Што будзе на стэндах БНФ на Свяце Незалежнасці ў Мінску
У парку каля опернага тэатру Партыя БНФ і Моладзь БНФ 25 сакавіка размесьцяць свае стэнды, упрыгожаныя бел-чырвонымі-колерамі, сцягамі і нацыянальнай атрыбутыкай. Разам з намётамі, стэндамі і шапікамі іншых арганізатараў і партнёраў фэсту яны ўтвораць "вуліцу БНР".
У межах "кварталу" Беларускага Народнага Фронту на "вуліцы БНР" можна будзе зрабіць фота з мемарыяльнай шыльдай, якую вырабіў дваццаць пяць гадоў таму беларускі скульптар Алесь Шатэрнік для размяшчэння на доме, дзе была абвешчаная незалежнасць Беларускай Народнай Рэспублікі. Шыльда шмат гадоў захоўвалася на сядзібе БНФ і чакала свайго часу. І вось ужо неўзабаве, пасля канчатковага ўзгаднення з уладамі, вырабленая па яе ўзору бронзавая мемарыяльная дошка зойме сваё законнае месца на гістарычным будынку.
У шапіку БНФ можна будзе праставіць на паштоўках ды любой іншай набытай на свяце прадукцыі памятны штэмпель "25 сакавіка 2018 году. Сьвята Незалежнасьці", каб засведчыць сваю датычнасць да галоўнай ўрачыстасці з нагоды стагоддзя беларускай незалежнасці. Таксама можна будзе падпісаць і пакінуць для адсылкі адрасатам памятныя юбілейныя паштоўкі альбо лісты, праштампаваныя гэтым адмысловым штэмпелем.
Падчас свята на пляцоўцы Партыі БНФ будзе распачаты збор подпісаў з патрабаваннем адмовы ад далейшага размяшчэння на тэрыторыі Рэспублікі Беларусь вайсковых аб'ектаў Расійскай Фэдэрацыі, тэрмін арэнды якіх расійскім бокам сканчваецца напачатку 2020 году.
Актывісты Моладзі БНФ і Беларускага Народнага Фронту цягам усёй імпрэзы будуць знаёміць удзельнікаў свята з палітычнай дзейнасцю арганізацыяў. На стэндах Партыі БНФ можна будзе ўзяць праграму БНФ "Адраджэньне", улёткі, устаўныя граматы БНР, набыць сувеніры рамеснікаў і нацыянальныя сцягі, а таксама запісацца ў шэрагі Партыі БНФ і Моладзі БНФ, альбо пакінуць свае ахвяраванні на дзейнасць Беларускага Народнага Фронту.
Поўная праграма Свята Незалежнасьці ў Мінску і ўсе падрабязнасці на bnr100.by