Той жнівень у Мінску забыць немагчыма…
Спадарыня Валянціна (імя гераіні змененае з пытанняў бяспекі родных. — НЧ) адна з старэйшых беларускіх эмігрантак у Польшчы. У жніўні 2020 года ўдзельнічала ў пратэстах пенсіянераў, адбывала суткі на Акрэсціна і ў Жодзіне. Дагэтуль трымаецца аднаго з лозунгаў тых незабыўных дзён: «Верым! Можам! Пераможам!»
Удзельнічала ва ўсіх маршах пенсіянераў
Са спадарыняй Валянцінай сустрэліся ў беларускай кавярні. Яна ў адмысловай белай цішотцы з чырвоным надпісам: 23.34. Падпісвае паштоўкі для палітвязняў і сумна заўважае, што ім цяпер патрэбная дапамога, як нікому іншаму.
Размаўляе па-руску, праўда, кажа, што сама беларуска, нарадзілася аж у Хабараўскім краі – яе тата быў вайскоўцам, беларусам па нацыянальнасці. Мяне ўражвае яе ўзрост, хаця зразумела запытацца наўпрост пра гэта ў жанчыны не магу, а яна разумеючы маё жаданне тактоўна кажа, што на пенсіі знаходзіцца ўжо даўно.
Апавядае, што ў пратэсты разам з іншымі пенсіянерамі пайшла ад самага пачатку, удзельнічала ва ўсіх Маршах мудрасці, якія адбываліся ў Мінску. Зрэшты, тады на ўсю краіну прагрымелі іх сталічныя акцыі.
Адбывала пакаранні на Акрэсціна і ў Жодзіне
Першы раз спадарыня Валянціна была затрымана за ўдзел у дваравых маршах і асуджана на 14 сутак. Тры з іх правяла на Акрэсціна, а астатнія ў Жодзінскай турме.
Згадваючы пра Акрэсціна, спадарыня Валянціна кажа, што там ёй ніякіх скідак на ўзрост ніхто не рабіў. Як і астатнім давялося прайсці ўсе катаванні: 5 гадзін у стакане (высокая вузкая бетонная камера без вакон), гучная музыка, лямпачка, якую ніколі не адключалі, а яшчэ знаходзілася ў адной камеры з бяздомнай жанчынай.
Другі раз яе затрымалі за ўдзел у акцыі ў падтрымку беларускай мовы. Тады ў электрычцы арыштавалі 26 пенсіянераў за тое, што яны чыталі кніжкі беларускіх пісьменнікаў.
Паколькі з моманту першага затрымання мінуў толькі месяц, паводле маёй суразмоўцы, у РАУС допыт быў жорсткі. Адтуль хуткая завезла яе ў шпіталь з дыягназам «гіпертанічны крыз». Там спадарыня Валянціна заразілася кавідам і суд над ёй адбыўся пасля выздараўлення. Паводле рашэння суда яна мусіла заплаціць 45 базавых велічынь штрафу, што складала тры яе месячныя пенсіі.
Ёй згадваецца тая атмасфера, якая панавала падчас затрыманняў і арыштаў, калі баішся адказваць па тэлефону, баішся адчыніць дзверы, калі звоняць у кватэру.
— У нас у кватэры коцікі жывуць і раней, калі нехта званіў у дзверы, яны палохаліся і з грохатам разбягаліся, — згадвае жанчына. — А падчас арыштаў, калі нехта званіў у дзверы, мы заміралі, хавалі тэлефоны, а коцікі таксама спыняліся, паціху разварочваліся і на дыбачках разыходзіліся ў розныя бакі. Гэта было нешта неверагоднае.
Спадарыня распавядае, што знаходзячыся ў турме ў Жодзіна, ёй, як і многім іншым, здавалася, што вось-вось усё гэта скончыцца, перамога блізка. І нават ахоўнікі імкнуліся быць з імі лаяльнымі, скардзіліся на свой цяжкі лёс. Ёй да канца тады не верылася, што ўсё гэта адбываецца з ёю. І як наогул яе, законапаслухмяную грамадзянку, маглі пасадзіць у турму.
Разам у камеры знаходзіліся маладыя дзяўчаты-студэнткі. І яна, гледзячы як няпроста ім даводзіцца, імкнулася падтрымаць і падбадзёрыць. Распавядала розныя гісторыі, дзялілася жыццёвым вопытам, каб нейкім чынам іх усцешыць.
— Калі я бачыла, што ім зусім няпроста, казала ўставаць і пачынаць танчыць, — выціраючы слязу апавядае жанчына. — Калі нас у халодныя дні выводзілі на прагулку, то я заўсёды з дзяўчатамі танцавала на вуліцы, каб сагрэцца.
Той жнівень 2020 у Мінску забыць немагчыма
Што яшчэ назаўсёды застанецца ў яе памяці – атмасфера, якая панавала ў жніўні 2020 года ў Мінску. Спадарыня, пражыўшы добры адрэзак жыцця, ніколі нічога падобнага раней не перажывала.
—У 2020 годзе было нешта несамавітае. Там па вачах было відаць, што гэта нашы людзі, дух адзінства, мы разам… — эмацыйна распавядае яна.
Цяпер штодня спадарыня Валянціна сочыць за навінамі з Беларусі і не перастае здзіўляцца жорсткасці ўлады. Паводле яе, ім напэўна няма ўжо чаго губляць, бо за ўсё тое, што яны зрабілі давядзецца адказваць па Закону. Спадарыня за тое, каб ва ўсім і з кожным разабраўся справядліва суд.
— Я б не хацела, каб Лукашэнка проста памёр, а каб патрапіў на лаву падсудных і адказаў перад Законам. Мне здаецца, што ён зараз не ў стане наогул ацаніць узровень зла, якое ён учыніў для грамадзян Беларусі, — падсумоўвае жанчына.
Мая суразмоўніца не хавае, што сумуе па дому. Бо як жа інакш — там блізкія, сябры, коцікі, лецішча, кветкі пад балконам і ўсё, маўляў без яе. Яна, як і ўсе, чакае зменаў і наколькі гэта магчыма імкнецца іх наблізіць. На сваё жыццё не скардзіцца, верыць, што перамены ў Беларусі наступяць.
— Хочацца перамен, прычым глабальных і ва ўсім, — кажа яна ўпэўненым голасам. — І ў эканоміцы, і ў палітыцы, і ў кіраванні краінай. Мы ўжо зайшлі ў такі тупік, што трэба ўсё пачынаць спачатку.
Нельга здавацца…
Я запытаўся спадарыні — чаму яна носіць цішотку з надпісам 23.34? Аказалася — гэта падарунак. Яна атрымала яго, калі выйшла з сутак. Яе сустрэлі суседзі і сябры з кветкамі, тортам і з гэтым падарункам.
— Я калі ўсё гэта пабачыла, то сказала, што не плакала нават у турме, а вы мяне тут давялі да слёз…
Самае цікавае, як высвятляецца ў нашай размове, спадарыня Валянціна дажыўшы да пенсійнага веку, ніколі не была сярод актывістак, працавала ў банку і, як згадвае сама, за працай падчас не было калі нават галаву падняць, не тое, што яшчэ хадзіць на акцыі.
А вось 2020 год многае змяніў у яе жыцці. Цікаўлюся, што ўсё ж падштурхнула выходзіць на пратэсты?
Паводле жанчыны, тады шмат што абурыла: стаўленне ўлады да людзей падчас ковіда, якога нібыта не было, і цынічныя адносіны да апазіцыйных кандыдатаў падчас выбарчай кампаніі, і, урэшце, тая ні з чым не параўнальная жорсткасць падчас разгону мірных пратэстаў.
— Ну таму што ўсё гэта абурыла, абурыла стаўленне да людзей. Пабоі, катаванні — усё гэта падняло не толькі мяне, але ўсіх людзей, таму і былі такія масавыя пратэсты, — упэўнена адказвае мне спадарыня Валянціна.
І яшчэ дадае:
— Здавацца нельга. І нават тут у эміграцыі праходзяць акцыі, але я адчуваю, што нам трэба часцей выходзіць на падобныя мерапрыемствы. Нам нельга здавацца, бо тое, што і надалей адбываецца ў Беларусі, абурае людзей.