Стрыжак: Заявы сілавікоў — блеф. Ніякіх уцечак баз плацельшчыкаў і данатараў не было

Кожны чалавек, які зрабіў данат пад ціскам, павінен мець права на яго вяртанне пасля аднаўлення законнасці ў Беларусі, распавёў Андрэй Стрыжак «Филину».

_hroszy___valjuta__fota_dzmitryeu_dzmitryj_novy_czas__6__logo.jpg

Сузаснавальнік Фонду «BYSOL» Андрэй Стрыжак у інтэрв'ю «Филину» распавёў пра меры засцярогі для беларусаў, якія ахвяравалі ў фонды салідарнасці.

На АНТ паказалі фільм пра пакаранне беларусаў за ахвяраванні. У Дэпартаменце фінансавых расследаванняў заявілі, што могуць даведацца даныя адпраўнікоў крыптавалюты ў фонды і арганізацыі, прызнаныя «экстрэмісцкімі», піша Люстэрка. Вызваліць ад крымінальнай адказнасці могуць за дзясяткі тысяч долараў.

Галоўны пасыл фільма ў тым, што пераводы ў крыптывалюце нібыта неананімныя, усе ахвярадаўцы будуць устаноўлены, за добраахвотны зварот у органы вызваляць ад крымінальнай адказнасці.

— Сілавікі супярэчаць самі сабе ў гэтых двух тэзісах, — адзначае ў інтэрв'ю «Филину» Андрэй Стрыжак. — З аднаго боку, сцвярджаюць, што, маўляў, мы ўсё ведаем, звяртайцеся да нас, і мы вас  вызвалім.

З іншага, у гэтым жа фільме распавядаюць, колькі каштуе гэтае вызваленне. Гаворка ідзе пра дзясяткі тысяч долараў — відавочна, гэта разлічана не на ўсіх. Калі ў цябе няма такіх грошай — не звяртацца, ці як?

Што тычыцца запалохвання, яшчэ раз паўтару: ніякіх уцечак баз плацельшчыкаў і данатараў «Байсола» не было. Заява сілавікоў, што ў іх ёсць доступ да ўсяго, што можна, — гэта блеф.

Калі мы гаворым пра канкрэтную сітуацыю, якая магла быць прычынай затрыманняў і крымінальных спраў у дачыненні да герояў фільма (сярод іх — былы прарэктар «Газ-Інстытута» Аляксандр Фікаў, а таксама айцішнікі Аляксандр Зіязетдзінаў і Антон Федарэнка. — Заўв. рэд.), то найбольш верагоднай мне здаецца сітуацыя, калі чалавек выкарыстаў беларускія крыптавалютныя інструменты — гэта значыць, беларускія біржы, абменнікі і іншае.

Першае: усё, што знаходзіцца на тэрыторыі Беларусі альбо ў юрысдыкцыі Беларусі, даступна для сілавікоў. Яны могуць прыйсці ў любую арганізацыю, зрабіць запыт, выманне дакументаў, апаратуры — усё што заўгодна.

Мы ўвесь час папярэджваем: калі вы знаходзіцеся на тэрыторыі Беларусі, не карыстайцеся беларускімі аплатнымі інструментамі, не выкарыстоўвайце іх для даната праз «BYSOL» — гэта занадта небяспечна.

Другое: калі чалавека затрымліваюць, сілавікі атрымліваюць доступ да яго дэвайсаў, і тут ужо чыста справа тэхнікі даведацца, што ён з імі рабіў, куды што пераводзіў.

Мы не ведаем, што рабілі з гэтымі людзьмі ў фільме, а метадаў НКУС у беларускіх сілавікоў вельмі шмат. Яны могуць прымусіць зрабіць самаабгавор альбо прымусіць да яўкі з павіннай — гэта таксама цалкам магчымы сцэнар.

Сітуацыя з так званымі выкупамі, калі чалавеку ставяць Х10, Х30, Х50 да сумы даната ў любы з фондаў, тычацца не толькі «BYSOL.» Гаворка ідзе і пра «МотолькоПомоги», і пра «Байпол», і пра іншыя структуры.

— Атрымліваецца, калі сілавікі заяўляюць, што данаты неананімныя, гэта тычыцца толькі крыптабірж у Беларусі?

— Абсалютна ўпэўнены, што крыптабіржы Беларусі прадастаўляюць такую інфармацыю. Вялікая верагоднасць, што па запыце на адрас расійскіх крыптабіржаў сілавікі таксама могуць атрымаць доступ да гэтай інфармацыі.

Парада для тых, хто рабіў данаты: памятайце, што ваш дэвайс захоўвае інфармацыю. Напрыклад, калі вы зрабілі данат, будучы за мяжой, напрыклад, з карты замежнага банка альбо з замежнай крыптабіржы або крыптаабменніка і едзеце ў Беларусь са сваім дэвайсам з усталяванымі праграмамі, то, па сутнасці, самі сябе здаяце.

Я ўвогуле не прыхільнік таго, каб людзі ездзілі ў Беларусь у сённяшняй сітуацыі, асабліва тыя, хто нам данаціў, але, калі вельмі моцна трэба, памятайце, што ўсе лічбавыя сляды на вашым дэвайсе могуць сведчыць супраць вас. У сілавікоў няма доступу да замежных банкаў і замежных плацежных сістэм. Але вы можаце яго самі ім даць на вашым дэвайсе.

Андрэй Стрыжак нагадаў, што цяпер дэмакратычныя сілы працуюць над канцэпцыяй кампенсацыі шкоды асобам, рэпрэсаваным у перыяд рэжыму Лукашэнкі.

— Відавочна, што людзі, якія такім чынам трапляюць пад рэпрэсіі, будуць мець права на аднаўленне сваіх правоў. Я са свайго боку лабірую адзін з магчымых інструментаў, які дазволіць вяртаць людзям тыя грошы, якія іх прымусілі заданаціць у якія-небудзь структуры.

Часцей за ўсё сілавікі выкарыстоўваюць для гэтага дзіцячыя дамы, хоспісы і гэтак далей. Каб папярэдзіць пытанне «Няўжо вы хочаце адабраць грошы ў дзяцей і хворых на рак?», я хачу сказаць, што грошы павінна вяртаць дзяржава, якая ў асобе сілавых структур прымусіла чалавека зрабіць нейкі ўчынак. Адпаведна, адказваць будзе дзяржава, а не дзіцячы фонд хворых на анкалогію.

Гэта значыць, дзяржава з бюджэту павінна будзе пакрыць усе выдаткі, якія панеслі людзі. Таму што гэта шантаж, прымяненне да чалавека эканамічных рэпрэсій, замаскіраванае пад тое, што ён зрабіў гэта добраахвотна.

Я прасоўваю ідэю, што кожны чалавек, які зрабіў данат пад ціскам, павінен мець права на яго вяртанне пасля аднаўлення законнасці ў Беларусі.