Танцы на Крыўлянцы, муралы з вершамі і дызайнерскія канторкі. Як змяніць Беларусь да лепшага?
Маладыя, ідэйныя і не абыякавыя да беларускай мовы, культуры і сацыяльнага развіцця нашай краіны... Менавіта такія вучні старэйшых класаў трапілі ў фінал сацыяльна-адукацыйнага праекту «Першыя», арганізаванага кампаніяй А1 і Міністэрствам адукацыі Рэспублікі Беларусь.

Рэчка Крыўлянка. Фота Сяргей Гапон
Што магло б змяніць жыццё беларусаў і навакольны свет да лепшага? Менавіта такое пытанне было пастаўлена перад вучнямі. Для таго, каб дапамагчы сфармуляваць гэтыя ідэі школьнікам, арганізатары конкурсу прапанавалі ім вызначыцца з тэматычным кірункам: «Экалогія», «Тэхналогіі», «Інклюзія» і «Культура». У фінал прайшлі толькі дзесяць вучняў. Некаторыя з іх распавялі «Новаму Часу», як яны хочуць мяняць Беларусь да лепшага.
Ачышчэнне ракі — праз танцы
У фінал конкурсу ў кірунку «Экалогія» прайшла Кацярына Янголь, вучаніца 11 класа школы ў Крэве. Кацярына не проста жыве, яна дыхае Крэвам, таму хоча змяніць мястэчка да лепшага. Праблему забруджання рэчкі Крыўлянкі дзяўчына хоча вырашыць не зусім традыцыйным метадам: народнымі танцамі на пляцоўцы ля рэчкі.
«Аднойчы я шпацыравала па сваім мястэчку і пабачыла бераг ракі, які ўжо пачалі ачышчаць мясцовыя жыхары ад хмызняку. Рэчка наша называецца Крыўлянка, яна невялікая: 20 кіламетраў у даўжыню і 4 метры ўшырыню, месцамі яе можна пераскочыць. Мне стала цікава, чаму людзі пачалі прыбіраць хмызняк: я прайшла далей і пабачыла крынічку».

Фота Сяргей Гапон
Кацярына кажа, што пасля на ўроках геаграфіі яна даведалася, што Крыўлянка бярэ свой пачатак якраз з гэтай крынічкі, а пасля ўпадае ў Заходнюю Бярэзіну, Бярэзіна ў сваю чаргу — у Нёман, а Нёман, вядома, упадае ў Балтыйскае мора. Засмуціла Кацярыну тое, што ў гэтай рачулцы шмат смецця. Дзяўчына кажа, што турысты, кідаючы смецце, не бачаць, што яно трапляе не ў хмызняк, а ў раку. «Старыя згадваюць, як у рацэ плавала жывая рыба, зараз там можна сустрэць толькі «рыбу» пластыкавую», — кажа дзяўчына. Кацярына мяркуе, што некаторае смецце можа даплываць і да мора.
«Я пагутарыла з сябрамі пра гэта і мы сталі думаць, што можам рабіць. Нехта ўзгадаў, што на Крэўскіх мастах некалі ладзіліся танцы. Цяпер там, праўда, інтэнсіўны аўтамабільны рух. Нечая бабуля распавяла, што якраз на тым месцы, ля крынічкі, святкавалі свята Юр’я. Так мы зразумелі, што лепшага месца для танцаў на Крыўлянцы быць не можа».
Кацярына кажа, што праз эпідэміялагічны стан у краіне энтузіясты не могуць правесці там мерапрыемства, таму проста пакуль распавядаюць людзям пра гэта: «Шмат хто далучаецца да праекту. У хуткім часе мы плануем прыбраць забруджаную тэрыторыю. Зараз шукаем спонсара, каб атрымаць грошы на дошкі, якімі можна будзе заслаць змялю і зладзіць танцпляцоўку, бо мясцовасць там досыць забалочаная».
Танцы на Крыўлянцы — гэта цудоўная магчымасць паказаць людзям, што нават самае звычайнае асяроддзе можа быць прыгожае, калі пра яго дбаць і клапаціцца, мяркуе дзяўчына. Цікаўлюся, адкуль яна так добра валодае беларускай мовай. Каця смяецца: «Насамрэч я з Украіны. У Беларусі мы жывём пяць гадоў. Я трапіла ў беларускамоўную школу, у гэтым наваколлі я і пачала размаўляць на беларускай мове, тым больш я школьны экскурсавод, удзельнічаю ў безлічы мерапрыемстваў, а яны амаль усе — беларускамоўныя».

Фота Сяргей Гапон
За пяць гадоў Каця палюбіла па сутнасці не роднае для яе мястэчка і кажа, што хоча прысвяціць уласнае жыццё на яго карысць. «Магчыма, тут проста такая энергетыка, але тут проста хочацца жыць, хочацца застацца тут і нешта рабіць, бо Крэва дыхае гісторыяй, але не шмат людзей гэта адчуваюць». Мара Кацярыны — стварыць такія ўмовы для турыстаў, пры якіх яны б пабачылі іншы бок Крэва.
Дзяніс Рабчук: «Я хачу, каб людзі разумелі, што мова — гэта не нешта асаблівае, а частка жыцця»
Дзяніс навучаецца ў дзясятым класе ў Брэсце. Ідэя яго праекта — стварыць як мага больш муралаў, або графіці на сценах будынкаў, з вершамі беларускіх паэтаў.
«Калі я быў у Львое, мяне ўразіла вялікая колькасць муралаў з вершамі ўкраінскіх паэтаў, — распавядае Дзяніс. — Мне ідэя вельмі спадабалася: гэта надае рамантычнасць гораду, тым больш, тады, як і зараз, мяне вабіла беларуская паэзія. Я падумаў: чым Брэст горшы за Львоў?»

Летась агенцтва рэгіянальнага развіцця «Дзедзіч» абвясціла Школу праектнага менеджара, а пасля — гранд на міні-праект. Дзяніс вырашыў паўдзельнічаць у ім з праектам «#vershybrest» і перамог! У выніку атрымаў фінансаванне на маляванне трох вершаў.
Задума хлопца здзейснілася: на брэсцкіх будынках цяпер напісаны вершы беларускіх класікаў: Максіма Багдановіча «Санэт», Ніны Мацяш «Без цябе» і Генадзя Бураўкіна «Атруці мяне вясновым хмелем». Дзяніс кажа, што каманда для рэалізацыі праекта знайшлася сама сабой: «У мяне былі знаёмыя, якія хацелі нешта рабіць, мяняць сваё асяроддзе».

Хлопец адзначае, што і ў гарвыканкаме, дзе трэба ўзгадняць кожны мурал і месца для яго, паставіліся прыязна да яго ідэі. Чыноўнікі лічаць важным , каб такое з’яўлялася ў горадзе. Выбар месца, дзе будзе нанесены мурал, — адказная справа. Сцены будынкаў павінны адпавядаць наступным крытэрыям: роўная паверхня альбо паверхня караед (не шуба), умераны колер сцяны. Таксама будынак мусіць знаходзіцца ў цэнтры ці ў людным месцы.
У планах Дзяніса — стварыць яшчэ 17 муралаў з вершамі. Тры з іх ужо прайшлі працэдуры ўзгаднення. На платформе «MolaMola» Дзяніс збірае сродкі на фарбы, трафарэты і на аплату працы мастакоў. «Я хачу, каб людзі разумелі, што мова — гэта не нешта асаблівае, а частка іх жыцця», — прызнаўся Дзяніс.
Пятнаццацігадовая Соф’я: «Каб атрымліваць веды, неабавязкова сядзець за партай»
Соф’я вучыцца ў 9 класе гімназіі № 4 Мінска. Асноўнае яе захапленне — маляванне. Менавіта праз яго яна хоча дапамагчы навучэнцам з асаблівасцямі не саромецца гэтых асаблівасцей.
«У 12 гадоў у мяне дыягнаставалі захворванне пазваночніка, — распавядае Соф’я. — Мне прыйшлося пакінуць мастацкую школу. Я страціла магчымасць доўга сядзець і, канечне, перайшла на індывідуальны план навучання. Я прыходзіла толькі на пару ўрокаў удзень. І я моцна перажывала праз тое, што я не такая, як усе». Соф’я кажа, што гэта былі больш унутраныя перажыванні, бо з боку аднакласнікаў ніякіх кпінаў не было. Тым не менш, яна пераканана, што фактычна ў кожнага вучня школа асацыіруецца з сядзеннем за партай. Але ўлічваючы той факт, што далёка не ўсім школьнікам па медыцынскіх паказаннях можна гэта рабіць, яна марыць пра тое, каб у класах былі ўсталяваны канторкі — высокія пісьмовыя сталы, за якімі працуюць стоячы. «Каб атрымліваць веды, неабавязкова сядзець», — упэўнена Соф’я.

Ідэя дапамагчы іншым школьнікам, якія маюць пэўныя фізічныя асаблівасці, прыйшла да Соф’і тады, калі яна даведалася пра конкурс «Першыя». Тады яна і падумала, што тыя ж канторку можна ўпрыгожыць так, каб школьнік не адчуваў сябе за ёй нейкім недасканалым. Соф’я ставіць перад сабой тры задачы: распрацаваць малюнкі, якія можна будзе прапанаваць вытворцам для дызайну канторак, распрацаваць дызайн брашурак для навучальных устаноў, у якіх бы змяшчалася інфармацыя пра карысць канторак, і распрацаваць дызайны адмысловых стыкераў для сацыяльных сетак.
Пакуль дзяўчына думае над дызайнам тэхнічных сродкаў для дзяцей з асаблівасцямі апорна-рухальнай сістэмы: «Я чытаю зараз шмат артыкулаў наконт таго, як дызайн такіх медыцынскіх вырабаў, як пратэзы, слыхавыя апараты дапамагаюць людзям з асаблівасцямі стаць больш упэўненымі ў сабе. Дарэчы, я нядаўна даведалася пра тое, што мастачка Фрыда Кало насіла карсеты пасля пералому пазванка, і сама іх распісвала».

Соф’я кажа, што калі яна апублікавала відэа з аповедам пра свой праект у сацыяльных сетках, то шмат хто стаў пісаць ёй словы падтрымкі. «Калі будзе падтрымка іншых людзей, то ідэя будзе распаўсюджвацца. А яе выкананне — стане рэальным», — упэўнена Соф’я.
*****Сацыяльна-адукацыйны праект «Першыя» праводзіцца кампаніяй А1 пры падтрымцы Міністэрства адукацыі Рэспублікі Беларусь, а таксама арганізатараў канферэнцый TEDxMinsk.
Журы выбрала дзясятку найлепшых ідэй. Аўтары прадставяць іх самастойна на маштабнай канферэнцыі TEDxYouth@Minsk, правядзенне якой запланавана на май. Кожны з фіналістаў будзе рыхтаваць 10-хвілінную прамову для TEDxYouth@Minsk разам з ментарамі — прадстаўнікамі беларускай супольнасці TED. Пасля выніковай прэзентацыі сваіх ідэй усе пераможцы атрымаюць у падарунак iPhoneXs.
Фота з асабістых архіваў вучняў