Маглі пасадзіць бацьку. Стала вядома, чаму тэнісіст Мірны «пераабуўся» і выступіў за ўладу

Журналісты даведаліся, што стала прычынай змены грамадзянскай пазіцыі вядомага тэнісіста, алімпійскага чэмпіёна Максіма Мірнага. У 2020 годзе, жывучы ў ЗША, ён выступіў на баку народа, заклікаўшы лукашэнкаўскіх сілавікоў спыніць гвалт. Але цяпер вярнуўся ў Мінск і загаварыў пра тое, якое цудоўнае жыццё ў Беларусі.

Мікалай і Максім Мірныя. Фота "Камсамольскай праўды"

Мікалай і Максім Мірныя. Фота "Камсамольскай праўды"

Паводле інфармацыі спартыўнага выдання «Трыбуна», некаторы час таму ў сілавікоў узніклі падатковыя пытанні да бацькі Максіма Мірнага Мікалая, які курыруе працу некалькіх кампаній сямейнага бізнесу: ПУП «Мірны тэніс», ТАА «Мірны фітнес-цэнтр», ПУП «Мірны цэнтр».

Менавіта праз «нясплату падаткаў» рэжым часта зводзіць рахункі з «непажаданымі» бізнесменамі, альбо кідаючы іх за краты, альбо абдзіраючы, альбо і тое і другое разам.

Адзначым, што Максім Мірны жыве ў ЗША. У канцы кастрычніка 2023-га ён прыляцеў у Беларусь, да таго пра ягоныя візіты ў краіну з моманту выбараў 2020-га не паведамлялася. У Мінску экс-тэнісіст правёў трэніроўку для дзяцей, аб чым зрабіў пасты ў Instagram з эмодзі чырвона-зялёнага сцяга.

Таксама Максім заявіў, што шкадуе аб пазіцыі, выказанай ім пасля прэзідэнцкіх выбараў 2020 года ў Беларусі. Тады ў Instagram Максіма з'явілася пасада з заклікам спыніць гвалт у Беларусі. Пазней гэты пост быў выдалены, што заўважылі на пачатку 2021 года.


Глядзіце таксама

«Паўтаруся, я шкадаваў пра свай эмацыйны выступ. Я ў той перыяд быў пад моцным эмацыйным уздзеяннем кавіднага перыяду. Здарыліся нашы выбары 2020 года. Я не справіўся. Я жывы чалавек, мы ўсе схільныя рабіць памылкі.

Сёння, вярнуўшыся ў маю звыклую Беларусь, я адчуваю сябе спакайней, больш упэўнена. Бачачы сёння, што дзеецца ў свеце… Такое ўражанне, што ядро выбухнула і свет трашчыць па швах.

Я хачу пажадаць нам усім поспеху, цярпення і сіл, тых маральных сіл, якіх не хапіла мне. Несумненна, сёння я магу больш цвяроза глядзець на сітуацыю і судзіць па сітуацыі, якая ствараецца і адбываецца ў нас у краіне, чым гэта было пару гадоў таму, калі я быў удалечыні», – сказаў Мірны.

З красавіка 2021-га экс-тэнісіст уваходзіць у камісію спартоўцаў пры алімпійскім камітэце Лукашэнкі.