Супрацоўнікам «Прэс-клуба» працягнулі тэрмін утрымання пад вартай на два месяцы

Супрацоўнікам «Прэс-клуба» працягнулі тэрмін зняволення яшчэ на два месяцы — да 22 жніўня. Яны знаходзяцца ў СІЗА са снежня.

1sluckaja_131520212306.jpeg


Папярэдні раз тэрмін зняволення ім працягвалі ў красавіку, паведамляе REFORM.by.

Заснавальніца «Прэс-клуба» Юлія Слуцкая, праграмная дырэктарка Ала Шарко, дырэктар Сяргей Альшэўскі і аператар Пётр Слуцкі былі затрыманыя 22 снежня. У офісе арганізацыі і дома ў затрыманых прайшлі ператрусы. Іх праводзілі супрацоўнікі ДФР КДК у рамках праверкі па фактах парушэння падатковага заканадаўства.

Разам з імі быў затрыманы таксама дырэктар «Акадэміі "Прэс-клуба"» Сяргей Якупаў, але 31 снежня яго як грамадзяніна Расіі дэпартавалі з Беларусі. Астатнім затрыманым прад’явілі абвінавачанні па справе аб ухіленні ад выплаты падаткаў. Яны прызнаныя палітвязнямі.

«Press Club Belarus» — нефармальнае аб’яднанне медыяпрафесіяналаў, уваходзіць у Міжнародную асацыяцыю прэс-клубаў (IAPC), у ім праводзяцца розныя журналісцкія і культурныя мерапрыемствы.