Суд за бела-чырвоны шалік на помніку Сувораву
У Кобрыне ў сярэдзіне верасня затрымалі мясцовага жыхара за бела-чырвоны шалік, які ён, нібыта, павесіў на помнік Сувораву, паведамляюць праваабаронцы.
Згодна з пратаколам, затрыманы кобрынец, нібыта, "дзейнічаў наўмысна, накінуў і завязаў на помніку-бюсце імя Суворава шалік чырвона-белага колеру з надпісамі на замежнай мове, чым сапсаваў эстэтычны выгляд дадзенага помніка і парушыў грамадскі парадак".
Па словах самога мужчыны, па дарозе ён знайшоў шалік, які вырашыў павесіць на помнік на вуліцы Савецкай, каб яго ўбачылі і забралі.
Падставай для затрымання і пазнейшага суда стала скарга "неабыякавага грамадзяніна", які паведаміў у міліцыю, што "невядомы павесіў на помнік бел-чырвоны польскі шалік".
Суд палічыў віну мужчыны даказанай, таму арыштаваў яго на 10 сутак.
У Мінску адным з самых неадназначных стаў помнік гарадавому каля цэнтральнага будынка Міністэрства ўнутраных спраў. Так, 12 сакавіка 2018 года Вячаслаў Касінераўправёў «дзёрзкую акцыю супраць міліцэйскага бясчынства» — накінуў на шыю помніка пятлю. За гэта актывіст больш за месяц правёў за кратамі, у выніку яго асудзілі за “хуліганства” да штрафу ў 105 рублёў.
17 лістапада 2018 года на ютуб-канале Міністэрства ўнутраных спраў Беларусі з'явілася відэа, на якім падлетак Арсеній выбачаўся за тое, што даў поўху помніку гарадавому. Публікацыя гэтага відэа спарадзіла шмат крытычных каментароў у інтэрнэце і медыях. Праваабаронцы адзначылі парушэнні закону пры завядзенні адміністрацыйнай справы на падлетка Арсенія і размяшчэнні відэа з ягонымі выбачэннямі ў інтэрнэце. У выніку справу супраць падлетка спынілі.
Пазней, у снежні таго ж 2018-га анархісты Вячаслаў Касінераў і Сяргей Спарыш прынеслі і пакінулі каля фігуры гарадавога пахавальны вянок з надпісам “Іміджу МУС”. За гэта пазней суд аштрафаваў хлопцаў на 735 рублёў кожнага.