«Традыцыйныя каштоўнасці» Качанавай: чаму ў Беларусі не будзе «бэбі-буму»

Калі ты не ў стане пабачыць перспектывы, калі іх у цябе няма, калі няма вобразу будучыні і нават мараў пра яе, то, зразумела, чаму ў цябе нічога не атрымліваецца. І тым больш не атрымліваецца палепшыць дэмаграфічную сітуацыю, чаму на гэтым тыдні было нададзена шмат увагі.

_belarus_horad_ljudzi_pensijanery_2022_fota__novy_czas_logo.jpg

Масавая эміграцыя з краіны прывяла да таго, што ў Беларусі ўжо цяпер не хапае высокакваліфікаваных працоўных. А людзі з’язджаюць сем’ямі, і выязджае, найперш, «эканамічна актыўнае насельніцтва» ва ўзросце 20-45 гадоў. Зразумела, што гэта праблема, але ступень гэтай праблемы мы нават не падазравалі. Калі б нам на гэтым тыдні яе не патлумачылі старшыня Савета Рэспублікі Наталля Качанава і кіраўніца саюзу жанчын Вольга Шпілеўская.

Вольга Шпілеўская пасля сустрэчы з Качанавай заявіла журналістам, што ўлады павінны матываваць жанчын нараджаць хаця б другое дзіця, а наогул беларусам варта паглядзець на шматдзетныя сем'і Узбекістана — у тую краіну «не на 100% пранікла заходняя культура, заходнія каштоўнасці».

Вось гэтыя словы — пра «хаця б другое дзіця», — ёсць яскравым прыкладам таго, якая ў дзяржавы палітыка: сацыяльная, эканамічная, і палітыка ўвогуле. Калі муж і жонка не заводзяць нават другое дзіця — не трэцяе, не чацвёртае, — самы час запытацца, што не так.

А «не так» жа, насамрэч, проста ўсё. Давайце паставім сябе на месца людзей, якія вырашылі завесці дзіця. Зразумела, яны хочуць свайму чаду добрай будучыні. І вось яны глядзяць на беларускую рэальнасць, і думаюць, як іх можа падтрымаць дзяржава. Найперш, дзяржава падтрымлівае сем’і з трыма і больш дзецьмі, а першага і другога — не падтрымлівае. Ладна, тут можна па-першасці перабіцца на дэкрэтным адпачынку і ўсё такое. Можна перацярпець, праўда?

Аднак потым дзіця давядзецца аддаваць у садок. Садкі перапоўненыя, а прыватныя дзіцячыя ўстановы знішчаныя як «недобранадзейныя», — зноў праблема. Потым дзіця пойдзе ў школу, і замест гісторыі Беларусі будзе вывучаць дзяржаўную ідэалогію, а замест англійскай мовы — нічога вывучаць не будзе. Памятаеце, на мінулым тыдні генпракурор Швед абурыўся, што занадта ўжо шчыльна дзецям выкладаюць замежныя мовы, кшталту «мы што, рыхтуем працоўную сілу для Захаду?» Хаця цяпер без ведання англійскай — нікуды, гэта ўжо глабальная мова, мова кампутараў і высокіх тэхналогій.

Што пасля школы? Дзіця пойдзе ў вну, каб потым 10 гадоў адпрацоўваць па размеркаванні? Ці ў войска, дзе, дзякуючы нашай «мудрай» палітыцы, ёсць пастаянная небяспека ўвязвання ў нейкі зусім не мірны канфлікт?

Глядзіце таксама

А пасля 10 год размеркавання па заканчэнні вну чалавеку ўжо — «пад трыццатнік». І далей… А далей Качанава абураецца, што сярэдні ўзрост уступлення ў шлюб у Беларусі — 27 гадоў.

І чаго абурацца? Як інакш, калі сама сістэма, выбудаваная Качанавай дый Лукашэнкам — памятаеце яго словы пра тое, што «дэкрэт, не дэкрэт, а працаваць па размеркаванні абавязаныя» — проста не дае магчымасці ўступаць у шлюб і нараджаць?

Таму няма чаго наракаць на нейкія «заходнія каштоўнасці» і абараняць каштоўнасці «традыцыйныя». Развагі, якія прыведзеныя вышэй — гэта простыя крокі па банальным планаванні сям’і. Сістэма, якая дазваляе шлюб толькі прыкладна ў 27 гадоў — не заходняе вынаходніцтва. Гэта цалкам нашыя «напрацоўкі па размеркаванні».

Дарэчы, наконт традыцыйных каштоўнасцяў і Дня святых Пятра і Фяўронні замест Дня святога Валянціна. Гісторыя Пятра і Фяўронні пачалася з таго, што сялянская дзяўчына Фяўроння паабяцала князю Пятру вылечыць яго ад хваробы ўзамен на вяселле. То-бок, згодна з тымі «традыцыйнымі каштоўнасцямі», якія прапагандуе Качанава, норма — гэта шлюб шляхам шантажу: «альбо ажаніся, альбо памрэш». Выдатны прыклад традыцыйнай маралі, дзе пра ўзаемнае каханне — ані слова.

А вось «заходні святы Валянцін», які вянчаў закаханых насуперак забаронам, і за гэта быў забіты — гэта кепска, правільна?

Праблема дэмаграфіі — гэта праблема не каштоўнасцяў, заходніх ці ўсходніх. Гэта праблема якасці жыцця і ўпэўненасці ў будучыні. А калі ў большасці беларусаў «гарызонт планавання» — у лепшым выпадку месяцы тры, то пра якую ўпэўненасць у будучыні можна казаць? Калі няма акрэсленых «правілаў гульні», калі ў краіне дагэтуль «не да законаў», калі ў любы момант да цябе на працу могуць прыйсці «правяраць тэлефоны», а ГУБАЗіК з зайздроснай рэгулярнасцю робіць аблавы ў рэгіёнах — ці можна ў такой сітуацыі планаваць лёс дзіцяці?

І вось тут мы і ўпіраемся ў тое, што «краіна не да законаў» не можа і не здольная на «дэмаграфічны выбух». А стварыла і падтрымлівае гэтую краіну «не за законаў» сама ж Качанава, якая цяпер лье слёзы: чаму беларускі не нараджаюць? Ды таму, што гэта вынік працы і Качанавай у тым ліку!

Калі мы паглядзім на дэмаграфічныя выбухі — «бэбі-бумы» — у Беларусі, то стане зразумела, што найбольшая нараджальнасць у РБ была ў 1965-1970-х гадах (эпоха «стабільнасці і застою», і ў той жа час — пост-перыяд «хрушчоўскай адлігі») і 1985-1987 гады — ужо гарбачоўская «Перабудова». То-бок, у той час, калі людзі, калі не ясна бачылі, але хаця б адчувалі, што могуць адбыцца ладныя перамены да лепшага, у які — лепшы час, — могуць і будуць жыць іх дзеці.

Павышэнне нараджальнасці — гэта яшчэ і пытанне перспектыў. А якія могуць быць перспектывы ў сучаснай Беларусі? Ці адкажа шчыра на гэтае пытанне спадарыня Качанава?

Глядзіце таксама

І не трэба думаць, што Беларусь тут аказалася ў нейкай нетыповай і незвычайнай сітуацыі. Маладыя палякі ў пошуках перспектыў з’язджаюць у «старую Еўропу». Туды ж імкнецца моладзь краін Балтыі. Украінцы і грузіны едуць у пошуках «лепшай долі» на месца палякаў, што з’ехалі ў «старую Еўропу»… Усе хочуць лепшага жыцця і самарэалізацыі. Не едуць з краіны толькі ў адным выпадку — калі перспектыва добрага жыцця і самарэалізацыі ёсць у самой краіне.

Але для гэтага краіна павінна глядзець наперад, у будучыню. У нас жа ўлада заклапочаная не развіццём, а дэградацыяй, яна глядзіць не наперад, а назад, у сацыялістычныю мадэль, у «размеркаванне», і… Так, у тыя самыя «традыцыйныя каштоўнасці». Якія, па меркаванні Качанавай, павінны былі б спрыяць нараджальнасці, але насамрэч — замінаюць ёй.

Бо, пагадзіцеся: «традыцыйныя каштоўнасці» — гэта погляд у мінулае. А мінулае — ужо мінула, і ніякіх перспектыў там проста няма і быць не можа па вызначэнні.