Таварыш Страх. Чаго баяцца чыноўнікі?

Мой знаёмы — малады кампазітар Максім Іўкін — патэлефанаваў: “Ці можна было б у Падсвіллі трапіць на сцэну — я прывёз бы свой гурт “Балцкі Субстрат”? Год жа культуры…” Канцэрт не адбыўся. І вось чаму...



brodude_ru_2_04_2014_rzcuiebzndzxk.jpg

Ілюстрацыя brodude.ru

Ветлівая згода

І я ўжо мяркую, як ажыццявіць прапанову. Максім мне падабаецца як чалавек і творца — ведаю з часу універсітэцкай яго вучобы. Далей ён апанаваў марай і вучэбнай працай Акадэмію музыкі.

— Якую музыку піша Максім? — пытаюся ў дачкі.

 — Спецыялізаваўся па фальклору. Во — нядаўна чула дзьве песні ля помніка Міцкевічу. Прыгожыя мелодыі.

Адразу разважаю: у Падсвіллі, у ДК, збіраюцца толькі на канцэрты мясцовыя. І святочныя. У школу запросім! Там глядач ёсць.

З арганізатарам пазашкольнага выхавання — Марынай Алегаўнай — дамовіліся імгненна. Адно яе зацікавіла — білеты. Дык білетаў не трэба. Канцэрт дабрачынны. І я ўжо ведаю, што слухаць канцэрт можна ў пятніцу, у гадзіну класнага часу. Застаецца перамовіцца па вызначэнню даты.

Спыніліся на дні 12-га лютага. Максім намерыўся ўвесь гурт не весці, спачатку паспрабаваць густ гледача. Папрасіў запрасіць каго з ДК, для азнаямлення, каб потым выйсці на большую сцэну. Ён карэктаваў праграму для старэйшых школьнікаў. А мяне не пакідала падрыхтоўчая трывога: сустрэць і настроем, і гледачом, каб збылася прыгажосць, у якую душа верыць. Я адклала свае юбілейныя творчыя падрыхтаванні і напрацягу трох тыдняў перыядычна з’яўлялася ў школе перад вачыма Марыны Алегаўны. У перадапошні дзень перад дырэктарам — Лідзіяй Іванаўнай, якая ні ў чым не сумнявалася, свяцілася з вачэй згодай і добрай душой.

Яшчэ б!.. Уся мая творчая праца жыцця — на вачах школы: у сустрэчах, у сувязях, у сяброўстве. Хоць школа і рускамоўная, але ж беларускай праграме мастацкага выхавання ніхто не пярэчыў. І наблізіўся дзень ушчыльную. Я зноў — да дырэктара. Падумала, што перад выступленнем госці не паспеюць да мяне на гарбату, дык запытаюся у Лідзіі Іванаўны.

— Ды безумоўна не праблема — для двух чалавек…

Я і пра мікрафоны запыталася…

— У нас іх чатыры.

Выбягаю ўдзячная і радасная. Званю Максіму…

Пад вясёлку сустрэчы

Заўтра пятніца. Спланаваць увесь рух да чатырнаццаці гадзін! Устаць рана. Згатаваць ежу для гасцей. Збегаць на Палескую, дзе — хата асірацелая. Ды што хата? Каток!

Памерла гаспадыня, у якой ён быў у доглядзе. А застаўся на лютым марозе. Пакласці кату ежу і бегчы два кіламетры да вакзала — сустрэць гасцей. Незвычайных! Маладых. Двух сяброў гурта “Балцкі Субстрат”. А цяпер яшчэ знайсці настаўніцу музыкі, каб праверыла мікрафоны, ці працуюць. І ўсё падвесці пад вясёлку сустрэчы.

“…І да дзвярэй не падыходзьце!”

Укленчыўшы, стаўлю місачку з ежай за “каціныя дзверы”. Імжа. Мокрадзь. Звініць мабільнік. Вызваляю з рэчаў тэлефон…

         — Извините, Мария Яковлевна! Вынуждена вас огорчить… Концерт не состоится!..

Добра, што — на каленях, нізка ля долу. Як іскрамётны слуп ударыў у свядомасць; змяшаліся думкі, пытанні.

         — Што здарылася? .. Чаму?.. Як?.. За што такое?.. Здрада, забойства…

         — Зачем они дали объявление на сайте БНФ, что едут, что пригласила школа?.. Затем напишете, что школа не приняла… В понедельник меня уволят с работы… если состоится концерт… Не приводите их в школу!! К двери не подходите!

         — А куды весці? — крычыць мой адчай. І што я ім скажу цяпер? Яны ж едуць ужо з Маладзечна, пазванілі… Разумееце? Едуць! Радасныя!! Дык мы ж усё роўна павінны да вас зайсціся за тлумачэннем… Мы прыйдзем у кабінет. Вы ім і скажыце прычыну…

         — Ни за что не заходить!!   

Я с калатнечай сэрца спрабую пераканаць:

         —Я кі сайт?.. Гэта не БНФ!!! Нават, калі і БНФ, дык што? Ці мала хто і дзе піша!! Яны да гэтага не маюць ніякіх адносін. Што ж вы робіце са мной, з імі? На што гэта падобна?

Ніяк не магу зразумець стыхійную адмову. Пярун не з неба па мне, а са школы. І я — на прыступках Данілавай хаты. На Каляды тут, на кухні, смяртэльна завалілася  Антаніна Іванаўна. Хуткая дапамога не выратавала. Што яны робяць са мной? Што я зраблю з маімі спевакамі, калі праз гадзіну сустрэну іх на станцыі? Тры тыдні Максім быў на сувязі са мной, акрылёны марай.

Але дзіва — я ўсё-ткі паднімаюся, выпрастваю калені, хоць цела адчуваю мякка-хісткім. Бо мне на ўсе мае пытанні-супрацівы-мольбы — адно: не падыходзіць з маёй мастацкай камандай да дзвярэй школы.

Кіруюся (тут блізка) да Алесі Місевіч — прасіць, каб і яна не адмовілася, хоць бы прывесці іх да майго дому. Бо ўжо канцэрта не будзе. Мае сілы здалі. Ногі падкашваюцца. “Не дайду да дому з дружаскай” размовы.

На другіх прыступках таксама званок. Зычны, выразны, хоць і расхваляваны, голас Марыны Алегаўны: агучвае маё вуха бядой:

— Не в коем случае не ведите их в школу! И близко не подходите!

— І да агарожы? Дык што гэта сапраўды званок з аддзела?..

— Да!!! Прошу вас…

Мяне заўсёды просяць, і я не адмаўляю просьбам. Але тут ува мне — вар пратэсту ў разгары кіпення: што гэта за вар’яцтва?! Каму сказаць пра такое? Мільганула думка: музычная школа… Сябра ТБМ — Мікалай. Ён мне і кажа: “Дык у нас у школе, давайце ў пятнаццаць гадзін…” Вось, думаю, можа гэта ратунак? І, як за саламінку, хапаюся за прапанову.

Нейкія бэнээфаўцы?

Сустракаю Максіма і Ганну. Ідуць насустрач ветлівыя — прыехалі. Максім — аж з Быхава. Дзеці мае. Ну, трэба ж неяк паведаміць пра забойную непрыемнасць.

— Перамены нечаканыя ёсць — канцэрт будзе пазней на гадзіну і не ў той школе — у музычнай.

— Чаму? — Максім ўгледзеўся ў мяне незвычайна, разгублена. І я адчуваю сябе нібы вінаватай.

Кажу пра сайт БНФ. Сама ж здагадваюся, што гэта “Весткі…” І Максім:

— Я не дачыняюся да гэтага сайта, я не ведаю пра яго. Можа яны “Весткі…” блытаюць…

— Дык для чаго інтэрнэт, — разважаю, — каб баяцца сайтаў? Ці, каб мець зносіны, ведаць пра падзеі, паведамляць пра свае цікавыя навіны?..

— Дык мы і напісалі на “Вестках…”, бо сябры з Полацка хочуць пачуць канцэрт, прыедуць… А што цяпер рабіць, калі выступ у тры гадзіны? І як ім сказаць, дзе?..

Столькі разгубленасці і пытанняў наступіла! І я ведаю, што ніхто іх не будзе слухаць. І адказ ужо мне вядомы. І бяру смеласці, кажу гэта Максіму. А ён не можа ўцяміць абсурду.

— Што мы якія ў масках? Чаму нас не пускаць у школу? У Маскве, у Санкт-Пецярбургу выступалі, па ўсёй Беларусі ў розных раёнах. Во ў Параф’янаве нядаўна. Тут жа зусім побач. І нас прымалі ветліва.

Сапраўды, як уцяміш, калі пра гэта і не падазраваў, не рыхтаваўся да такога бязглуздага здарэння. Як мог падумаць выкладчык і кампазітар Максім Іўкін, што ў нашых закутках, кожны, хто глядзіць беларуска-расійскі канал, маюць цвёрдую “дасведчанасць”, што БНФ — дзікі звер. Ён тут ад пачатку рэвалюцыйнага перавароту — пудзіла для ўсіх, хто выпісвае раёнку для прагляду “Тэлетыдня”. Або мае зусім ніякае ўяўленне. Ідзе, напрыклад, які незнаёмец-ветэран пры медалях па вуліцы Кастрычніцкай, а сусед кажа: “Вунь нейкі бэнээфавец пайшоў”.

Бачна, што і для тых, хто нас не пусціў у школу, усе не дзяржаўныя сайты — ёсць сайт БНФ.

У школе вывучаюць творчасць Быкава. І па ўсяму павінны ведаць, што пісьменнік стаяў у вытокаў БНФ. Таксама і Барадулін.

“Государевы люди

Да дзвярэй школы мы ўсё ж прыйшлі. І нават за дзверы ступілі. Максім мне потым нагадаў, як заўгас пазваніла дырэктару: “Мы её задержали”.

— Во дык Падсвілле! І вы тут жывяце, Марыя Якаўлеўна?

— Гэта званок у школу ўсё зрабіў. Дагэтуль жа мяне пускалі. Мабыць “Субстрат” спанталычыў? Ды яшчэ “балцкі”… Калі б гурт называўся — “Лявоны” ці “Матроны”?..

Максім усё ж азнаёміў Лідзію Іванаўну са зместам сайтаў. Надаў ёй нейкі спакой. Але ж выступ не адбыўся. І школа разнесла страх. Ні ў ДК, ні ў музычную школу, ні ў біліятэку (з песнямі) не пусцілі.

Дырэктар ДК, якая з радасцю абяцала з’явіцца на канцэрт усім калектывам, суха і катэгарычна сказала: “Мы государевы люди”. А Ірына Юр’еўна з музычнай:  “У мяне, Марыя Якаўлеўна, - сям’я…”.

Так трыумфальна пачаўся год культуры ў Падсвіллі Глыбоцкага раёна. І ніхто не ведае, якой? Бо беларускую праграму не пусцілі.

З мастацкіх вуснаў Максіма і Ганны

 

Я яшчэ і сёння адчуваю, што маё цела, як ануча. Хістаюся. Есці ўсё яшчэ не хочацца. А тады  быў нейкі несвядомы рух. І раптам з’явілася думка: кватэрнік! Абзваньваю зноў людзей: вярніцеся на канцэрт! Ужо да мяне. Званю, нават, і ў ДК. Прыйдзіце, маўляў, пазнаёміцца з рэпертуарам, хоць з адной песняй. Прапаноўваю Наталлі Казіміраўне.  Але яна не загадчыца ўстановы. Тая абедала ў гэты час, і на мой званок адказала: “Не-не! У нас всё по договору. Почитать газетки могут, посидеть в зале — не больше”.

Хто спужаўся, таму і да дому майго падыходзіць страшна. Толькі сябры ТБМ прыйшлі. І сябры сяброў.

…З вуснаў Максіма, то вецер шуміць, то шчабеча шпак, то цокае капыт, то чуецца рытм сярпа, голас цыкадаў. І гладзіць усё гэта тонкі пяшчотны падгалосак Ганны.

У Максіма выразная артыкуляцыя вуснаў, гука — віртуозная дзейнасць органаў мовы — танец языка, калі гэта вясёлы характар песні. Заліхвацка гуляюць гукі. А калі душа ўздыхае — мелодыя, як хваля ў перакаце па берагавому пясочку.

У Любы Ягораўны вільгатнеюць здзіўленыя вочы, і яна прамаўляе: “Я, колькі жыву, не чула гэткага ў Падсвіллі. Галасавога вынаходніцтва. І вучняў пазбавілі магчымасці чуць гэткі спеў. Колькі страцілі дзеці! Максім, паўтарыце, калі ласка, першую песню”.

Побач з Любай Ягораўнай сядзіць Тамара Васільеўна. У вачах — раніца. Нібы душа слухае салаўёў.

— Дзякуй, — кажа яна, — даруйце Падсвіллю гэтую сарамотнасць, што адмовілася даць вам сцэну.

Мар’ян кажа: “Во табе, Марыя, загаловак я прыдумаў: “Перапалох”.

— Не, “Перастараліся”, - прапаноўвае Люба.

Так, гэта характарыстыкі панікі.

Страх не дазваляе…

 

Страх не ўратуе жыццё. Не дасць вады, не ўвільгатніць, не змякчыць сухое, удушлівае дыханне, не падасць рукі тапельцу, не выхапіць з агню… Знішчыць любоў і прыгажосць. Абразіць гонар, давер, зняважыць шчырасць і адкрытасць, адштурхне роднага, не пусціць на парог. Нават да агарожы. Забудзе пра абяцанне, пра адказнасць, пра гонар-званне чалавека  слова.

Страшна, што страх не мае абмежавання. Страшна, што страх каменны. Сцяна! Шматсценка — Таварыш Страх. Ён не кіруе ў рэчышча выяўлення ісціны. Страх не дазваляе задумацца аб яго паходжанні. Аб вытоках.

У рабскім становішчы наперадзе — Таварыш Страх. А чым не рабскае становішча ва ўсіх страхатворцаў і страхапераймальнікаў? Ім не дазволена быць разумнымі - самім выяўляць каштоўнасці. Яны вымушаны згаджацца са сваёй прыніжанасцю.

        

У пажыццёвай мітусні,

         У час уціску і хлусні,

         Адно мы збудавалі — Гмах!

         У ім жыве Таварыш Страх.

         А паміж Страхам і Хлуснёй

         Дазволена прайсці любові.

         Ні месца, ні дыхання ёй —

         Пільнуе Страх — абезгаловіць!