Традыцыйная акцыя ўшанавання ахвяраў камуністычных рэпрэсіяў у Курапатах (фота)

Учора, 29 сакавіка, у Курапатах адбылася традыцыйная акцыя Руху салідарнасці «Разам» па ўшанаванні ахвяраў камуністычных рэпрэсіяў.

 

img_1625.jpg

Нягледзячы на холад, на Курапацкай Галгофе сабраліся 9 актывістаў.

Выступалі Вячаслаў Сіўчык, Алена Талстая, Аляксей Туровіч.

Хвілінай маўчання ўшанавалі памяць айцоў-заснавальнікаў БНР, якія загінулі ад камуністычных рэпрэсіяў. Вячаслаў Сіўчык прапанаваў, каб Рух салідарнасці “Разам” усталяваў крыж у іх памяць 29 лістапада — у дзень прыняцця ІV Устаўной Граматы БНР.

Вячаслаў Сіўчык таксама падзякаваў кіраўніцтву Руху за асабістую мужнасць 25 сакавіка, а найперш сустаршыні Алене Талстой і міжнароднаму каардынатару Ігару Лялькову, — адзіным палітыкам, якія дайшлі да плошчы Якуба Коласа і незаконна былі затрыманыя там.


img_1631.jpg

Алена Талстая выказала словы ўдзячнасці сябрам Сойма Руху салідарнасці “Разам” Славаміру Адамовіча і Ніне Багінскай, якія былі затрыманыя прэвентыўна, і актывістам арганізацыі Валеру Бычкоўскаму і Аляксею Кулашкову, а таксама прачытала верш народнага паэта Рыгора Барадуліна, які меўся прагучаць 25 сакавіка на плошчы, але прагучаў у Дзень Волі ў Савецкім РАУС: “25 сакавіка — Годны дзень Беларускай дзяржавы!”

Алена Талстая адзначыла, што ёй дадае сілы мужнасць нашых людзей і тое, што нашыя жанчыны-актывісткі здольныя былі прайсці тым маршрутам, якім павінны быў прайсці Марш 25 сакавіка, і ўскласці кветкі да помніку Максіму Багдановічу.

Рэжысёр Аляксей Туровіч паведаміў, што фільм “Жоўты пясочак” па твору Васіля Быкава на Youtube паглядзелі ўжо каля 2 мільёнаў чалавек з розных краінаў свету.

img_1637.jpg

Сябра Сойма Руху салідарнасці “Разам” Ніна Багінская, якая ў знак пратэсту супраць рэпрэсій на Дзень Волі нашыла на свае паліто лозунг “Свабоду народу!”, прачытала верш народнага паэта Ніла Гілевіча:

Будзьце пракляты вы, каты свабоды!
Вы, што душылi i душыце нас!
Вы, акупатары нашай гасподы,
Нашых багаццяў i нашых украс!”

img_1635.jpg

Акцыя ўшанавання скончылася малітвай “Ойча Наш”, гімнам “Магутны Божа!”, запальваннем знічак і ўскладаннем кветак да памятнага каменю на Курапацкай Галгофе і да Крыжа Пакутнікам Беларусі.

Напрыканцы, па традыцыі, тройчы прагучала “Жыве Беларусь!”

Паводле прэс-групы Руху салідарнасці “Разам”