Стаўбцоўскі райвыканкам забараніў усе забаўляльныя мерапрыемствы
Найменей да канца тыдня ў Стоўбцах і раёне будзе дзейнічаць мараторый на забаўляльныя імпрэзы. Пра гэта Свабодзе паведамілі ў мясцовым выканкаме.
«Жалоба ў нас аб’яўляецца толькі прэзідэнтам краіны. Аднак усе забаўляльныя імпрэзы, якія адносяцца да сферы нашай кампетэнцыі, спыненыя: ніякіх канцэртаў, дыскатэк, вечарынаў. Выдадзены адмысловы загад на гэты конт», — адзначыў Свабодзе начальнік аддзела ідэалагічнай працы, культуры і па справах моладзі Стаўбцоўскага райвыканкаму Дзмітрый Слясарчык.
Чыноўнік не ўдакладніў, як доўга будзе дзейнічаць такі рэжым, але не выключыў, што захопіць і наступны тыдзень.
«Пакуль такія імпрэзы адмянілі да канцы тыдня, але не выключана, што працягнем і надалей — прынамсі будзем такі варыянт абмяркоўваць. Нам яшчэ трэба перажыць вельмі складаны сённяшні дзень — дзень пахаванняў», — сказаў Дзмітрый Слясарчык.
Раней у Стаўбцоўскім райвыканкаме Свабодзе паведамілі, што 13 лютага пройдзе развітанне з ахвярамі нападу ў школе № 2 — аб 11-й гадзіне з настаўніцай Марынай Пархімовіч і аб 11.30 з вучнем Аляксандрам Р. Яны загінулі 11 лютага ад рукі мясцовага старшакласніка Вадзіма М. Яшчэ два школьнікі былі параненыя.
Марыну Пархімовіч пасля адпявання пахаваюць на могілках роднай для яе вёскі Шашкі, Аляксандра пасля царквы павязуць на гарадскія могілкі.
Рашэннем сесіі раённага савета дэпутатаў пацярпелым далі матэрыяльную дапамогу: па 400 базавых велічынь сем’ям загінулых і па 200 базавых — сем’ям параненых юнакоў.
11 лютага ў Стаўбцоўскай сярэдняй школе №2 вучань 10 класа Вадзім М. напаў з нажом на настаўніцу і трох вучняў. 50-гадовая настаўніца гісторыі і грамадазнаўства і вучань 11 класа загінулі, двух аднакласнікаў нападніка шпіталізавалі з раненнямі.
Следчы камітэт завёў крымінальную справу за забойства двух і больш чалавек. Паводле ч. 2 арт. 139 Крымінальнага кодэксу Рэспублікі Беларусь нападніку могуць прысудзіць ад 8 да 12 гадоў турмы.
Радыё Свабода