Статкевіч падчас вызвалення з турмы казаў: «Дайце нам даседзець!»

25 сакавіка Міколу Статкевіча затрымалі аб 11 гадзіне пры выхадзе са свайго дома ў Лошыцы. Адвезлі спачатку ў Ленінскае РУУС, а потым у турму на Акрэсціна, дзе палітыка пратрымалі 8 гадзін, а ўвечары нечакана вызвалілі разам з Уладзімерам Някляевым, Вячаславам Сіўчыкам, Максімам Вінярскім, Яўгенам Афнагелем, Леанідам Кулаковым, паведамляе "Радыё Свабода"

Мікола Статкевіч ля турмы на Акрэсьціна (архіўнае фота "Радыё Свабода")

Мікола Статкевіч ля турмы на Акрэсьціна (архіўнае фота "Радыё Свабода")


Да 25 сакавіка палітык Мікола Статкевіч 8 дзён не выходзіў з хаты, бо цэлы квартал быў заблакаваны міліцэйскімі машынамі. Двойчы міліцыянты грукалі ў брамку, але ніхто не выходзіў, а ўрывацца ў хату яны не адважыліся.

Палітык спадзяваўся на незалежных журналістаў, напісаў у «Фэйсбуку», каб яго суправадзілі раніцай 25 сакавіка да плошчы Якуба Коласа. Але не ўсе змаглі дабрацца: раніцай быў заблакаваны не толькі квартал, дзе жыве Статкевіч, але і ўезд з вуліцы Маякоўскага на вуліцу Чыжэўскіх.

«Калі мяне везлі ў пастарунак, я бачыў, што на павароце з Маякоўскага на Чыжэўскіх павесілі „цагліну“, а гэта вуліца даволі ажыўленая, па ёй ходзіць цывільны транспарт. Да майго дома здолелі даехаць нейкім чынам журналісты „Еўраньюс“ і журналіста „Белсату“ нехта давёў літаральна „агародамі“. Калі я выйшаў з дому, выезд з варотаў быў заблакаваны міліцэйскай машынай, я спрабаваў трапіць у таксоўку да „Еўраньюс“. Мяне затрымалі. Жонка паднесла падрыхтаваныя для турмы рэчы, я пачаў крычаць, каб яна ішла назад, але яе таксама прымусілі сесці ў машыну», — расказаў Мікола Статкевіч.

Прывезлі іх у Ленінскае РУУС, патлумачылі, што ён не адседзеў тэрмін 10 сутак, які яму прысудзіў суд Маскоўскага раёну яшчэ ў кастрычніку — «за несанкцыянаваны пікет каля Цэнтру ізаляцыі правапарушальнікаў на Акрэсціна ў выглядзе інтэрв’ю „Белсату“».

Марыну Адамовіч адпусцілі, калі яна пачала здымаць на тэлефон. На акцыю на плошчу Якуба Коласа Марына спазнілася, бо ў ейнай машыне нажом былі парэзаныя шыны. Тое самае адбылося і з машынай «Опель» 2002 году, якая належыць бацьку Статкевіча. Колы настолькі сапсаваныя, што аднаўленню не падлягаюць.

Ну а Статкевіча з міліцыі Ленінскага раёну павезлі ў турму на Акрэсціна.

«Пасадзілі мяне ў камеру са „стукачом“. 8 гадзін я адседзеў там, а потым кажуць: „З рэчамі на выхад. Падумаў, што вызваляюць камеру для арыштаваных пасля акцыі. Калі я выйшаў, убачыў Кулакова, Вінярскага ды іншых. Атрымліваецца, што я адседзеў 8 гадзін з 10 сутак.

Я ўчыніў скандал: маўляў, мне трэба адбыць 240 гадзін, калі я буду адседжваць па 8 гадзін, мяне будуць 30 разоў арыштоўваць?“ Там усе пратэставалі — „Дайце нам даседзець“. Таму, шчыра кажучы, не радуе гэтае вызваленне нікога з нас».

Статкевіч кажа, што цяпер яму давядзецца жыць у напружанні ўвесь час, бо ў любы момант могуць зноў забраць. Да таго ж на Статкевіча складзены пратакол за заклікі выйсці на акцыю 25 сакавіка.