Тэрытарыяльна-адміністрацыйная рэформа. Бессэнсоўная без самакіравання, непатрэбная без прывязкі да колькасці жыхароў

Тэрытарыяльна-адмініністрацыйны падзел Беларусі канчаткова склаўся прыкладна паўстагоддзя таму, калі ў першыя гады брэжнеўскай улады былі адноўлены некаторыя ліквідаваныя пры Хрушчове раёны. З тае пары гэты падзел амаль не мяняўся. Толькі ў 1989 годзе для чарнобыльскіх перасяленцаў быў заснаваны Дрыбінскі раён, ды адна за другой ідуць хвалі ліквідацыі апусцелых сельскіх саветаў.

Адзін з варыянтаў тэратарыяльна-адміністрацыйнага пераўладкавання Беларусі. Крыніца: bramaby.com

Адзін з варыянтаў тэратарыяльна-адміністрацыйнага пераўладкавання Беларусі. Крыніца: bramaby.com

Беларусь наогул ідэальная для кіравання з цэнтра краіна. У цэнтры Мінск, вакол яго шэсць больш-менш аднолькавых абласцей з прыкладна аднолькава аддаленымі ад сталіцы цэнтрамі. Фактычна пра ўсё прэзідэнт можа спытаць з сямі чалавек, кожнаму з якіх падпарадкоўваюцца каля дваццаці старшыняў райвыканкамаў (толькі ў Мінску раёнаў усяго дзевяць). Таму не дзіўна, што за амаль тры дзесяцігоддзі незалежнасці ў гіперцэнтралізаванай Рэспубліцы Беларусь тэрытарыяльна-адміністрацыйная рэформа так і не адбылася.
Помніцца як са сваімі праектамі тэрытарыяльнай рэформы яшчэ ў 90-х гг. выступала парламенцкая апазіцыя і дзеячы Фонду імя Льва Сапегі, напіраючы на неабходнасць зменшыць вобласці, вярнуцца да «гістарычнага» падзелу на паветы ды, магчыма, ваяводствы. І вось праз шмат-шмат гадоў, у канцы лета гэтага года, з прапановамі па тэрытарыяльна-адміністрацыйнай рэформе ўжо выступілі спецыялісты, якія абслугоўваюць беларускую ўладу. Краіну прапануецца падзяліць на 18 акругаў, ліквідаваўшы пры гэтым раённы ўзровень. Пры тым «нарэзка» акругаў адбываецца ў рамках існуючых цяпер абласцей, што нелагічна і прыводзіць да яўнай дыспрапорцыі і ў насельніцтве і ў памерах запланаваных акругаў. Напрыклад Аршанская акруга будзе складацца з трох цяперашніх раёнаў, а суседняя Магілёўская аж з шаснаццаці. Увесь гэты перадзел абгрунтоўвацца неабходнасцю развіваць «сярэднія» беларускія гарады, а таксама спрасціць жыццё вяскоўцам.
Наколькі ж тэрытарыяльная рэформа такога кшталту патрэбная? Усім, і ўладам, і спецыялістам, і грамадству відавочна адно — патрэбныя змены і іх неабходнасць прадыктаваная выміраннем беларускай вёскі, а цяпер не толькі вёскі, але і малых гарадоў. Паўстагоддзя таму ў Беларусі жыло амаль 9 мільёнаў чалавек, крыху менш, чым цяпер, але з улікам таго, колькі беларусаў цяпер жыве і працуе за мяжою, то бадай столькі ж. З іх 58% тады жылі ў вёсцы, цяпер жа ў весцы жыве толькі каля 20% насельніцтва, пры чым збольшага пенсійнага ўзросту. Беларусь сёння з’яўляецца самай урбанізаванай краінай Еўропы, пасля Вялікабрытаніі і Бельгіі, апярэджваючы па працэнту гараджан нават Германію. Сярэдняя колькасць насельніцтва беларускага раёна без вялікага горада ў цэнтры — усяго 15 — 17 тысяч чалавек, такая самая як у сярэдняй польскай гміне — па нашаму, сельскім савеце. На карце краіны ўжо можна налічыць каля дзесяці раёнаў, дзе колькасць насельніцтва меншая за 10 тысяч чалавек — прыкладна столькі жыве ў Мінску на вуліцы з дзясяткам-другім шматпавярховікаў.
Усё гэта наступствы празмернай канцэнтрацыі ўсяго — вытворчасці, грошай, навучальных устаноў у цэнтры краіны і, у нейкай ступені, у абласных цэнтрах. Мінск стварае вакол сябе вялізарную варонку, якая захапіла нават суседнія раёны іншых абласцей. І спыніць рост насельніцтва ў ім, гледзячы па ўсім, не змогуць нават заявы на ўзроўні Савета міністраў. Сёння ў Мінску жыве 23% насельніцтва краіны, для параўнання прыкладна ў такой самай па памерах Варшаве жыве ўсяго каля 5% палякаў. Між тым такая канцэнтрацыя насельніцтва ў сталіцы краіны — класічная прыкмета наяўнасці праблем у рэгіёнах.
Думаю, што прапанаваная тэрытарыяльна-эканамічная рэформа мала што зменіць у гэтай сітуацыі, паколькі працэсы вымірання вёскі і ўрбанізацыі краіны зайшлі занадта далёка. Магчыма, гадоў трыццаць таму ў ёй сапраўды яшчэ і быў нейкі сэнс, але цяпер не. Здаецца, тое добра разумеюць улады, і не пойдуць на такія радыкальныя і ў цэлым бессэнсоўныя перамены. Хутчэй за ўсё максімум што можа адбыцца ў бліжэйшы час — гэта ліквідацыя якога дзясятка апусцелых беларусіх раёнаў.
А наогул — тэрытарыяльна-адміністрацыйная рэформа — гэта не пра тое, якімі фармальнымі межамі парэзаць лясы ды палі, гэта найперш пра самакіраванне. Самакіравання мала, асабліва, як гэта не дзіўна, у гарадах. Калі ў беларускім сельсавеце жыве 3 — 4 тысячы чалавек і яго старшыня збольшага сапраўды ведае ўсіх, то ў гарадскім раёне тысяч 100 — 200 (а часам і да 450) !!! А ніжэй раённай улады, бліжэй да людзей у гэтых манструозных гарадскіх раёнах да людзей хто? Можа толькі тэхнакратычныя ЖЭСы?!
Карацей калі ўжо і мяняць тэрытарыяльна-адміністрацыйны падзел Беларусі, то не сыходзячы з прасторы, а сыходзячы з колькасці жыхароў. Патрэбна найніжэйшая форма ўлады (у Літве, напрыклад, гэта староства — сянюнія) якая і ў горадзе на 300 тысяч, і ў мястэчку на 10 — 15 тысяч, і ў вёсцы на пару дзясяткаў чалавек будзе аб’ядноўваць прыкладна аднолькавую колькасць людзей і кіраўніцтва якой будзе рэальна блізкае да народа, будзе цалкам людзьмі абірацца, уключаючы старасту. Сыходзячы з такога прынцыпу Беларусь насамрэч можна было б падзяліць на 30 — 35 паветаў, кожны з якіх складаўся б з 6 — 8 старостваў, фактычна павялічаных у 3-4 разы сельскіх саветаў. У такім старостве жыло б ад 10 тысяч (на вёсцы) да 30 тысяч насельніцтва (у гарадах). Паветы былі б ў першую чаргу адміністрацыйнымі цэнтрамі, цэнтрамі ўлады, а староствы цэнтрамі самакіравання.
Такой рэформы, гледзячы па ўсім, нам прыйдзецца чакаць яшчэ доўга, але думаць пра гэта варта ўжо цяпер.
Паводле АРХЭ