Іван Шыла: На беларускім бізнесе мы ставім, можа, не тоўсты крыж, але пункцірам гэта ўжо закрэсліваецца
Весці бізнес у Беларусі да 2020 года было досыць камфортна, але ціск улад і магчымая адмена спрошчанай сістэмы падаткаабкладання ставіць пад пагрозу развіццё кампаній, лічыць заснавальнік кампаніі «Чысты кіт» Іван Шыла.
Бізнесмену і былому актывісту «Маладога фронту» ўдалося за восем месяцаў стварыць клінінгавую кампанію ў Польшчы, якая па памерах перавысіла беларускі бізнес, што будаваўся пяць гадоў. Пра тое, якія ёсць перашкоды для развіцця бізнесу ў Беларусі, як кампаніі чакаюць, калі да іх «прыйдуць», і чаму эміграцыя — карысная для нацыі, Іван Шыла расказаў у стрыме «Еўрарадыё».
Да 2020 года было складана, але не чакалі, што «прыйдуць»
Клінінгавы бізнес Іван Шыла пачынаў з братам, каб зарабіць грошай і праверыць, ці сапраўды з вядзеннем сваёй справы ў Беларусі так складана, як пра гэта кажуць.
— У нас быў эмпірычны інтарэс. І мы вырашылі паспрабаваць.
Хоць клінінг — гэта наогул не тая праца, якой я б хацеў займацца. Вядома,
хацелася б зрабіць ІТ-кампанію, але парог уваходу ў клінінг вельмі нізкі. Пару
тысяч долараў уклаў, і, калі нічога не атрымалася, гэта не суперстрашна.
Аказалася, што зарэгістраваць бізнес не складана, але потым
непатрэбных папер аказваецца даволі шмат, адзначае суразмоўнік.
— Ёсць нейкія кнігі ўліку даходаў і расходаў, яшчэ нешта.
Гэта мне, у прынцыпе, не вельмі падабаецца, таму што я не хачу шмат лічыць, я не
люблю паперкі. І гэтыя рэчы на самой справе не вельмі патрэбныя. Мне проста
хочацца рабіць прадукт, — расказвае Іван Шыла. — Кныровіч [бізнесмен, які
прабыў 5 гадоў у калоніі праз абвінавачанні ва ўхіленні ад выплаты падаткаў і
дачы хабару ў вялікім памеры] пра гэта моцна і смела ў 2016 годзе сказаў. Я яшчэ здзіўляўся, як гэта магчыма, калі сядзіць побач Румас. Усе
Кныровіча слухаюць, а потым у зале задаюць дзіўныя пытанні прадстаўнікі
падатковай і гэтак далей. Для Кныровіча гэта ўсё скончылася арыштам.
З тых часоў усё стала яшчэ складаней. Калі ў 2019 годзе
кіраўнік «Чыстага кіта» сказаў бы, што ў цэлым у Беларусі можна
займацца бізнесам, то сёння кампаніі проста чакаюць, калі да іх прыйдуць
кантрольныя органы або сілавікі.
— Прычым гэта не будзе звязана з фактычнымі парушэннямі, а з
тым, што ты дзесьці затрымліваўся, нешта не так сказаў. Можа быць, быў сябрам
ініцыятыўнай групы Віктара Бабарыкі. Думаю, многія бізнесы знаходзяцца ў такім
становішчы ў Беларусі.
Рэлакацыя бізнесаў — трэнд на некалькі гадоў
На фоне становішча ў краіне на развіццё бізнесу ў Беларусі Іван Шыла не разлічвае.
— На беларускім бізнесе мы ставім, можа быць, не тоўсты
крыж, але пункцірам гэта ўжо закрэсліваецца. Ён ёсць, але мы разумеем, што няма
ніякіх правілаў і магчымасцей абараніць яго ў судзе. Раней эканамічныя суды
хоць неяк працавалі.
Неабавязкова да кампаніі могуць прыйсці з праверкамі праз
палітыку. Так адбываецца таму, што дзяржаве бракуе грошай, упэўнены
суразмоўнік.
— Гэта датычыцца не толькі бізнесаў. У многіх маіх знаёмых
шукаюць схаваныя даходы. Няма прычын казаць, што нешта зменіцца. Тым больш, ідуць размовы пра ІП, пра тое, што памяняюць падатковыя стаўкі. Трэба сказаць,
што ў Беларусі дастаткова камфортны падатковы рэжым, калі мы гаворым пра
спрошчаную сістэму падаткаабкладання. У Польшчы гэта нашмат складаней, таму што
абавязкова патрэбны бухгалтар. Вышэйшыя падаткі. Я не кажу, што гэта дрэнна,
проста яны вышэйшыя.
Калі спрошчаную сістэму падаткаабкладання адменяць, то
бізнес-мадэль такога прадпрыемства, як «Чысты кіт», акажацца пад
пагрозай.
— Бізнес развіваецца, але ёсць фактары, якія гавораць пра
тое, што ў перспектыве двух-трох гадоў яго можа і не быць наогул. У нас ужо
ёсць кампанія, якая працуе ў Варшаве і Кракаве, і яна большая па лічбах, чым у
Мінску. Мы працуем тут толькі восем месяцаў. А ў Беларусі гэта карабель, які,
пакуль плыве, хай плыве, — кажа Іван Шыла. — Чакаць, што з Беларусі з'едуць усе
бізнесы на працягу года, напэўна, не варта. Будзе трэнд на некалькі гадоў.
Людзі будуць шукаць магчымасці жыць і працаваць у іншых краінах.
«На працу прыходзяць беларусы, якія ніколі б не
працавалі ў клінінгу»
У Варшаве і Кракаве працуе шмат беларусаў, у тым ліку ў кампаніі Івана Шылы.
— Мы вельмі цэнім беларусаў. Яны вельмі сумленныя,
прыстойныя. Гэта важна, калі мы ходзім у кватэры да іншых людзей. І, безумоўна,
я радуюся, калі бачу беларускі пашпарт, мы адразу можам пра нешта пагаварыць.
Клінінг — вельмі цяжкая праца, але выхад для тых, каму
вельмі патрэбныя грошы, адзначае суразмоўнік.
— Мы досыць добра плацім і адразу. Для многіх гэта выйсце.
Вядома, гэта сумныя гісторыі. Да нас прыходзіць шмат людзей, якія б у Беларусі
ніколі не працавалі ў клінінгу. Проста так сталася, што яны рэзка апынуліся ў
Варшаве і ім патрэбныя грошы.
Акрамя таго, я бачу і адваротную гісторыю. Шмат кліентаў
прыязджаюць з Беларусі. Відаць, наколькі шмат у Кіеў, Варшаву і Кракаў з'язджае
беларусаў, якія ў Мінску заказвалі ў нас прыборкі.
Эміграцыя — добры досвед для нацыі
Іван Шыла падкрэслівае, што дагэтуль беларусы не былі нацыяй эмігрантаў і сур'ёзных беларускіх дыяспар таксама не было.
— Італьянцы з'язджалі масава, ірландцы, брытанцы, урэшце,
з'язджалі і скаралі свет. Беларусы гэтага не рабілі. Магчыма, для будаўніцтва
нацыі гэта добры працэс.
З пункту гледжання краіны, незразумела, чым усё скончыцца. У
Афганістане таксама маглі думаць, што ўсё хутка скончыцца і ўсё будзе добра.
Шмат сцэнараў, у тым ліку самых дрэнных.
У той жа час, паколькі беларусаў за мяжой становіцца ўсё
больш, з'яўляецца больш падстаў і магчымасцей для стварэння дыяспар.
— Больш за тое, людзі падкрэсліваюць, што яны беларусы. Таму гэта проста этап, у якім мы аказаліся. З пункту гледжання нацыі, нядрэнна б атрымаць досвед жыцця за мяжой вялікай колькасці людзей, — робіць выснову Іван Шыла.