Што застанецца ад Беларусі, «калі ўсе паз'язджаюць»?

Беларусы, якія хоць нейкім чынам «засвяціліся» падчас леташніх масавых пратэстаў, пакідаюць радзіму, ратуючыся ад рэпрэсій. І ўсё часцей у розных асяродках можна пачуць роспачнае пытанне: што застанецца ад Беларусі, калі «ўсе паз'язджаюць»? Пра гэта на «Свабодзе» разважае Валянцін Жданко.

_daroha___bezljudz___szasza__fota_dzmitryeu_dzmitryj_novy_czas_logo_1.jpg


Уцякаюць паасобку і сем’ямі; адны — загадзя знайшоўшы сабе за мяжой працу і жытло, іншыя — у нікуды, не маючы з сабой нават неабходных дакументаў і цёплых рэчаў. Калі-небудзь 2020–2021 гады ў Беларусі, напэўна, назавуць часам масавых палітычных рэпрэсій і вялікай палітычнай эміграцыі.
Колькі дакладна людзей пакінулі краіну пасля жніўня 2020-га, думаю, не можа палічыць ніякая статыстыка. Некаторыя лічбы, праўда, называюцца. Напрыклад, амбасады Літвы і Польшчы выдалі беларусам за апошні год больш за 120 тысяч віз, значная частка якіх — гуманітарныя. Пра 100 тысяч беларускіх грамадзян, якія перайшлі мяжу, паведамляюць улады Украіны. Але ўцякаюць не толькі праз афіцыйныя памежныя пераходы і не толькі тыя, у каго ёсць візы. Праз тысячакіламетровую слаба кантраляваную беларуска-расійскую мяжу з'язджаюць тыя, у каго часта не тое што візы, але і пашпарта няма.
Але нават калі гэтыя лічбы памножыць на пяць ці дзесяць, нават калі насельніцтва Беларусі скароціцца на адзін ці два мільёны чалавек — ці будзе гэта мець для краіны фатальныя наступствы?

Лукашэнка ў 2019-м: «Няма ў грамадзяніна Беларусі такой прычыны, з якой ён можа з'ехаць з краіны»

Успамінаю свой апошні дыялог з Аляксандрам Лукашэнкам, які адбыўся 2 сакавіка 2019 года, падчас «Вялікай размовы». Зададзенае тады мною пытанне тычылася транзіту ўлады і змены Канстытуцыі. Але Лукашэнка, шматслоўна і доўга адказваючы на яго, неўпрыкмет збочыў менавіта на праблему дэмаграфіі і эміграцыі. Я адмыслова перагледзеў відэазапіс той размовы. Вось кароткі фрагмент, які тычыўся якраз гэтай тэмы.
— Трэба захаваць стабільнасць, бяспеку, мір у грамадстве, — казаў Лукашэнка. —...Дадаць дабрабыту нашаму народу, каб не сорамна было перад дзецьмі. А то дзяржаву стварылі, а жыць у ёй не захочацца. Як у суседняй краіне, якую вы часта ў якасці прыкладу прыводзіце: было тры мільёны — засталося паўтара. Каб у нас гэтак не здарылася.
...Я не ведаю, дзе вашы дзеці жывуць. У вас жа як? «Радыё Свабода», «Еўрапейскае радыё»...Вашы ж дзеці вучацца недзе ў ЕГУ...Ці то ў Польшчы, ці ў Амерыцы? Мае ж дзеці будуць жыць у Беларусі.
На што я адказаў:
— Двое маіх дзяцей у Беларусі, а адна дачка ў Польшчы.
— Дык у Беларусь вязі яе, будзем Канстытуцыю з ёй распрацоўваць...
...Запомніце маё перакананне і падумайце над ім: няма ў грамадзяніна Беларусі такой прычыны, па якой ён можа з'ехаць з краіны. Няма такой прычыны, калі ён сапраўдны грамадзянін сваёй краіны.
Мінула два гады — і думка Лукашэнкі пра тых, хто паехаў вучыцца за мяжу, змянілася на процілеглую.
Вось што ён сказаў пра іх у жніўні 2021-га:
«Трэба разабрацца з такімі, якія з'язджаюць і вяртаюцца да нас. Яны ўсе выступілі за разбурэнне ўласнай дзяржавы. Я даручыў міністру адукацыі паглядзець на такое навучанне. Усе 100 працэнтаў яно на шкоду. Едзьце, вучыцеся. Але вы там, калі ласка, і заставайцеся. Там жа не столькі навучаюць (ім далёка да нашай адукацыі) — яны ім прамываюць мазгі і закідаюць да нас ужо як агентуру з прамытымі мазгамі. Гэта ўжо ідэйныя, ну, калі не ворагі, то праціўнікі нашай дзяржавы. І нам даводзіцца з імі змагацца».
«Прапанова» наконт сумеснай працы над Канстытуцыяй, як бачыце, цалкам ануляваная. Вяртанне тых, хто атрымаў адукацыю за мяжой, не толькі не вітаецца — яно становіцца рэальна небяспечным. Відаць, аднаасобная ўлада аказалася даражэйшай за мару пра Беларусь густанаселеную і адукаваную.
Што да краіны, якую згадаў Лукашэнка ў якасці адмоўнага прыкладу дэпапуляцыі («было тры мільёны насельніцтва — засталося паўтара»). Хутчэй за ўсё, ён меў на ўвазе Літву, хоць лічбы яўна пераблытаў. Насельніцтва Літвы ў 1992 годзе складала 3 700 000 чалавек, у 2019-м — на мільён меней.
Такія ж тэндэнцыі і ў некаторых іншых усходнееўрапейскіх краінах — Латвіі, Малдове. Ці ў Балгарыі — адным з сусветных лідараў у скарачэнні насельніцтва. У 1989 годзе насельніцтва Балгарыі было прыблізна такім жа, як і ў Беларусі — больш як 9 мільёнаў. На пачатку 2021-га — ужо менш за 7 мільёнаў чалавек. А да 2050-га дэмографы чакаюць падзення да 5,5 мільёнаў.
Гэтыя некалькі краін на перыферыі Еўрапейскага Саюза сапраўды перажываюць драматычны дэмаграфічны спад. Нешта падобнае, відавочна, можа адбыцца і ў Беларусі, калі ўзровень эканомікі ў ёй не будзе падцягвацца да суседзяў, калі працягнуць зніжацца рэальныя заробкі, а да таго ж, яшчэ і не спыняцца палітычныя рэпрэсіі. Развіццё яўна затармозіцца. Найбольш прадпрымальныя і адукаваныя паўцякаюць хто куды. У школах хранічна будзе не ставаць настаўнікаў, у шпіталях — лекараў, ва ўніверсітэтах — выкладчыкаў і студэнтаў.
Ці азначае гэта, што дзяржава ўвогуле занепадзе і знікне? Відавочна, не — як не зніклі Літва, Латвія, Малдова, Балгарыя. Хоць яны і перажываюць няпросты час у сваёй гісторыі.

Хто застанецца, калі ўсе паўцякаюць

Адметна, што Беларусь у мінулым стагоддзі ўжо сутыкалася з масавай эміграцыяй інтэлігенцыі. Гэта адбывалася ў Заходняй Беларусі ў 1939–1940 гадах.
Калісьці я не раз размаўляў пра гэта са сваімі бацькамі, якія добра памяталі той час. У нашым заходнебеларускім мястэчку пасля верасня 1939-га не засталося аніводнага настаўніка, паўцякалі ўсе супрацоўнікі адміністрацыі, а таксама нешматлікія тады лекары, супрацоўнікі пошты. Ім было ад чаго ўцякаць: уся інтэлігенцыя, усе, хто мог хоць бы патэнцыйна ўяўляць небяспеку для новай улады — настаўнікі, лекары, чыноўнікі, вайскоўцы, паліцыянты — падлягалі арышту. Ведаючы гэта, яны самі любымі шляхамі імкнуліся з'ехаць яшчэ да прыходу «вызваліцеляў» з Усходу.
Некаторыя заставаліся — мяркуючы, што, паколькі яны не займалі ніякіх высокіх пасад і не лезлі ў палітыку, то што ім павінна пагражаць пры новай уладзе? І ў пераважнай сваёй большасці жорстка пралічыліся. Ужо сам факт наяўнасці нейкай адукацыі, прыналежнасці да інтэлігенцыі быў для новай улады як таўро, як падстава для падазрэння ў нядобранадзейнасці. Вельмі многія з тых, хто застаўся, былі змушаныя потым у цялячых вагонах ажыццявіць свой крыжовы шлях у Варкуту, Магадан, Караганду... Вярнуліся адтуль адзінкі.
Праўда, тады, у 1939–1941, у Заходняй Беларусі гэты вакуум інтэлігенцыі хутка запоўнілі палітычна падрыхтаванымі і ідэалагічна выверанымі кадрамі з Усходу: у той час расійскія спецыялісты ахвотна пераязджалі з галечы цэнтральных абласцей РСФСР у адносна сытыя раёны Заходняй Беларусі. (Якія гэта мела наступствы — асобная вялікая тэма.) Можа, і цяпер у абязлюдзелай пры Лукашэнку Беларусі будзе адбывацца нешта падобнае? Праўда, у адзінага ўсходняга саюзніка цяпер і для ўласных тэрыторый не хапае ні настаўнікаў, ні медыкаў.
Але што знамянальна: потым у гэтым, здавалася б, канчаткова пазбаўленым інтэлігенцыі, іншадумства і нацыянальнай свядомасці, дыстыляваным рабоча-сялянскім грамадстве ўсё роўна знаходзіліся нейкія ўнутраныя сілы дзеля таго, каб з яго асяроддзя, як трава праз брук, вырасталі свае настаўнікі, дактары, пісьменнікі, навукоўцы. Хоць на тое запатрабаваліся не гады — дзесяцігоддзі.

Пра Беларусь, у якой будуць жыць 15 (ці нават 20) мільёнаў чалавек

Цяпер ужо Лукашэнка наўрад ці марыць і пра тое, каб ажыццявіць свой даўні намер — давесці насельніцтва Беларусі да 15 мільёнаў чалавек. (А ў перспектыве ён бачыў Беларусь нават з 20-мільённым насельніцтвам: апошні раз такімі пражэктамі дзяліўся з падначаленымі 3 жніўня 2017 гоад).
Зрэшты, аўтарытарныя (а тым больш таталітарныя) рэжымы часам здзіўляюць, у тым ліку і ў дэмаграфіі. Калі азірнуцца ў не такую далёкую айчынную гісторыю, то не без здзіўлення можна выявіць: найбольш шпарка насельніцтва савецкай Беларусі расло тады, калі ў рэспубліцы, па сутнасці, панавала жабрацтва — гэта пасляваенныя 40–50-я гады.
Напрыклад, у 1958-м беларусаў стала болей на рэкордныя 154 тысячы чалавек. Які там у той час быў дабрабыт? Якія заробкі? Калі людзі на вёсцы фактычна не атрымлівалі пенсій. Калі эксперыментатар Хрушчоў спрабаваў увогуле адабраць у калгаснікаў прысядзібную гаспадарку, каб не замінала працы ў калгасе. Калі яшчэ і хлеба ўдосталь было не ва ўсіх і не ўсюды. Надзея ў старасці тады была толькі на дзяцей. Выжыць было лягчэй у вялікай сям’і.
Ці можа адбыцца нешта падобнае ў Беларусі ў будучыні? Сёння гэта выглядае чымсьці неверагодным.
Дэмаграфічныя працэсы ў Беларусі ўсе апошнія дзесяцігоддзі разгортваліся ў агульнаеўрапейскім рэчышчы. Рост даходаў і ўзроўню адукацыі суправаджаўся скарачэннем нараджальнасці — і такая тэндэнцыя захавалася да гэтага часу.
Але хто ведае, што будзе заўтра? Калі найбольш адукаваная частка насельніцтва з'едзе? Калі ўлада наважыцца ўзвесці жалезную заслону на заходнім напрамку — кшталту той, што існавала пры СССР (а першыя прыкметы гэтага ўжо заўважныя)? Калі краіну адрэжуць ад інтэрнэту і іншых кантактаў з Захадам? Калі ўзровень жыцця апусціцца да такога ўзроўню, што чалавеку проста фізічна пракарміцца ў старасці на мізэрную пенсію будзе немагчыма без дапамогі дзяцей?.. Калі Беларусь так імкліва вяртаецца ў савецкую рэчаіснасць у многіх іншых сферах, то чаму яна не можа вярнуцца і ў гэтай?