на думку падатковай. У Польшчы ўсё трактуецца на карысьць бізнэсу, а ў Беларусі — на карысьць дзяржавы», — тлумачыць бізнэсовец.

У 2022 годзе прадпрымальнікаў — юрыдычных асобаў у Беларусі працавала 115 001. Гэта на 1420 больш, чым у 2021-м. Індывідуальных прадпрымальнікаў на 1 кастрычніка 2023 году ў Беларусі засталося 256 549. Гэта на 13 597, або на 5,3%, менш, чым у леташнім кастрычніку.